Вы тут

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць


Напэўна, у кожнага з нас ёсць свае асаблiвыя месцы — сiмвалы памяцi пра Вялiкую Айчынную вайну. У «звяздоўцаў», напрыклад, гэта помнiк рэдактару першага падпольнага нумара газеты Уладзiмiру Амельянюку каля Чырвонага касцёла ў Мiнску, востраў Зыслаў на Любаншчыне, дзе знаходзіўся партызанскi аэрадром i выдавалiся «Звязда», «Чырвоная змена», «Клiч Радзiмы». У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi, лаўрэата Ленiнскай прэмii, прэмii Ленiнскага камсамола i двойчы лаўрэата Дзяржпрэмii Беларусi, заслужанага архiтэктара Леанiда Левiна, якi разам з суаўтарамi Юрыем Градавым, Валянцiнам Занковiчам, скульптарам Сяргеем Селiханавым стварыў мемарыял памяцi ўсiх спаленых вёсак Беларусi.


Галіна Левіна на прэзентацыі кнігі аб Трасцянцы.

— Хатынь — той помнiк, якi з дзяцiнства запаў у душу i прайшоў праз усё жыццё, — кажа Галiна Левiна. — Нават у дзень вяселля мы ўтраiх з мужам i бацькам паехалi на машыне менавiта туды — спынялiся, каб зрабiць на памяць здымкi ў лесе, а напрыканцы ўсклалi кветкi да мемарыяла. Гэта не штосьцi пафаснае, паказное, а глыбокая, асабiстая для мяне гiсторыя.

Сёння Галiна Левiна кiруе творчай майстэрняй архiтэктара Леанiда Левiна i ўдзельнiчае ўц рабоце культурна-асветнiцкай гiстарычнай майстэрнi яго iмя, узначальвае грамадскае аб'яднанне «Рэспублiканскi фонд «Халакост» i стварае ўсё новыя мемарыялы па ўшанаваннi памяцi ахвяр нацызму. Трасцянец, Бабруйск, Глуск, Дзяржынск, Мiнск — толькi частка немалога спiсу адрасоў, дзе знаходзяцца яе работы. У юбiлейны год Перамогi разважаем з Галiнай Леанiдаўнай аб тым, чаму i праз 75 гадоў пасля завяршэння Вялiкай Айчыннай вайны так важна захоўваць нашу агульную гiстарычную памяць, успамiнаць кожнае злачынства i кожнага загiнулага пайменна.

— 15 гадоў таму была адкрытая Алея праведнiкаў у Бабруйску — здаецца, першая ў Беларусi?

— Першая ўсё-такi была алея на мемарыяле «Яма» ў Мiнску, i яна ад самага пачатку планавалася бацькам як парк памяцi ў знак пашаны праведнiкаў свету. На жаль, тады была рэалiзаваная толькi невялiкая частка праекта. А ў Бабруйску, вы маеце рацыю, мемарыял стаў першым значным i сфармуляваным асобна месцам павагi людзям, якiя выратоўвалi яўрэяў, рызыкуючы ўласным жыццём. Вельмi важна, на мой погляд, што Алея размешчана ў цэнтры горада i ёсць адпаведны ўказальнiк. Бо ў нас iснуе вялiкая праблема з адсутнасцю iнфармацыйных стэндаў пра той цi iншы мемарыял, таму ўзнiкае шмат пытанняў нават у маладога пакалення мясцовых жыхароў, а тым больш у турыстаў, якiя альбо не могуць знайсцi помнiк, альбо, знаходзячы, не ведаюць, што ён сабой уяўляе, бо не атрымлiваюць тлумачэнняў. I вось у Бабруйску гэту праблему якраз вырашылi.

— Дзе яшчэ з'явiлiся падобныя мемарыялы з 2005 года, а дзе iх пакуль няма, але варта было б стварыць?

— Люблю такiя пытаннi, — усмiхаецца Галiна Левiна. — Рэч у тым, што мы як творчыя людзi не лiчым свае работы: ты настолькi знаходзiшся ўнутры працэсу захавання памяцi, што неяк не ўзнiкае думкi падлiчваць помнiкi, хоць насамрэч гэта правiльна i важна ведаць, колькi iх сёння ў Беларусi... Безумоўна, помнiкаў з'явiлася многа. У 2014 годзе, пасля сыходу з жыцця Леанiда Левiна, быў рэалiзаваны па яго задуме помнiк «Ахвярам фашызму» на тэрыторыi Бабруйскай крэпасцi, дзе змяшчаўся лагер для ваеннапалонных, — яго аўтары Леанiд Левiн, Аляксандр Шапо, Аляксандр Капылоў i я. Гэты помнiк жыве i стаў часткай гiсторыi горада.

