Вы тут

«Беларуская энцыклапедыя» выпусціла кнігу пра Міхала Клеафаса Агінскага


Кніга Ірыны Масляніцынай і Мікалая Багадзяжа «Міхал Клеафас Агінскі» выпушчана выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў серыі «Гісторыя для школьнікаў», паведамілі БЕЛТА ў выдавецтве.


«Аўтары ў даступнай, папулярнай форме расказваюць пра ўнікальнага чалавека, які быў дыпламатам, паўстанцам і палітычным дзеячам. Нашчадкі ж памятаюць князя Міхала Клеафаса Агінскага ў першую чаргу як кампазітара. Малаверагодна, што знойдзецца той, хто з першых жа тактаў не пазнае яго паланэз „Развітанне з Радзімай“. Талент музіцыравання выявіўся ў яго ўжо ў раннім юнацтве. Міхал Клеафас Агінскі мог бы зрабіць музычную кар’еру. Сярод яго твораў — маршы, вальсы, мазуркі, рамансы і нават оперы. Багатая на падзеі, напоўненая самаадданым служэннем радзіме біяграфія князя заслугоўвае таго, каб быць вядомай у Беларусі, Літве, Польшчы, тых дзяржавах, якія па праву могуць лічыць яго сваім героем», — адзначылі ў выдавецтве.

  • Пра Міхала Клеафаса Агінскага складзена нямала легенд. Ён сам ужо легенда беларускай гісторыі. Яго рэальная біяграфія поўная яркіх падзей. У XVIII стагоддзі род Агінскіх быў адным з самых уплывовых у Беларусі. На землях Вялікага Княства Літоўскага яго прадстаўнікі з’явіліся ў пачатку ХV стагоддзя. Агінскія пастаянна былі блізкія да правіцеляў ВКЛ, а потым і Рэчы Паспалітай, нярэдка выступаючы іх дарадцамі, абаронцамі, займаючы знакавыя дзяржаўныя пасады. Толькі на землях Беларусі роду належалі дзясяткі маёнткаў, у тым ліку Маладзечна, Залессе, Ракаў, Іўе, Бялынічы.
  • Талент палітычнага дзеяча выявіўся ў Міхала Клеафаса Агінскага даволі рана. Палітычную кар’еру ён пачаў у 21 год, быў дэпутатам сейма, паслом у Галандыі і Англіі. За поспехі ў дыпламатычнай дзейнасці ў жніўні 1789 года быў узнагароджаны найвышэйшым дзяржаўным знакам узнагароды — ордэнам Белага арла. Агінскі стаў адным з кіраўнікоў паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, увайшоўшы ў склад Вышэйшага літоўскага савета, часовага ўрада паўстання. Добраахвотна адмовіўшыся ад пасады падскарбія вялікага літоўскага, ён на свае сродкі ўзброіў атрад з 480 чалавек і сам узначаліў яго.
  • Пасля падаўлення паўстання сем гадоў доўжыўся перыяд падарожжаў Агінскага па чужых гарадах і краінах, перш чым ён змог вярнуцца на радзіму. У 1804 годзе царскім указам яму былі вернуты ўсе канфіскаваныя маёнткі. У 1810 годзе Агінскі атрымаў ад Аляксандра І тытул тайнага саветніка і стаў сенатарам Расійскай імперыі.
  • Усяго праз некалькі месяцаў пасля назначэння ён падаў імператару праект заснавання Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай і Падольскай губерняў. Аднак лёс зямель былога ВКЛ застаўся без змяненняў. Пераканаўшыся, што як палітык ён больш нічога не зможа зрабіць на карысць радзімы, Агінскі ў 1823 годзе паехаў у Італію.
  • Памёр Міхал Клеафас Агінскі ў Фларэнцыі 15 кастрычніка 1833 года. Італьянцы прызналі яго вялікім чалавекам і ўдастоілі гонару быць пахаваным у пантэоне Санта Крочэ, дзе знаходзяцца саркафагі самых знакамітых італьянцаў усіх часоў — Галілея, Мікеланджэла, Керубіні, Расіні.

«Кніга прызначаная для школьнікаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй», — дадалі ў «Беларускай энцыклапедыі».

Прэв’ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.