26 верасня, субота

Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» наведалі Рэспубліканскі цэнтр кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС


Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень пажарнай службы. Звычайна ў выхадныя напярэдадні гэтага свята ратавальнікі ладзілі вялікую святочную праграму ў сталічным парку Горкага, куды збіраліся тысячы чалавек. Сёння ж на гэтай пляцоўцы запланаваны святочны канцэрт, парад плавальных сродкаў, а таксама выстаўка спецыяльнай тэхнікі і дэманстрацыя як пажарна-тэхнічнага ўзбраення, так і элементаў баявой работы.


Пры гэтым грэх, згадзіцеся, абмінуць увагай прафесійнае свята спецыялістаў, якія заўсёды спяшаюцца на дапамогу. Таму карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў Рэспубліканскі цэнтр кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Ён функцыянуе з 1999 года, з таго часу, як ведамства было вылучана са складу МУС. А некалькі гадоў таму Цэнтр пераехаў у новы сучасны будынак у цэнтры горада.

— У першую чаргу мы назіраем за крыніцамі з'яў, якія могуць нашкодзіць жыццю і здароўю чалавека або аб'ектам інфраструктуры, — адзначае галоўны спецыяліст аддзела маніторынгу і прагназавання надзвычайных сітуацый Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Аляксей Андрэенка. — У нашым арсенале разнастайныя сродкі маніторынгу — пункты наземнага назірання, авіяцыйны, і касмічны. Усе яны дазваляюць на ранняй стадыі заўважыць небяспеку.

Асабліва гэта важна ў выпадку пажараў у экасістэмах. Красавік у Беларусі апошнім часам стаў цёплы і засушлівы, а вось дастатковае снегавое покрыва ўтвараецца далёка не заўжды. Як вынік — складваецца вельмі спрыяльная абстаноўка для таго, каб дзесьці ў гушчары ўзнікла ўзгаранне праз недатушаную цыгарэту або вогнішча. У зоне максімальнай рызыкі — поўдзень Беларусі, які мала таго што больш церпіць ад недахопу ападкаў і вышэйшых тэмпературных паказчыкаў, дык у яго праз балоты часам і падабрацца вельмі няпроста. Тут на дапамогу прыходзіць спадарожнік.

— Трэба таксама ўлічваць, што частка Гомельскай вобласці мяжуе з зонай адчужэння Чарнобыльскай АЭС з украінскага боку, — працягвае суразмоўца. — Такім чынам, калі ўзнікае пажар у той мясцовасці, то наземнымі сродкамі адсачыць яго своечасова вельмі складана. Вось таму ён і пашыраецца да вялікіх маштабаў, наносячы значны ўрон, як гэта было сёлета. Каб такога не дапусціць на нашай тэрыторыі, мы задзейнічаем сістэму касмічнага зандзіравання Зямлі. За суткі некалькі дзясяткаў разоў атрымліваем фотаздымкі, якія дазваляюць выявіць пункты, што патэнцыйна могуць аказацца пажарамі. Інфармацыя пра гэта тут жа перадаецца ў нашы тэрытарыяльныя падраздзяленні, якія і выходзяць на сувязь з уласнікамі зямлі, для таго каб удакладніць, што ж там адбываецца. Калі ніякай інфармацыі атрымаць не ўдаецца, то ратавальнікі на месцах адпраўляюцца высвятляць сітуацыю. Такім чынам пажар можна ліквідаваць на ранняй стадыі. Больш за тое, касмічны апарат дазваляе бачыць скрозь дым і рэгістраваць нізавыя пажары — а менавіта яны разносяць агонь на большую тэрыторыю. Дарэчы, спадарожнік дапамагае ўбачыць і тарфяны пажар. Шчыльнасць дыму ад такога агню вельмі нізкая, і здалёк ён нагадвае туман. Апарат жа вызначае тэмпературу паверхні. У выпадку падземнага пажару яна нагрэецца куды больш за зямлю навокал, дзе агню няма. Вось за кошт гэтай розніцы і выяўляюцца ўзгаранні. Адсочваць пажары на тэрыторыі нашай краіны дапамагае пашыраная беларуска-расійская групоўка спадарожнікаў. Яна складаецца з шасці апаратаў, якія здольныя рабіць і перадаваць здымкі ў высокім разрозненні. Ачагі прывязваюцца да канкрэтных каардынат, каб і нашы падраздзяленні на месцах, і супрацоўнікі структур Мінлясгаса, і авіяцыя ведалі, куды трэба адпраўляцца.

