Вы тут

Пяць спектакляў, з якімі можна правесці вечар на наступным тыдні


Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі «з дрыжыкамі ў каленках» абвясціў, што з 5 чэрвеня будзе чакаць гледачоў непасрэдна ў сваёй глядзельнай зале. Новы «сезон» у афлайн-рэжыме РТБД пачне са свайго вузлавога спектакля «Бетон» Яўгена Карняга. Між тым меры самаізаляцыі ўсё яшчэ рэкамендаваныя, а тэатры па ўсім свеце ўсё яшчэ выкладваюць свае пастаноўкі, каб гледачы маглі ўбачыць іх на дамашнім экране. Мы прапануем не ўпускаць гэтых магчымасцяў і працягваць, нават седзячы дома, адкрываць для сябе іпастасі сучаснага тэатра. У чарговай падборцы, якая на наступным тыдні можа арганізаваць вам утульны вечар, знойдуцца Шэкспір (куды ж без яго), Остэрмаер, Мэт, Вагнер і сімвал рэвалюцыі.


«Віндзарскія насмешніцы» ў тэатры «Глобус»

«Віндзарскія насмешніцы» ў «Глобусе»

З Шэкспіра і пачнём. На беразе ракі Тэмзы ў Лондане ёсць такі тэатр «Глобус» — месца оўпэн-эйр спектакляў і паломніцтва турыстаў. У «Глобуса» доўгая, хоць і з перапынкамі, і займальная гісторыя. Ён пабудаваны на сродкі групы акцёраў, сярод якіх быў і наш ужо класік Уільям Шэкспір — драматург з'яўляўся адным з акцыянераў тэатра, а таксама яго пастаянным аўтарам, то-бок у «Глобусе» адбываліся прэм'еры адмыслова для яго створаных шэкспіраўскіх твораў. Праз нейкі час драўляны будынак згарэў, потым яго ўзнавілі, але хутка «Глобус» закрылі пурытане і ўрэшце ён быў зруйнаваны. Гэта адбылося ў 1644 годзе. Толькі ў 1989-м былі знойдзены рэшткі шэкспіраўскага тэатра, і «Глобус» вырашылі ўзвесці наноў. З ярусамі сядзячых месцаў, дваром для «стаячых» білетаў і адкрытай планіроўкай — таму спектаклі тут іграюцца толькі ў цёплую пару года. Дык вось у час кавіда «Глобус» мае цэлую праграму анлайн-паказаў сваіх пастановак — запісы выкладваюцца на YоuTubе-канал і даступныя гледачу цягам, напрыклад, двух тыдняў. Пакуль што можна паглядзець «Макбета» і «Зімнюю казку», а з 1 чэрвеня ў доступе акажацца свежая камедыя «Віндзарскія насмешніцы», пасля яе — «Сон у летнюю ноч». Варта дадаць, што ўсё гэта — не проста класічны Шэкспір, а сучасныя вынаходлівыя спектаклі з гумарам і актуальнымі павевамі.

«Таўстуны ў спадніцах» у тэатры «Шаўбюнэ»

Ад лонданскай выдатнасці да берлінскай — «Шаўбюнэ» з'яўляецца адным з найвядомейшых нямецкіх тэатраў і славіцца актуальным рэпертуарам і высакакласнай рэжысурай. Хоць бы вось работамі Томаса Остэрмаера — мастацкага кіраўніка тэатра з 2009 года і славутага сёння актуалізатара класічных твораў. Будынак, у якім знаходзіцца «Шаўбюнэ», некалі з'яўляўся першым урбаністычным комплексам Берліна з кінатэатрам на 1800 месцаў, а ў 1981 годзе быў перароблены пад патрэбы тэатра, прычым так, што тут можна іграць тры спектаклі адначасова. Свае пастаноўкі, ад самага стварэння ў 1962-м, «Шаўбюнэ» паказвае амаль кожны дзень ужо з 22 сакавіка: за гэты час на сайце калектыва можна было ўбачыць каля пяцідзесяці спектакляў, у тым ліку аўтараў, што зрабілі гэты тэатр тым, чым ён ёсць сёння, — Петэра Штайна, Сашы Вальц альбо ўласна Остэрмаера. Апошняга можна паглядзець і на наступным тыдні: 2 чэрвеня, напрыклад, «Шаўбюнэ» пакажа анлайн-пастаноўку Остэрмаера «Таўстуны ў спадніцах» паводле п'есы Нікі Сільвера. Анлайн-паказ будзе суправаджацца абмеркаваннем пастаноўкі з удзелам самога рэжысёра. А на 6 чэрвеня запланавана трансляцыя другога спектакля Остэрмаера — «Прафесара Бернхардзі» паводле Артура Шніцлера. Праграма распісаная на цэлы тыдзень — знайсці яе можна на сайце тэатра, адно што не кожнае выкладзенае відэа суправаджаецца субцітрамі.

