Вы тут

Пётр Франко. Сын Каменяра, дзіця Украіны


Імя ўкраінскага пісьменніка, навукоўца-хіміка, аднаго з першых украінскіх авіятараў Пятра Франко (1890—1941) малавядомае не толькі ў нас, але і ва Украіне. На Бацькаўшчыне ён пакуль застаецца ў ценю свайго бацькі, сусветна вядомага пісьменніка Івана Франко (1856—1916), незадоўга да смерці намінаванага на Нобелеўскую прэмію. Аўтарам выдання «Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар: біяграфічны нарыс», якое летась пабачыла свет у сталічным выдавецтве «Друк-С», з’яўляецца Юры Кур’яновіч.


Нашаму чытачу будзе цікава азнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Пятра Франко — тым больш, што лёс яго ў нечым агульны з лёсамі многіх беларускіх пісьменнікаў той драматычнай эпохі: падпольная праца, скіраваная супраць палітыкі асіміляцыі і польскага нацыянальнага ўціску, пагрозы арышту, вобыскі, звальненні з пасад, спробы знайсці прымяненне сваім прафесійным ведам у Савецкай Украіне і немагчымасць маўчаць пра тое, сведкам чаго ён быў: галадамор, рэпрэсіі НКВД (пры добрым разуменні немінучай расплаты за гэта). Калі тэрыторыя Галіччыны, дзе жыў П. Франко, увайшла ў склад Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, савецкая ўлада напоўніцу выкарыстоўвала пісьменніка ў прапагандысцкіх мэтах (што, дарэчы, не абмінула і беларускі творчы бамонд, варта згадаць хаця б Янку Купалу і Якуба Коласа)... Як зазначае Юры Кур’яновіч, на пасадзе дэпутата Народнага сходу Заходняй Украіны і Вярхоўнага Савета УССР Пятро Франко выявіўся далёка не пасіўным выканаўцам волі прадстаўнікоў улады, бо быў чалавекам з уласнай думкай і даволі незалежнымі ўчынкамі — дзякуючы дэпутацкім паўнамоцтвам нярэдка заступаўся за людзей і выратоўваў іх ад арышту НКВД.

Тысячы суайчыннікаў  — нашчадкаў бязвінна загінулых падчас рэпрэсій 1930  — 1940-х  гадоў — не могуць прыйсці на магілы сваіх продкаў, бо ў лепшым выпадку ў дакументах аб рэабілітацыі значыцца толькі месца выканання прысудаў. Гэтаксама і родныя Пятра Франко не ведалі, дзе ён пахаваны (і ці быў пахаваны ўвогуле). Ніхто гэтага не ведае і дасюль. Дый пра смерць пісьменніка доўгі час амаль нічога не было ясна. І  толькі расшыфраваная тэлеграма НКВД СССР ад 06.07.1941, накіраваная з Кіева наркаму дзяржаўнай бяспекі Усеваладу Мяркулаву (рассакрэчана ў 2016 годзе), сведчыць пра тое, як абарвалася жыццё адданага сына ўкраінскага народа: разам з іншымі нацыянальнымі дзеячамі П.  Франко быў арыштаваны і расстраляны. Рэзалюцыя аб мэтазгоднасці расстрэлу падпісаная Берыям, Молатавым і Малянковым...

Акрамя расповеду Юрыя Кур’яновіча пра Пятра Франко пад вокладкай выдання змешчаны і творы апошняга: успаміны «Іван Франко зблізу (пяць партрэтаў)»  — бадай, адна з першых спроб адлюстравання вобраза пісьменніка ў мастацкай літаратуры (цалкам па-беларуску друкуюцца ўпершыню)  — і два апавяданні, таксама ўпершыню пераствораныя Ю.  Кур'яновічам па-беларуску: «У Херсоне» і «Руды пацук». Напісаныя жывой каларытнай мовай, з немалой доляй гумару, яны распавядаюць пра вясёлыя прыгоды: заляцанні да прыгожай паненкі і лоўлю пацука на гандлёвай барцы ўсёй яе камандай. Ва ўспамінах Пятра Франко пра бацьку расказваецца, як жыла сям’я вялікага пісьменніка, якімі былі ўзаемаадносіны паміж пакаленнямі: утрымліваецца нямала звестак пра побыт і стасункі з сябрамі, сярод якіх былі знакамітыя пісьменнікі, навукоўцы, святары. У любога, хто азнаёміцца з акалічнасцямі жыцця ўкраінскага пісьменніка, хутчэй за ўсё з’явіцца жаданне адкрыць для сябе свет яго твораў. Менавіта ў гонар Івана Франко ў 1962 годзе горад Івана-Франкоўск атрымаў сваю назву, а загаловак алегарычнай паэмы «Каменяры» (дзе апісваецца барацьба ўкраінскага народа супраць нацыянальнага прыгнёту) стаў сімвалам адраджэння ўкраінскай культуры. Каменяром сталі метафарычна называць і самога Івана Франко.

Не менш цікавым падаецца і нарыс Іванкі Міліянчук «Мая сястра Надзея Франко» пра ўнучку Пятра Франко, якая нарадзілася ў лагеры ў Запаляр’і, куды на катаржныя работы ў шахты Варкуты была сасланая дачка пісьменніка Вера (бо з пачатку вайны да яе заканчэння знаходзілася ў Германіі ў лагеры смерці Равенсбрук). Нарыс быў напісаны старэйшай сястрой Надзеі адмыслова для гэтага выдання. Пад вокладкай кнігі ёсць прысвячэнне: «Светлай памяці Надзеі Іванаўны Франко». Гавораць, што нічога выпадковага не бывае. Так, знаёмства аўтара гэтага выдання, перакладчыка твораў Пятра Франко з яго ўнучкай і праўнучкай вялікага Каменяра, якое адбылося падчас адпачынку, выпадковым назваць нельга: яно стала пачаткам цікавасці беларускага літаратара да творчасці вялікага сына вялікага бацькі, мэтанакіраванай пошукавай працы ў архівах і музеях Украіны. А таксама і доўгага, цёплага сяброўства з Надзеяй Іванаўнай.

Кніга адрасавана шырокаму колу чытачоў, гісторыкам і літаратуразнаўцам, усім, хто цікавіцца ўкраінска-беларускімі літаратурнымі сувязямі.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.