...У той час, калі адбывалася наша гутарка, маніторы аператыўнай залы Цэнтра паказалі цеплавую анамалію непадалёк ад Бабруйска. Пазней паступіла інфармацыя пра тое, што там адбылося. Высветлілася, што ў адной з вёсак гарэла пуня.  І вось такое кропкавае ўзгаранне было зарэгістравана з вышыні некалькіх соцень кіламетраў. Магчымасці ўражваюць!

— Пры гэтым мы можам арганізаваць відэаканферэнцсувязь і перадаваць відэа з месца надзвычайнай сітуацыі ў рэжыме рэальнага часу, — заўважае Аляксей Андрэенка. — Напрыклад, калі ў красавіку гэтага года паблізу нашых граніц у чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны бушаваў магутны пажар, то мы з нашай тэрыторыі маглі адсочваць змяненне яго плошчы і напрамак распаўсюджвання. Пры гэтым накладвалі, вядома, і звесткі са спадарожніка.

Назіранне з космасу можа выявіць не толькі пажар, але і небяспечныя гідралагічныя з'явы. У Цэнтр таксама сцякаюцца даныя сеткі назіранняў сейсмічнага і радыенукліднага маніторынгу. Аператары маюць аператыўны доступ да адпаведнай інфармацыі, каб самастойна аналізаваць штуршкі зямной паверхні і сітуацыю па радыенуклідах. Апошняе дазваляе вызначыць месца іх выкіду.

— Між іншым, калі адбываюцца пажары ў чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны, то адразу ж узнімаецца пытанне — ці не павысіўся праз гэта радыяцыйны фон? — згадвае спецыяліст. — Насамрэч, яго змяненні на нашай тэрыторыі калі і ёсць, то настолькі мікраскапічныя, што нават сучаснае абсталяванне не можа зафіксаваць падобнага павышэння. Пры гэтым мы разумеем, што людзі хочуць ведаць рэальную абстаноўку. Таму мы пастаянна перадаем усе атрыманыя звесткі з радыеэкалагічнага маніторынгу ў Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. А далей яны публікуюцца ў вольным доступе ў інтэрнэце.

Сярод задач Цэнтра — і апавяшчэнне насельніцтва пра ўзнікненне або пагрозу надзвычайнай сітуацыі. Адбываецца гэта праз усе магчымыя каналы сувязі. Дарэчы, да стварэння мабільнай праграмы «Дапамога побач», пра якую расказвала «Звязда», спецыялісты Цэнтра таксама прыклалі руку.

— У такім выпадку будзе запушчана аўтаматызаваная сістэма цэнтралізаванага апавяшчэння. Мы ўсе пачуем гук сірэн. Сігналы радыё і тэлебачання будуць перахоплены. На беларускіх каналах пойдзе бягучы радок, а праз аператараў сотавай сувязі пачнецца масавая рассылка SMS-паведамленняў.

І тады ж асноўная работа разгорнецца ў сэрцы Цэнтра — аператыўнай зале. У звычайным рэжыме там працуе дзяжурная змена, якая збірае і перадае ўсю інфармацыю па ліквідацыі надзвычайных сітуацый у краіне, у тым ліку і ва ўрад. Пры неабходнасці яна тут жа будзе ўзмоцнена. У зале таксама зарэзервавана некалькі рабочых месцаў — для камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Пажар убачыць спадарожнік

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.