Вы тут

Новыя знішчальнікі заступілі на баявое дзяжурства


Напрыканцы мінулага года ў нашу краіну сталі паступаць самалёты Су-30 СМ. Шматмэтавыя знішчальнікі лічацца ў свеце самымі сучаснымі. Яны прызначаны для вядзення паветранага бою, заваявання лідарства ў паветры, знішчэння паветраных цэляў у любы час сутак, у простых і складаных метэаралагічных умовах, а таксама на фоне зямлі незалежна ад актыўных ці пасіўных перашкод. Таксама ў функцыянал СУ-30 СМ уваходзіць адбіццё масіраваных налётаў праціўніка, у тым ліку і крылатых ракет, прыкрыццё сваіх войскаў і аб’ектаў ад удараў з паветра.


Першыя відэакадры палётаў Су-30 СМ падчас вырашэння задач баявога выкарыстання Міністэрства абароны паказала каля месяца таму. Наземныя цэлі паражаліся пры дапамозе авіябомб, некіруемых ракет і снарадаў з 30-мм гармат.

Кантракт на пастаўку самалётаў быў заключаны паміж Беларуссю і Расіяй у 2017 годзе. Зараз гэтыя знішчальнікі пастаўляюцца Узброеным Сілам Расіі і Казахстана. У нашы Ваенна-паветраныя сілы паступіць 12 паветраных суднаў.

І вось 1 ліпеня лётчыкі 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ВПС і войск ППА заступілі на баявое дзяжурства на СУ-30 СМ, каб ахоўваць паветраныя межы нашай краіны. А гэта значыць — быць гатовымі да таго, каб ускрыць паветраную атаку праціўніка і знішчыць паветраныя цэлі-парушальнікі.

Магчымасці новых знішчальнікаў журналістам паказалі ў сераду падчас адмысловага палёту Су-30 СМ.

— Ахова дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы — адна з тых задач, якая ўскладзена на Узброеныя Сілы, — адзначыў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. — Для яе выканання мы прыцягваем не адну тысячу людзей і адзінак тэхнікі, паколькі з’яўляемся гарантамі міру і спакою на беларускай зямлі. У свой час у арміі маладой беларускай дзяржавы было прынята рашэнне захаваць авіяцыю. Задача была няпростая, вельмі складаная. І сёння ў баявым саставе ВПС і войск ППА знаходзяцца сучасныя знішчальнікі, штурмавікі, вучэбна-трэніровачныя, ваенна-транспартныя самалёты і баявыя верталёты. Але самае галоўнае — тое, што сёння за штурваламі лятальных апаратаў сядзяць спецыялісты, падрыхтаваныя ў нашай краіне.

Віктар Хрэнін звярнуў увагу, што не можа не непакоіць ваенная актыўнасць, якая павялічваецца ля межаў Беларусі. Ды і з кожным годам магчымасці тэхнікі таксама ўзрастаюць. Таму было прынята рашэнне на карысць куплі новых сучасных знішчальнікаў.

— Можа ўзнікнуць пытанне — чаму самалёты купілі летась, а на баявое дзяжурства яны заступаюць толькі цяпер? Справа ў тым, што праводзіўся цэлы комплекс мерапрыемстваў. Самы працяглы працэс — навучанне лётчыкаў.

Падчас паказальнага палёту экіпаж выканаў шмат фігур вышэйшага пілатажу. Цікавімся — ці не складана кіраваць новай машынай? Адна з яе пераваг — звышманеўранасць.

— Самалёт пакідае выключна станоўчыя пачуцці, — распавядае намеснік камандзіра авіяцыйнай базы па бяспецы палётаў падпалкоўнік Андрэй Крываносаў. — Ён цяжкі, але ў кабіне ствараецца ўражанне, што кіруеш спартыўным паветраным суднам. Я лятаў на многіх самалётах, але гэты — найлепшы.

Самалёт зроблены ў Расіі. Паназіраць за тым, як новыя знішчальнікі становяцца на баявое дзяжурства, прыехаў і пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў. Ён падкрэсліў, што пастаўкі новай тэхнікі — гэта яшчэ адзін прыклад саюзніцкага ўзаемадзеяння паміж дзвюма дзяржавамі.


СУ-30 СМ — не адзіны сучасны сродак узбраення, які паступіў за апошнія пяць гадоў у склад ваенна-паветраных сіл і войск проціпаветранай абароны. Сярод новай тэхнікі — вучэбна-баявыя самалёты Як-130, транспартна-баявыя верталёты Мі-8-МТВ-5, зенітныя ракетныя комплексы «Тор-М2», радыёлакацыйныя станцыі, комплексы радыётэхнічнай разведкі і радыёманіторынгу... Таксама ў гэтым пераліку варта згадаць трасавы радыёлакацыйны комплекс «Сопка-2М». Ён дазваляе шматкроць павялічыць магчымасці па вядзенні радыёлакацыйный разведкі і якасць вымярэння характарыстык паветраных аб’ектаў.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ


Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.