«Пурытане» ў Метраполітан-опера

Музыка напрасткі са славутага будынка ў нью-ёркскім Манхэтэне, дзе на сценах красуюцца фрэскі Марка Шагала, а са сцэны для тысяч адначасова выконваюцца сусветныя шэдэўры. Мы ўсё пазбягалі недасяжнага Мет, таму што парада слухаць найвыбітнейшыя творы ў выкананні найвыбітнейшых музыкантаў і салістаў здавалася банальнай. Але без Метраполітан-опера нельга: сёння гэта адна з самых прэстыжных оперных пляцовак, выступленне ў Мет для спевака — усё роўна што вяршыня музычнай кар'еры. Будынак быў у свой час узведзены адмыслова для заснаванай у 1880 годзе опернай трупы. Кожны сезон, а ён працягваецца сем месяцаў, Мет паказвае 200 оперных пастановак, якія бачыць 800 тысяч чалавек. Многія з тых опер цяпер можна глядзець анлайн: праграма распісана на кожны дзень, запісы спектакляў застаюцца ў доступе на 23 гадзіны, што хоць неяк здымае нязручнасць з-за розніцы ў часе. На наступным тыдні на сайце Мет можна паслухаць оперы «Саламея» Рыхарда Штрауса, «Лулу» Альбана Берга, «Анёл-знішчальнік» Томаса Адэса, «Тоска» Джакома Пучыні, нарэшце, «Пурытане» Вінчэнца Беліні з удзелам вядомай нам Ганны Нятрэбка. Трансляцыі аб'яднаны рубрыкай Nіghtlу Ореrа Strеаms, якая лёгка знаходзіцца на сайце трупы.

«Валькірыя» ў Нідэрландскай нацыянальнай оперы

Раз пайшла такая песня, зойдзем у яшчэ адзін оперны тэатр, таксама вядомы і прэстыжны, але нашмат маладзейшы, — у Нідэрландскую нацыянальную оперу. Яна месціцца ў будынку ў Амстэрдаме, дзе апроч яе працуюць балетная трупа і сімфанічны аркестр, а таксама гарадскі муніцыпалітэт. Стопера — так называецца гэты комплекс — планавалася дзесяцігоддзямі, а была адкрыта толькі ў 1986 годзе, тады нацыянальная опера сюды і пераехала. Назву, дарэчы, некаторыя з'едліва расшыфроўваюць як заклік спыніць оперу (stор ореrа). Але будынак — гэта адно, сама ж оперная трупа была створана пасля Другой сусветнай вайны, і сёння яна супрацоўнічае з Ла Скала і Мет, запрашае вядучых артыстаў, мае высакакласны, асабліва нахвалены хор і ўвогуле з'яўляецца адной з найпрэстыжнейшых арганізацый у сваім відзе мастацтва. Сёння на сайце Нідэрландскай нацыянальнай оперы і Нідэрландскага балета можна паглядзець адразу некалькі опер Рыхарда Вагнера: да 7 чэрвеня даступныя «Золата Рэйна», «Валькірыя», «Зігфрыд» і «Гібель багоў» — цэлая калекцыя для фанатаў нямецкага класіка.

«Школа жонак» у тэатры «Адэон»

Гэта, напэўна, найстарэйшы з прапанаваных тэатраў у яшчэ адной сусветнай культурнай сталіцы — парыжскі неакласічны будынак, у якім сёння месціцца «Адэон», у 1782 годзе быў адкрыты каралевай Марыяй-Антуанетай, а ў 1784-м даў прэм'еру п'есы «Шалёны дзень, альбо Жаніцьба Фігаро» П'ера Бамаршэ. Напачатку тэатр меркаваўся для трупы «Камедзі Франсэз», якая раскалолася, калі краіну напаткала Рэвалюцыя, — потым ён пабыў палітычнай трыбунай, назваўся Тэатрам Роўнасці і ўрэшце стаў «Адэонам» — тым самым, дзе дэбютавала Сара Бернар, дзе ставіліся антыўрадавыя п'есы і які сёння з'яўляецца адным з трох носьбітаў звання «Тэатр Еўропы». «Адэон» можна лічыць сімвалам асветы і рэвалюцыі, прынамсі, і ў тым, і ў другім ён браў актыўны ўдзел. Падчас майскіх падзей 1968 года, напрыклад, тэатр даў прытулак бунтуючым студэнтам, за што яго кіраўнік быў звольнены. Сёння «Адэон» — гэта актуалізацыя класікі, сучасныя аўтары і гастролі замежных труп, што на парыжскай сцэне іграюць спектаклі на роднай мове. У дні кавіда на сваім сайце ён робіць «Тэатр на канапе», дзе сёння можна знайсці, у дадатак да Вагнера ў Нідэрландскай нацыянальнай оперы, яшчэ адну фанпадборку — гэтым разам Мальера. Паглядзець можна адразу тры спектаклі — «Школу жонак», «Мізантропа» і «Тарцюфа», усё ў пастаноўцы рэжысёра Стэфана Браўншвейга.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.