Але некаторыя цiкавыя праекты, на жаль, так i не былi рэалiзаваныя — як, напрыклад, Ксаверава недалёка ад Мiнска. Жанчына расказала, што тут у гады Вялiкай Айчыннай вайны ў доме яе дзядулi спалiлi людзей... Там стаяў знак, потым пахаванне перанеслi на вясковыя могiлкi, а знак заставаўся, але знаходзiўся ўжо ў дрэнным стане. I вось гэтая жанчына хацела за ўласныя грошы паставiць новы помнiк. Мы са скульптарам Аляксандрам Шапо распрацавалi яго iдэю — простую, але вельмi эмацыянальную; помнiк нават прайшоў манументальную мастацкую раду, але потым, на жаль, усё прыпынiлася, кантакты згубiлiся i не знайшлося каму працягнуць справу... Сэрца настолькi ў добрым сэнсе перапоўнена гэтымi гiсторыямi, якiя адбывалiся ў розных кутках Беларусi, што кожны раз, калi мы маем магчымасць дапамагчы людзям расказаць яшчэ адну канкрэтную гiсторыю i стварыць яшчэ адзiн аб'ект памяцi, канешне, спрабуем дапамагчы.

Ведаеце, пра што яшчэ падумалася: мы прывыклi расказваць пра помнiкi ў адным фармаце, але насамрэч якое месца нi вазьмi — тая ж Бабруйская крэпасць, альбо сядзiба ў Чырвоным Беразе, альбо многiя iншыя, — яны ўсе шматслойныя. Яны ўтрымлiваюць памяць розных часоў — XVIII стагоддзя, Сярэднявечча i ранейшых перыядаў, на якiя накладваецца яшчэ i трагедыя Вялiкай Айчыннай вайны, i ўсё гэта настолькi шчыльна пераплецена...

— Год таму, калi вы расказвалi пра работу над мемарыяльным комплексам у Трасцянцы, уразiла ўвага да дэталяў: 800 метраў «Апошняга шляху» да месца расстрэлаў, лаўкi, па памеры адпаведныя плошчы, адведзенай гiтлераўцамi на кожнага чалавека ў эшалонах смерцi... Не ўсе дэталi ўдалося ўвасобiць у 2018 годзе, калi адкрывалася другая чарга комплексу. Якiя рэчы хацелася б яшчэ дасказаць?

— Так, праект «Апошнi Шлях» у Благоўшчыне быў рэалiзаваны не ў поўным аб'ёме, задуманым творчай групай пад кiраўнiцтвам архiтэктара Леанiда Левiна (архiтэктары Галiна Левiна, Аляксандр Капылоў, скульптары Максiм Пятруль, Канстанцiн Селiханаў, Аляксандр Шапо). На той момант не ўдалося зрабiць шэраг скульптур, тры з якiх, зрэшты, пасля адкрыцця прайшлi манументальна-мастацкую раду i атрымалi «дабро»: гэта пакiнутыя чамаданы, перакулены дом i перакуленае дрэва. Пытанне ў адсутнасцi фiнансавання на бягучы момант. Але, як мы лiчым, усё-такi важна ўстанавiць такiя знакi, як перакуленая менора (залаты сямiствольны свяцiльнiк, адзiн з найбольш старажытных сiмвалаў iудаiзму. — «Зв.») i сiмвалы iншых канфесiй, для таго каб наступнае пакаленне разумела маштабы Халакосту, трагедыi вайны для ўсяго чалавецтва, незалежна ад нацыянальнасцi i веравызнання. Таму праца ў гэтым кiрунку будзе працягвацца. Таксама ўжо ў ходзе работы з'явiлася iдэя паказаць на Плошчы Парадоксаў элементы брукаванкi з беларускiх гарадоў i тых гарадоў Еўропы, адкуль былi прывезеныя вязнi ў Трасцянец, — Мiнска, Полацка, Берлiна, Брно, Гамбурга, Вены i iншых. На мой погляд, гэта асаблiва пачуццёвы момант успрымання помнiка — на ўзроўнi дэталяў паказаць, як увесь свет быў уцягнуты ў гэта шаленства нянавiсцi. Немагчыма растлумачыць, чаму ў галаву прыходзяць менавiта такiя дэталi, — мы адчуваем так, хтосьцi адчувае iнакш. Але чаму я навучылася ад бацькi i што здаецца мне вельмi важным у манументальным мастацтве — апярэджваць час i застацца ў часе, як гэта было з Хатынню. Колькi б нi стваралi помнiкаў спаленым вёскам, а Хатынь непаўторная — менавiта гэтае слова ўжывалi эксперты, калi вылучалi аўтараў комплексу на Ленiнскую прэмiю. Не ўнiкальная, не цудоўная, не iншыя эпiтэты — менавiта непаўторная. Таму я ў сваёй творчасцi нiколi не змагу выкарыстаць фактуру абпаленага дрэва ў бетоне — бо гэта ўжо было выкарыстана — i трэба шукаць новыя творчыя прыёмы, дэталi, якiя перададуць тваю задуму.

