Вы тут

Маладыя мастакі Беларусі прадстаўляюць сваё бачанне свету на «Арт-панараме» ў Гродне


Праект, які ладзіцца Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем пры ўдзеле абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў, сёлета аб'яднаў 30 маладых аўтараў. Усе яны маюць мастацкую адукацыю, многія не першы раз удзельнічаюць у выстаўцы, якая, дарэчы, складаецца па выніках конкурснага адбору. Экспазіцыя заняла сваё традыцыйнае месца ў Сенатарскай зале Новага замка і здзіўляе не толькі рознымі жанрамі, але і асаблівасцямі светапогляду маладых мастакоў.


Знаёмімся з Аляксандрай Галенкай, якая чарговы раз прыехала ў Гродна, каб паўдзельнічаць у праекце «Арт-панарама». Сёлета яна прадставіла трыпціх з серыі «CІNEMA», які створаны сумесна з Ганнай Канапелькай у тэхніцы калажу. Такі падыход бачыцца аўтарам як вельмі актуальны, бо дазваляе аб'яднаць сучасныя тэхналогіі і творчасць.

— Аснова — гэта папера, якая складаецца такім чынам, каб атрымаўся нейкі вобраз. На самай справе, клеіць можна ўсё, што заўгодна, нават аб'емныя рэчы. Калаж не толькі павінен быць плоскі. Гэтай тэхнікай можа займацца кожны, не толькі з мастацкай адукацыяй. Тут можа выканаць твор і з паперы, і з тканіны, — кажа мастачка.

Паколькі дзяўчаты цікавяцца тэмай кіно, яны ўвасобілі яе ў трох работах, кожная прывязана да нейкага стылю і перыяду кінематографа. Аўтары звярнуліся да творчасці Чарлі Чапліна як прадстаўніка чорна-белага кіно.

— Фільмы настолькі добрыя і станоўчыя. І смешна, і кранальна, — заўважае Аляксандра. — Таму мы вырашылі вярнуць тую эпоху і нагадаць аб ёй. Мы назвалі гэты калаж «Космас Чарлі Чапліна».

Яшчэ адзін трыпціх са зваротам у мінулае прапанаваў на суд гледачоў мінчанін Леанід Несцярук. Ён бярэ за аснову знакамітую Джаконду і карціны «з загадкай» Джэксана Полака і стварае трыпціх пад назвай «Джаконда нумар 5».
Аўтар трансфармуе вобраз Джаконды ў новы твор. Тут і стылістыка Рэнесансу і кірункі ХХ стагоддзя, і сваё бачанне мастацтва.

Увогуле тут ёсць на чым спыніць вока. Работы цікавыя і па-філасофску змястоўныя. Напрыклад, твор Таццяны Катляровіч-Савік выкананы на дошцы з выцягнутым вобразам вандроўніка нагадвае іканапісны твор. «Пусты прамавугольнік сімвалізуе пустату, якую адчуваюць унутры сябе многія людзі. Мы самі выбіраем, чым яе і як яе запоўніць альбо пакінуць усё як ёсць», — тлумачыць у сваёй анатацыі аўтар карціны.

Маладыя мастакі прадстаўляюць і сваё бачанне моцы чалавека, яго здольнасці выбрацца з кола тых праблем, якія цягнуць яго ў дрыгву. Інсталяцыя Яўгена Рамашова пад назвай «2020» якраз на гэтую тэму. Асноўнае палатно — творча апрацаваны фотаздымак на тканіне. Тут аўтар увасобіў тыя праблемы, якія напаткалі чалавека сёлета, у першую чаргу пандэмія. Відавочна, як герою карціны складана прабіцца праз дрот, але ёсць надзея, што гэтыя выпрабаванні ён пераадолее, аб чым сведчыць фрагмент інсталяцыі — штыкетнік з накручаным на яго дротам унізе карціны.

— Маладыя мастакі могуць прадэманстраваць сваё бачанне свету, «болевыя» кропкі, — кажа мастацтвазнавец, супрацоўнік музея Кацярына Арабей. — Работы прадстаўлены ў розных тэхніках. Гэта і сграфіта, і мазаічныя пано з каменя і медзі, і фотаработы, і камп'ютарная графіка. Гродзенскі мастак Эміль Зянько зрабіў відэапраект — роздум пра ўздзеянне на чалавечы арганізм наркотыкаў.

Кожны год з'яўляюцца новыя аўтары. Згодна з палажэннем конкурснага адбору, гэта маладыя мастакі да 35 гадоў, работы якіх створаны не больш, чым за пяцігадовы перыяд. Самі ўдзельнікі станоўча ставяцца да магчымасці выставіцца ў каралеўскім замку.

Які далейшы лёс работ? Вядома, яны вернуцца іх аўтарам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.