Вы тут

Прэзідэнт Беларусі Ёзэфу Мігашу: Рэдка такія паслы сустракаюцца, якія дзейнічаюць часам па волі сэрца


Аляксандр Лукашэнка ўручыў Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ёзэфу Мігашу ордэн Францыска Скарыны. Прыём адбыўся ў Палацы Незалежнасці з нагоды заканчэння місіі славацкага дыпламата ў нашай краіне.


Такія сустрэчы на развітанне — знак пашаны з боку беларускага лідара дыпламатам за значны ўклад у развіццё двухбаковых адносін. Гэтай вясной падобным чынам Прэзідэнт Беларусі дзякаваў сербскаму паслу, тады, дарэчы, зайшла гутарка і пра славацкага дыпламата. Нагодай стала рашэнне Ёзэфа Мігаша ўдзельнічаць у сёлетнім парадзе Перамогі ў Мінску, нягледзячы на палітыку каранціну, якой прытрымлівалася кіраўніцтва краін Еўрасаюза падчас пандэміі каранавіруса.

Аляксандр Лукашэнка назваў гэта рашэнне славацкага пасла годным учынкам і пазней падпісаў указ аб узнагароджанні яго ордэнам Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Славакіяй.

«Гэта не проста пратакольная сустрэча, хоць не без гэтага, — звярнуўся сёння кіраўнік дзяржавы да Ёзэфа Мігаша. — Вы сапраўды прадэманстравалі мужны ўчынак, і не толькі беларусы гэта ўбачылі, убачыў увесь свет. ...Рэдка такія паслы сустракаюцца, якія дзейнічаюць часам па волі сэрца, але тым не менш яны ёсць».

Беларуска-славацкія адносіны Аляксандр Лукашэнка назваў «вельмі добрымі», але разам з тым выказаў незадаволенасць памерам тавараабароту — 220 мільёнаў долараў.

«Калі ўлічыць, што не было ніякага, гэты рост значны, але мы можам больш. Мы гатовы супрацоўнічаць самым шчыльным чынам з вашай цудоўнай Славакіяй», — сказаў ён.

Беларусам ёсць чаму вучыцца ў славакаў, лічыць Прэзідэнт, пачынаючы ад спорту і заканчваючы «пытаннямі прамысловага развіцця».

«Мы гатовы ісці на больш глыбокае супрацоўніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і запрасіў спадара Мігаша асабіста ўдзельнічаць у гэтым.

Ёзэф Мігаш у сваю чаргу падзякаваў Прэзідэнту Беларусі і ўсяму беларускаму народу за высокую ацэнку яго ўчынку і паўтарыў, што, калі б сітуацыя паўтарылася, ён зрабіў бы тое ж самае.


Ёзэф Мігаш: Інакш я не мог зрабіць

«Гэта наша агульнае, святое свята, і я гэта зрабіў згодна са сваімі перакананнямі, у адпаведнасці з гонарам, як сын партызана, які вырас на гісторыі бацькі, — пракаментаваў журналістам сваё рашэнне пра ўдзел насуперак рэкамендацыям свайго кіраўніцтва ў мінскім парадзе 9 мая Ёзэф Мігаш. — Інакш я не мог зрабіць».

Прэзідэнт Беларусі высока ацаніў і тую работу, якая была зроблена славацкай дыпламатычнай місіяй за апошіня гады, дадаў ён.

«Калі падымемся да паўмільярда еўра — гэта будзе адэкватна таму, што мы можам»

Пасол Славакіі лічыць, што за гэты час удалося зрабіць сапраўдны прарыў у палітычных адносінах дзвюх краін.

«У 2016 годзе ў лістападзе адбыўся першы за ўсю гісторыю адносін візіт нашага прэм’ера, і гэта быў першы візіт прэм’ера краіны Еўрасаюза, — нагадаў ён. — Пачалася цэлая плеяда адносін паміж міністэрствамі і прадпрымальнікамі. Гэта быў важны момант у гісторыі нашых адносін».

Разам з тым, спадар пасол згодны з кіраўніком беларускай дзяржавы наконт недастатковасці ўзроўню эканамічных адносін.

«Калі падымемся да паўмільярда еўра — гэта будзе адэкватна таму, што мы можам», — назваў ён пажаданую лічбу тавараабароту, якая была агучаная ў размове з кіраўніком беларускай дзяржавы.

Ёзэф Мігаш спадзяецца, што зможа ўнесці і асабісты ўклад у развіццё беларуска-славацкага эканамічнага супрацоўніцтва, бо мае багаты вопыт работы ў постсавецкіх краінах.

«Славацкія прадпрымальнікі зацікаўленыя ў маёй дапамозе ў якасці дарадцы і кансультанта», — сказаў ён.

У размове з Прэзідэнтам зайшла гутарка пра славацкае сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое ствараецца на Гродзеншчыне і на якім плануецца выкарыстоўваць яшчэ адзін досвед Ёзэфа Мігаша — па вырошчванні буйной рагатай жывёлы на мрамарнае мяса па біятэхналогіі. Справа ў тым, што дыпламат мае ў сябе на радзіме ферму, якая на гэтым спецыялізуецца. Дарэчы, туды адправіцца яшчэ адзін падарунак паслу ад беларусаў — шчанюк нямецкай аўчаркі, падораны пагранічнікамі.


Тавараабарот са Славакіяй летась дасягнуў 226 мільёнаў долараў і вырас амаль на сем працэнтаў у параўнанні з 2018 годам. Аднак сёлета за чатыры месяцы ўзаемны гандаль скараціўся больш чым на 15 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, беларускі экспарт упаў на 40 працэнтаў.

Беларусь прадае ў Славакію медыцынскія прыборы, дрот, нафтапрадукты, паліаміды, ніткі сінтэтычныя, фанеру, трактары, цвікі і скабы з чорных металаў, хімічныя злучэнні, соль, спецыфічныя тавары.

Імпартуюцца легкавыя аўтамабілі, кукуруза, рухавікі, прадукты, сельгасмашыны, электроніка, шыны, арматура для трубаправодаў і прамысловае абсталяванне.

У 2019 годзе экспарт паслуг (пераважна транспартныя і кампутарныя) у Славакію павялічыўся амаль на 20 працэнтаў і забяспечыў станоўчае сальда.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.