29 чэрвеня 2018 года. Ва ўрочышчы Благаўшчына на тэрыторыі былога лагера смерці Трасцянец прайшоў мітынг-рэквіем з удзелам прэзідэнтаў трох краін — Беларусі, Германіі і Аўстрыі.

— Працуючы над мемарыяламi ахвярам Вялiкай Айчыннай вайны, вы так цi iнакш прапускаеце праз сябе жахлiвыя гiсторыi i факты, ад якiх, шчыра кажучы, сцiскаецца сэрца i валасы становяцца дыбарам. Як гэта вытрымаць i не сарвацца ў роспач?

— У аўтара заўжды ёсць час быць аднаму i вывучыць матэрыялы, час даць волю эмоцыям, асэнсоўваючы тое, што адбывалася. Гэта вельмi важна, бо, сапраўды, працуючы з архiўнымi дакументамi, сустракаючыся з роднымi загiнулых, мы даведваемся пра тыя акалiчнасцi, якiя не трапяць у падручнiкi па гiсторыi. Перажываючы ўсё гэта, мы выпрацоўваем пэўную персанальную i калектыўную адказнасць, бо працуем жа не паасобку, а ў камандзе, — адказнасць за тое, што пачутае, зведанае трэба перадаць. Працуючы над Трасцянцом, мы ўсёй творчай групай выязджалi на месца i лiтаральна па кроках вымяралi: вось тут стаялi вагоны — адзiн, другi, тут iшлi людзi — каб помнiк атрымаўся праўдзiвы. Мы нячаста гаворым пра гэта публiчна, але насамрэч нашы пачуццi — самае дарагое, гэта датычыцца любой тэмы: i спаленых вёсак, i Халакосту, i трагедыi дзяцей, i жаночых лёсаў падчас вайны, i жыцця на акупаваных тэрыторыях. Усё гэта не канструктар i не чарцёж, а вельмi глыбокiя перажываннi многiх людзей, i таму на публiцы ты не маеш права паказваць толькi свае пачуццi. Ёсць яшчэ прафесiйныя балючыя моманты — напрыклад, няма такога матэрыялу, які табе патрэбны, альбо ёсць, але вельмi дарагi, i даводзiцца шукаць кампрамiсы... Мне здаецца, помнiкi — рэч надзвычай патрэбная, але не iмгненныя, пад уплывам моманту, а выпакутаваныя, перажытыя, зробленыя безумоўна з падтрымкай на дзяржаўным узроўнi, але не фармальна, а асэнсавана.

— Летась планавалi паставiць памятны знак «Праведнiкi свету» каля мемарыяла «Яма» ў Мiнску, нават рыхтавалiся абвясцiць краўдфандынг для збору сродкаў. На якiм этапе сёння гэты праект?

— Гэтым праектам займалася, у прыватнасцi, Беларускае таварыства аховы помнiкаў гiсторыi i культуры, Саюз беларускiх яўрэйскiх грамадскiх аб'яднанняў i абшчын. Эскiз прайшоў узгадненне ў манументальна-мастацкай радзе пры Мiнгарвыканкаме, але, зноў жа, пытанне ў фiнансах. На мой погляд, у рабоце з помнiкамi не трэба саромецца прасiць падтрымкi з мясцовых бюджэтаў. Бо чым далей мы ад падзей Вялiкай Айчыннай вайны, тым большая патрэба ў захаваннi памяцi, мясцовай гiсторыi — таму трэба шукаць магчымасцi рэалiзацыi падобных праектаў.

