Вы тут

Газавыя пліты, што адслужылі дваццаць гадоў, патрабуюць замены


Аднойчы ў даволі аддаленай вёсцы Маларыцкага раёна, што на Брэстчыне, давялося гутарыць з пажылой пенсіянеркай на тэму замены пліт. Бабуля была ў роспачы. Газаўшчыкі, якія прывезлі балон, аб'явілі гаспадыні, што больш не прывязуць, бо пліта ў адпаведнасці з прадпісаннем не была заменена на новую. «Хіба мая пліта дрэнна выглядае? — ледзь не са слязьмі даводзіла амаль 80-гадовая жанчына. — Яе прывезлі дзеці з горада. Яна ж як новая».


Вясковыя рарытэты

У гасцях мы былі там са старшынямі раённага і сельскага Саветаў. І цэлай камісіяй, відаць, маглі б сведчыць, што пліта, якой карысталіся на гарадской кухні, відавочна, больш за 10 гадоў, выглядае ідэальна для абсталявання, якое было ў эксплуатацыі. Усе канфоркі гараць роўна, верхняя панэль ззяе чысцінёй. Вядома, мы паспачувалі гаспадыні, але дапамагчы нічым не маглі. Работнікі газавай службы кіруюцца сваімі нарматыўнымі дакументамі. Пенсіянерка ж заявіла, што ў яе зусім невялікая пенсія, і мяняць пліту яна не будзе: «Так дажыву, без газу». Не дапамагалі ўгаворы старшыні сельвыканкама: «Як жа вы юбілей святкаваць будзеце, на чым катлеты смажыць?! Дзеці, унукі, напэўна, прыедуць».

Тады я прапаноўвала гераіні будучага матэрыялу свой варыянт, які апрабавала ў дачным доме. Калі мне таксама адмовілі ў дастаўцы газавага балона, хуценька купіла двухканфорачную настольную пліту. Год таму пліта каштавала 50 рублёў з невялікім хвосцікам. Для дачы хапае, ды і для вясковай хаты, асабліва калі там жыве адзін чалавек, гэтага дастаткова.

Бо ў некаторых вясковых дамах стаяць пліты, як той казаў, першага прызыву. Гэта значыць, што газавым прыборам больш за сорак гадоў. Іх як падключылі ў сямідзясятых гадах, так яны і стаяць там, нярэдка эксплуатуюцца па прызначэнні. Такая ж была і ў вясковай хаце, якую мы набылі на лецішча. Праўда, даўнейшыя газавыя прыборы рабілі цалкам з жалеза, яны былі простыя і надзейныя, і тая старэнькая пліта, якую мы потым вынеслі ў хлеў, працавала без праблем. Толькі духоўка выйшла са строю па старасці, ды мы яе і не ўключалі.

Думаю, такіх прыбораў усё ж засталося мала. Вяскоўцы, якія жывуць у сваіх дамах пастаянна, паклапаціліся пра замену раней. Але цяпер трэба мяняць і «другую хвалю» пліт, якія адслужылі добры прамежак часу ў гарадскіх кватэрах, а потым былі перададзены вясковым сваякам. У гарадскім жыллі, узведзеным да ХХІ стагоддзя, таксама скончыўся тэрмін карыстання плітамі, устаноўленымі пры здачы дамоў.

Вывучайце інструкцыю

У службу газу паступае нямала скаргаў, падобных на меркаванне маларыцкай пенсіянеркі. Людзі лічаць, што іх пліты могуць служыць яшчэ доўгія гады, а іх прымушаюць мяняць. Пры складанні адказаў на скаргі любы спецыяліст названай службы кіруецца пунктам 42 Правіл карыстання газам у побыце, зацверджаных Пастановай Савета Міністраў ад 24 снежня 2013 года № 1136, паводле якой забараняецца карыстацца абсталяваннем, у якога скончыўся тэрмін эксплуатацыі, указаны ў інструкцыі па эксплуатацыі (але не больш за 20 гадоў). За парушэнне спажыўцамі газу гэтага пункта арганізацыя мае права перастаць пастаўляць газ.

Ва ўнітарным прадпрыемстве «Брэстаблгаз» растлумачылі, што тэрмін эксплуатацыі газавай пліты вызначаецца не газаўшчыкамі, а заводам-вытворцам. Пасля набыцця пліты спажывец абавязаны вывучыць інструкцыю.

Цяперашнія пліты звычайна выпускаюць з тэрмінам службы 10 гадоў. З 2003 года на газавыя пліты, якія выпускаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе, устаноўлены менавіта такі тэрмін эксплуатацыі. Пасля яго заканчэння ёсць два варыянты: замена газавай пліты альбо заключэнне дагавора на правядзенне яе дыягностыкі. Па выніках апошняй вызначаецца, ці можа пліта эксплуатавацца далей. Дыягностыка каштуе ад 25 рублёў, памер аплаты залежыць ад месцазнаходжання кліента, то-бок транспартных расходаў прадпрыемства.

Дапускаюцца тры дыягностыкі. Першая з іх можа падоўжыць тэрмін службы пліты максімум на чатыры гады, дзве наступныя — на тры гады кожная. Такім чынам тэрмін эксплуатацыі павялічваецца да 20 гадоў. Але ж калі пліта выпушчаная да 2000 года, то праводзіць яе дыягностыку не мае сэнсу. А калі пры праверцы выяўлена ўцечка газу альбо ўстаноўлена, што пліта не прыдатная для выкарыстання, то спыніць падачу газу могуць у той жа дзень.

З прычыны маральнай састарэласці

— Так што маральна састарэлае абсталяванне мяняць усё ж давядзецца, — кажа намеснік генеральнага дырэктара УП «Брэстаблгаз» Уладзімір БАРАВЕНКА. — Разам з заводам-вытворцам «Брэстгазаапарат» мы паклапаціліся пра сваіх спажыўцоў. Пліты маркі «Гефест» у нас можна набыць танней, чым у гандлёвай сетцы. Ёсць пункты продажу, дзе пакупнік можа выбраць патрэбную яму мадэль пліты, аплаціць кошт, а нашы спецыялісты даставяць пліту грамадзяніну дадому і падключаць бясплатна. Такая акцыя праводзіцца па ўсёй Брэсцкай вобласці. Варта сказаць, што паслуга сёння даступная не толькі гараджанам, але і любому жыхару нават самай аддаленай вёскі. У гандлёвым прадпрыемстве азнаёмяць з сістэмай растэрміноўкі. Пенсіянерам, малазабяспечаным грамадзянам могуць даць растэрміноўку на шэсць месяцаў. Кансультацыю па пытаннях замены можна атрымаць і па месцы жыхарства, калі спецыялісты правяраюць стан газавага абсталявання. Гэтай магчымасцю скарысталіся многія нашы спажыўцы.

Мяняць газавую пліту трэба своечасова, — працягвае Уладзімір Веніямінавіч, — перш за ўсё з меркаванняў бяспекі. Нашы супрацоўнікі пастаянна сустракаюцца з выпадкамі, калі ў ідэальнай гаспадыні пліта выглядае нібы новая. І тая ўмоўная гаспадыня ўзнімае пытанне аб мэтазгоднасці замены. Зноў даводзіцца тлумачыць, што пліта не стаяла ў куце без справы, яна выкарыстоўвалася, пэўныя дэталі знасіліся, яны патрабуюць замены. А паколькі прайшло дваццаць гадоў, дэталь для старой мадэлі знайсці немагчыма, бо завод іх не выпускае. Таму трэба мяняць усю пліту.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.