Вы тут

Маладая актрыса Iрына Якавец: Нецiкавых роляў не iснуе


«Напэўна, дзякуючы чыткам п’ес, што ладзiлiся Цэнтрам беларускай драматургii, мяне i заўважылi, — разважае мая суразмоўнiца, пакуль я настройваю непаслухмяны дыктафон. — Мы прадстаўлялi „Пастку для птушак“ i „Саманаводнага Бога“ Канстанцiна Сцешыка, „Апошнi сняданак“ Кацярыны Чэкатоўскай. А далей — мне так пашчасцiла: Тэатр беларускай драматургii i роля ў спектаклi Ганны Якаўлевай „Усё нармальна“, а потым „ОК16“ i ўдзел у пастаноўцы Дзмiтрыя Багаслаўскага „Сярожа вельмi тупы“». Нарэшце, дыктафон наладжаны. Цяпер можна спакойна працягнуць гутарку з маладой актрысай Iрынай Якавец.


— Беразiно, тэатральны гурток, народны тэатр пры доме культуры — тут пачынаўся ваш творчы шлях. У якiм узросце ўпершыню выйшлi на сцэну? Як згадваюцца першыя акцёрскiя крокi?

— Памятаю, калi была ў восьмым класе — толькi пачынаўся навучальны год, — даведалася, што народны тэатр шукае дзяўчынку для пастаноўкi. Мне захацелася паспрабаваць, пазнаёмiлася з Мiкалаем Мiкалаевiчам Пытляком — рэжысёрам тэатра. Першым спектаклем, у якiм я ўзяла ўдзел, быў «Вясёлы Роджэр». Яшчэ адной важнай падзеяй для мяне стаў фестываль народных аматарскiх тэатраў «Бярэзiнская рампа»: мы прадстаўлялi пастаноўку «Валянцiн i Валянцiна», дзе я сыграла закаханую ў галоўнага героя Кацюшу. Вось тады, у восьмым класе, i прыйшло да мяне разуменне, што займацца па жыццi хачу толькi творчасцю. На мяне пэўны ўплыў аказалi i ўрокi iгры на фартэпiяна, i штогадовыя калядныя прадстаўленнi ў царкве. Менавiта тут, у музычнай школе, у нядзельнай школе, упершыню пачула адрасаваныя мне апладысменты, адчула, як гэта — стаяць на сцэне. Вось так i расло жаданне стаць актрысай... Пасля школы захацела паступiць у Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт культуры i мастацтваў. Не паступiла. Тады здавалася, што ва ўнiверсiтэт больш не вярнуся нiколi. Але пазней, пасля вучобы ў Мiнскiм дзяржаўным каледжы мастацтваў, усё ж паступiла, навучанне сёлета ўжо скончыцца.

— А як бацькi адрэагавалi на вашае рашэнне звязаць жыццё з тэатрам?

— Калi i прыходзiлi часам сумненнi, то толькi да мяне... А бацькi мяне моцна падтрымлiваюць. Хоць прафесii родных нiякiм чынам з мастацтвам не звязаныя, сям'я нiколi не адгаворвала, не папракала, не казала, што я памылiлася з выбарам. Мама сама калiсьцi марыла пра сцэну, i цяпер у пэўным сэнсе я здзяйсняю i яе мару.

— Iрына Алфёрава неяк расказвала, што ў студэнцтве адмаўлялася iграць закаханую — пачуццi былi ёй яшчэ невядомыя. А якiя ролi выклiкалi ў вас найбольшыя сумненнi? Магчыма, на штосьцi не пагаджалiся?

— Былi пэўныя цяжкасцi, калi ва ўнiверсiтэце мы рыхтавалi ўрывак п'есы Жана Ануя «Аркестр». Мне дасталася роля мадам Артанс, i ў адной са сцэн я павiнна была... спакушаць пiянiста. Вось гэта была праблема! (Смяецца.) А ўвогуле, мне здаецца, у любой ролi можна знайсцi штосьцi, што табе падабаецца, — i ад гэтага ўжо адштурхоўвацца падчас работы над вобразам. Нецiкавых роляў, я лiчу, не iснуе. Сапраўды, ёсць такiя, што патрабуюць пераадолення сябе: спачатку ў цябе нiчога не атрымлiваецца, ты спрачаешся, плачаш, злуешся... Але ж патрэбны вынiк. У рэшце рэшт прыйдзецца сябе перамагчы. А праца над роллю — гэта не толькi рэпетыцыi, але i назiранне, стасункi, чытанне, асэнсаванне ўласных учынкаў i ўспамiнаў.

— Але ў вас ужо ёсць вопыт i рэжысёрскай работы: сёлета ва ўнiверсiтэце культуры паставi спектакль «Каробачка» па п'есе Мiкалая Каляды. Якiя ўражаннi засталiся?