Напрыклад, у Вiлейцы хочуць паставiць яшчэ адзiн помнiк, памятныя знакi на месцы розных падзей, якiх было багата. Некалькi тыдняў таму мы з iнiцыятыўнай групай абмяркоўвалi праект стварэння памятнага месца, якое аб'яднала б асобныя помнiкi на месцы масавага знiшчэння яўрэяў Лагойска i Гайны. Цяпер у нас вельмi цiкавая работа ў Дзяржынску. Апошнiм часам шмат гавораць пра ўвекавечанне памяцi ў Масюкоўшчыне. Наогул цiкава — грамадскасць, у тым лiку маладое пакаленне, гатовая да ўключэння ў сучасны гарадскi ландшафт старонак жывой гiсторыi. Калi месцiчам важныя тыя цi iншыя тэмы, для шырокай аўдыторыi, магчыма, невядомыя, iх трэба чуць. Другi важны аспект — клопат, беражлiвае захаванне памятных аб'ектаў, бо добраўпарадкаваць iх — не значыць раз на год пафарбаваць у белы колер. Да ўтрымання некаторых помнiкаў, што з'яўляюцца гiсторыка-культурнай каштоўнасцю, ёсць пытаннi. Часам людзi проста не ведаюць, што бронзавыя цi сiлумiнавыя скульптуры нельга фарбаваць чорнай алейнай фарбай. Значыць, патрэбная папулярызацыя гэтых ведаў, канферэнцыi цi майстар-класы са спецыялiстамi, каб разам захаваць помнiкi ў належным стане. Таму для мяне вельмi важна падтрымлiваць кантакты з супрацоўнiкамi музеяў па ўсiх адрасах, дзе мы працавалi.

— Штогод абмяркоўваючы важнасць захавання гiстарычнай памяцi, дзiка чуць i чытаць, што ў iншых краiнах знiшчаюцца помнiкi. На ваш погляд, што за гэтым стаiць — кароткая памяць, няведанне, цынiзм i жаданне перапiсаць гiсторыю?

— Гэта насамрэч непакоiць i падштурхоўвае да разваг. Мне здаецца, каб абаранiць сябе ад бяспамяцтва, варта вярнуцца да практыкi, якая была раней у школах, — не факультатыўныя, а абавязковыя экскурсii па мемарыяльных комплексах, якiя даюць не толькi больш глыбокiя веды па гiсторыi, але i зусiм iншае стаўленне да мiнулага. Адна рэч наведваць помнiкi ў святы, раз-два на год, i другая — калi яны становяцца неад'емнай часткай жыцця, штодзённай натуральнай адукацыяй, якую, на мой погляд, павiнны мець права атрымлiваць усе грамадзяне Рэспублiкi Беларусь. Тым больш што многiя з гэтых помнiкаў — гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, сапраўдныя шэдэўры архiтэктуры. Таму вандалiзм i непавага да iх павiнны быць спыненыя з пункту гледжання закону.

Ад эскізу да ўвасаблення

— Напэўна, не памылюся, мяркуючы, што ўвекавечанне памяцi для вас — не толькi прафесiя i нават не толькi бацькава спадчына, а справа жыцця?

— Гэта i глыбока асабiстая, сямейная гiсторыя, i адчуванне каласальнай падтрымкi ад людзей, якiя тэлефануюць i просяць дапамагчы ў стварэннi помнiкаў... Што лiчу галоўным? Усё, што ўжо зроблена. Але ў мяне такое адчуванне, што наперадзе яшчэ шмат цiкавага, якое трэба зрабiць, намаляваць, сказаць i напiсаць. Нават калi тое цi iншае месца не ўдаецца ўвекавечыць, гэта вельмi многа дае — новую iнфармацыю, штуршок для далейшай работы, пачуццё судакранання, суперажывання. Так было ў Пагосце Салiгорскага раёна. Шмат гадоў таму я пабывала там упершыню па запрашэннi мясцовай ураджэнкi i яўрэйскай абшчыны. Жанчына праз усё жыццё пранесла гiсторыю пра сваю аднакласнiцу — знiшчаную карнiкамi яўрэйскую дзяўчынку — i iнiцыявала стварэнне помнiка. I гэта настолькi каштоўна — жывая памяць, якая застаецца нават тады, калi сыходзяць пакаленнi, калi падзеi становяцца толькi фактамi i дакументамi. Вельмi важна нам у сучасным свеце не страцiць суперажыванне, чалавечнасць.

Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.