Вы тут

У Мiнску завяршыўся мiжнародны праект «ТэкСтыльны букет — 2020»


Карцiны з баваўняных лапiкаў i сумкi з iльну, вышыўка ў стылi народнага арнаменту i выкшталцонай шляхетнасцi, роспiс па тканiне i плеценыя дарожкi, нiбы толькi што з бабулiнай вясковай хаты, габелены з усходнiмi матывамi i арт-аб'екты з воўны, шматлiкiя вышываныя i тканыя пано, дзiўныя аўтарскiя скульптуры i нават крэселка з тканiны i дрэва — усё гэта часткi мiжнароднага фестывалю «ТэкСтыльны букет — 2020». У праекце, якi доўжыўся два месяцы, днямi была пастаўлена прыгожая кропка ў выглядзе моднага паказу ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.


Фестываль «ТэкСтыльны букет», якi зладзiлi ў Беларусi ўжо другi раз, мусiў аб'яднаць усе кiрункi тэкстыльнай дэкаратыўнай творчасцi i сабраць удзельнiкаў, прафесiяналаў i аматараў з шасцi краiн, ад Казахстана да Канады, расказвае намеснiк дырэктара НЦСМ па творчай рабоце, мастацтвазнавец, куратар праекта Алеся IНАЗЕМЦАВА. Але праз пандэмiю каранавiруса i iмклiвае закрыццё межаў паспелi даслаць свае работы на фестываль толькi прадстаўнiкi Беларусi, Расii i Казахстана. Дый саму экспазiцыю найлепшых узораў тэкстыльнага мастацтва, ад традыцыйных тэхнiк да наватарскiх эксперыментаў, ва ўмовах самаiзаляцыi i абмежавання масавых культурных мерапрыемстваў давялося адкрываць i праводзiць праз анлайн-трансляцыю i вiртуальны агляд у панарамным фармаце 360°. «Але, напэўна, гэта той выпадак, калi не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло, — прызнаюцца супрацоўнiкi цэнтра сучасных мастацтваў. — Дзякуючы выхаду на iнтэрнэт-платформы наш праект убачылi i даведалiся пра Беларусь людзi з розных краiн свету — зацiкаўленыя каментарыi мы атрымлiвалi, напрыклад, з Турцыi i Кiпра. Таму, спадзяёмся, налета геаграфiя фестывалю яшчэ пашырыцца».

Упершыню пасля распаду СССР прадставiлi ў Беларусi свае габелены майстры з Казахстанскай акадэмii мастацтваў, а прадстаўнiкi Расii паказалi вялiзную калекцыю шытва са шматкоў. Беларусы ж найбольш парадавалi наватарствам i эксперыментамi з тэкстурай, формай i матэрыяламi (з улiкам таго, што пад тэкстылем апошнiм часам разумеюць любое перапляценне, нават калi гаворка пра сталёвыя нiцi, прастора для творчасцi амаль неабсяжная). Упрыгожаннем экспазiцыi сталi творы беларускага квiлт-клуба «Валошкi» — гэта творчая суполка каля 10 гадоў аб'ядноўвае жанчын розных узростаў i прафесiй, для якiх тэкстыльнае мастацтва з'яўляецца ўлюбёнай справай. Менавiта «Валошкi», дарэчы, выступiлi iнiцыятарамi i арганiзатарамi тэкстыльнага фестывалю ў Мiнску i нават прыдумалi яго назву. Сёлета ж яны прадставiлi як асобныя работы, так i калектыўны праект па матывах слуцкiх паясоў, для якога майстрыхi вывучалi гiстарычныя хронiкi i партрэты беларускай шляхты.

Але на заключным Fashion Show дэманстравалiся ўсё ж не тэкстыльныя навацыi i не фантазii на гiстарычную тэму, а цалкам адпаведныя часу i месцу работы айчынных дызайнераў. А паказвалi, як усё гэта можна насiць, мадэлi сталiчнай школы прыгажосцi Rozarium, кiраўнiк якой Iрына Садоўская робiць акцэнт на мадэлях залатога ўзросту i plus-size. Зрэшты, гледзячы на шэрагi абаяльных жанчын, хацелася цiкавiцца не iх узростам цi памерам адзення, а тым, дзе выдаюць такiя прыгожыя ўсмешкi, — нават не скажаш, што для некаторых удзельнiц дэфiле стала першым у жыццi.

Маладая дызайнер Анжалiка Плескачэўская зрабiла надзвычай актуальную калекцыю... масак. З надакучлiвай неабходнасцi яны ператварылiся ў стыльны аксесуар: некаторыя ўражвалi ручной вышыўкай, а некаторыя лёгкiм рухам рукi трансфармавалiся ў сiмпатычныя кашнэ. «Вельмi прыгожа! Дайце дзве!» — не вытрымаў нехта з публiкi. Таксама знайшлiся ахвотныя прымераць i летнi гардэроб паводле гiстарычных матываў Сярэдняй Азii ад Рэнаты Сцяпанавай, i пяшчотныя кветкавыя сукенкi ад Аксiннi Смiрновай... I хоць невялiкi ў сiлу колькасцi прысутных, але самы сапраўдны фурор выклiкала калекцыя з воўны ад Галiны Знак. «Гэта мая любоў, якую я нясу ў масы паўсюдна, дзе толькi можна, у тым лiку праз адкрытыя майстар-класы на YouTube, бо воўна — унiверсальны матэрыял, з якога можна зрабiць усё што пажадаеце. Воўна — не толькi валёнкi i шапкi, але i летнiя палiто, i кардыганы, i вячэрнiя сукенкi», — прызналася дызайнер, дэманструючы ўласнаручную валеную абноўку — эфектную накiдную спаднiцу-сетку з роспiсам.

— Нягледзячы нi на што, «ТэкСтыльны букет» атрымаўся сапраўдным святам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, своеасаблiвым арт-рэлаксам, якога многiм з нас у цяперашнiх умовах асаблiва не хапае, — падводзiць вынiкi праекта арт-куратар Алеся Iназемцава. I з ёй цяжка не пагадзiцца, калi на свае вочы бачыш, што культурнае жыццё ў сталiцы i не толькi працягваецца, бо крэатыў, фантазiю, творчасць немагчыма паставiць на паўзу.

 

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Насiць, глядзець, захапляцца


Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.