— Шчыра кажучы, спачатку было вельмi складана: вялiзная адказнасць — пастаноўка, работа над светам, мантаж музыкi. I ў каледжы, i ва ўнiверсiтэце я атрымлiвала спецыяльнасць рэжысёра, але калi застаешся сам-насам з акцёрамi, якiм трэба растлумачыць канцэпцыю спектакля i перад кожным удзельнiкам паставiць задачу, разумееш, што адных тэарэтычных ведаў недастаткова. Разам з аднакурснiцамi вучылiся ўсяму ў працэсе — падрыхтоўка спектакля доўжылася паўтара года. Затое цяпер я дакладна ведаю, што найблiжэйшы час мне хочацца прысвяцiць акцёрскаму майстэрству. Магчыма, акцёрства акажацца для мяне своеасаблiвым этапам на шляху да прафесiянальнай рэжысуры — нават ёсць пэўныя думкi аб магчымых пастаноўках у будучынi. Але перш чым пазiцыянаваць сябе як рэжысёр, я лiчу, неабходна напоўнiцу прайсцi акцёрскую школу, адчуць, пастарацца зразумець складаную акцёрскую прыроду. Якраз над гэтым мне цяпер трэба працаваць i працаваць.

— Мне вядома, што касцюмы да спектакля вы таксама падрыхтавалi самастойна. Дзе навучылiся так шыць?

— Напэўна, здагадалiся, што п'еса «Каробачка» ўтрымлiвае матывы гогалеўскiх «Мёртвых душ». У той жа час Мiкалай Каляда прапаноўвае i дадатковае значэнне слова: у пачатку твора тлумачыцца, што каробачка — гэта яшчэ i батанiчны тэрмiн: сухi плод кветкавай раслiны. Я падумала: «А гэта iдэя!» Так i астатнiя гераiнi набылi якасцi кветак — дзьмухаўца, вяргiнi i маку. Я разумела, што на шыццё пад заказ грошай няма. Трэба штосьцi рабiць... Ага, ёсць чырвоная тканiна, з якой можна зрабiць майку для маку. Шыць я асаблiва не ўмела — так, гузiк прышыць. Але, дзякуй богу, ёсць iнтэрнэт, «Ютуб»: спачатку паспрабавала на машынцы, потым знайшла вiдэа, як зрабiць патайныя швы ўручную. Гатова! Цяпер мне патрэбны каптурок для дзьмухаўца. Зноў жа знаходжу вiдэаўрок, як нанiзаць матэрыял, каб ён трымаў форму. Шмат iдэй прыходзiла ўжо ў працэсе работы. Напрыклад, сцэнограф падказала мне, што для сквапнай Каробачкi было б добра зрабiць касцюм з кiшэнямi. Я раскiдала старую вязаную камiзэльку — i атрымалася добрая аснова для кiшэнек. Вось так за два тыднi прыйшлося асвоiць справу, якая раней не цiкавiла.

— А як рэжысёрскi досвед паўплываў на вашу акцёрскую свядомасць?

— Змены сапраўды адбылiся. Раней я не разумела, чаму рэжысёры мне робяць пэўныя заўвагi. «Падумаеш, нагу не так павярнула — гэта ж дробязь, нiхто i не заўважыць», — злавалася я. А цяпер разумею, што не дробязь. Рэжысёр бачыць агульную карцiну, i яго абавязак — адшлiфоўваць кожную дэталь. Пабыўшы на месцы пастаноўшчыка, адчула, якое ж шчасце, калi артысты табе давяраюць i працягваюць старацца, хоць i самi ўжо вельмi стамiлiся, знервавалiся. Ды i залатыя словы Станiслаўскага мне цяпер зразумелыя як нiколi: «Пакiньце праблемы за парогам тэатра».

— Ведаю, што за мiнулы год вы паглядзелi каля паўсотнi спектакляў. Як думаеце, дзякуючы якой пастаноўцы не аматар тэатра можа зачаравацца тэатральным мастацтвам?

— У Рэспублiканскiм тэатры беларускай драматургii ёсць спектакль, якi я паглядзела ўжо тройчы — i пайду на яго яшчэ i яшчэ. Гэта пастаноўка Шамiля Дыйканбаева «Цiхi шэпт сыходзячых крокаў» — па п'есе Дзмiтрыя Багаслаўскага. Упершыню «Цiхi шэпт...» я паглядзела яшчэ падчас вучобы ў каледжы. Добра памятаю свае ўражаннi: выйшла з тэатра i дзве гадзiны хадзiла па горадзе i плакала... «Нашы бацькi, нашы дарагiя бацькi, як жа вам хочацца ведаць, што мы любiм вас. I як жа хочацца ведаць нам», — думалася ў той вечар. А якая неверагодная роля ў гэтым спектаклi ў Максiма Брагiнца!

— Яшчэ адно ваша захапленне — паэзiя. На Бярэзiншчыне — малой радзiме — нават выйшаў ваш паэтычны зборнiк «Маналог душы»...

— Так, я вельмi ўдзячная бярэзiнскай бiблiятэцы, што тая дапамагла маiм вершам выйсцi ў свет — гэта незабыўны падарунак. Цяпер, шчыра кажучы, я пiшу ўжо менш, чым раней. Затое сёння больш уважлiва, больш строга стаўлюся да сваiх тэкстаў. У такiм крытычным пераасэнсаваннi творчасцi мне вельмi дапамог удзел у паэтычным шоу «Эшафот»: ты выходзiш са сваёй любоўнай лiрыкай да публiкi — i невядомасць! Як адрэагуе зала, што я пачую пасля выступлення? Асуджэнне? Пахвалу? Дзiўныя былi пачуццi. Вопыт, безумоўна, найбагацейшы.

Марыя Страх, студэнтка IV курса факультэта журналiстыкi БДУ

Фота з архiва гераiнi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.