Вы тут

Раім паглядзець


Музычныя інструменты Браслаўшчыны, «Кібербаскетбол. Турнір зорак», WATCH DOCS Belarus, анлайн-вандроўка па грабніцах у Егіпце, Праект «Мастак і горад» анлайн і іншае — афіша «Звязды».


Прэм’ера Купалаўскага тэатра «Кароль Лір»

Дзе: VOKA, voka.tv

Калі: 29 мая, у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

29 мая на відэасэрвісе VOKA адбудзецца трансляцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Кароль Лір». Пастаноўку можна будзе ўбачыць бясплатна з любой кропкі Беларусі. Анлайн-паказ праводзіцца ў рамках спецыяльнага праекта да 100-га сезона тэатра, які праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра — кампаніі А1, паведамілі ў прэс-службе кампаніі.

«Кароль Лір» стаў першай і галоўнай прэм’ерай юбілейнага сезона – да гэтай знакамітай п’есы купалаўцы звярнуліся ўпершыню. Каб героі Шэкспіра загаварылі па-беларуску, для пастаноўкі рэжысёр Мікалай Пінігін узяў тэкст Юрыя Гаўрука — выбітнага перакладчыка і ў мінулым рэдактара тэатра.

Сцэнаграфія і касцюмы да гэтага спектакля зроблены маладой мастачкай Кацярынай Шымановіч, чыя дэбютная праца на вялікай сцэне Купалаўскага — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» — стала адным з галоўных тэатральных адкрыццяў мінулага сезона. Музыка да пастаноўкі напісана кампазітарам Андрэем Зубрычам.

У ролі Ліра — народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Выхаваўшы трох дачок, кароль Брытаніі вырашае падзяліць дзяржаву на часткі і аддаць карону. Стомлены ўладар хоча дажыць свае дні ў любові. Але нашчадкі думаюць інакш — атрымаўшы уладу, яны адмаўляюцца ад бацькі і старога караля. Лір становіцца выгнаннікам у голым полі, дзе ад колішняй велічы засталіся цьмяныя ўспаміны.

Ролі дачок Ліра выконваюць Вікторыя Чаўлытка (Ганерылья), Валянціна Гарцуева (Рэгана) і Марта Голубева (Кардэлія). Таксама ў спектаклі задзейнічаныя Дзмітрый Есяневіч, Раман Падаляка, Ігра Сігоў, Андрэй Градабоеў, Іван Кушнярук, Іван Трус, Андрэй Дробыш, Аляксандр Казела, Аляксандр Паўлаў, Аляксандр Зелянко, Андрэй Кавальчук, Павел Астравух, Міхаіл Світа, Павел Паўлюць.

Прамы эфір 29 мая будзе даступны ў мабільным прыкладанні VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі нават без аўтарызацыі. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Паказ пачнецца а 19-й гадзіне.


Вялікі музычны фэст

Дзеvk.com/velopouchesbyvelo.com.by

Калі: па 29 мая, у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

У Беларусі стартуе зусім новая хваля музычных анлайн-вечарынак розных жанраў і тэматык, ад рока да фламенка, у самых нечаканых месцах горада. Ад Мінскага мора да любімых устаноў, не выходзячы з дому.

  • 9 інтэрактыўных трансляцый;
  • андэграўнд-пляцоўкі;
  • модныя кірункі і вядомыя артысты;
  • падарункі і бонусы.

Усяго дзевяць трансляцый з рознымі гасцямі будуць выходзіць па серадах і пятніцах у 20:00 і доўжыцца да поўначы.

Праграма фестывалю:

  • 27.05 — AKUTE;
  • 29.05 — Кавер.

Мінулыя стрымы можна паглядець у любы час: 

  • Тэхна;
  • Фламенка;
  • Mustelide;
  • Хіп-Хоп;
  • Goom Gum (SPB).

Віртуальная выстава «Забароненыя зоны»

Дзеatmasfera.by

Калі: у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

Віртуальная выстава «Забароненыя зоны» (18+) прысвечана табуяваным тэмам, пра якія складана, дыскамфортна, не прынята казаць услых.

Праект аб’ядноўвае працы 9 мастачак з Брэста і Мінска, якія створаны ў розных медыя: графіка, фатаграфія, калаж, тэкстыль, відэа, мультымедыйная інсталяцыя.

Задача выставы — дазволіць мастачкам выказаць набалелае, а гледачам пазбавіцца ад унутраных блокаў, комплексаў, сумненняў і самацэнзуры (а яшчэ навучыцца супрацьстаяць цэнзуры грамадскай).

Яшчэ адна важная тэма, з якой папрацавалі мастачкі, — тэма экалогіі. Нягледзячы на тое, што яна візуальна менш шакавальная і здаецца далёкай, такой, якая тычыцца гледачоў толькі недзе ў перспектыве, гэта адна з самых страшных праблем нашага часу. Усе бачылі гэтую зіму без снегу і чыталі пра кітоў, якія сілкуюцца пластыкам.


Музычныя інструменты Браслаўшчыны. Віртуальная выстаўка

Дзеtkach.polotsk.museum.by

Калі: у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

Музычныя інструменты Беларусі – яскравая і самабытная з’ява ў традыцыйнай культуры. Нашы продкі выкарыстоўвалі іх не толькі падчас святаў, але і ў паўсядзённым жыцці.

Выстаўка «Музычныя інструменты Браслаўшчыны» знаёміць з самымі вядомымі, а таксама найбольш цікавымі інструментамі XIX і XX стст. з фондаў Браслаўскага музея. На ёй прадстаўлена больш за 40 музычных інструментаў: струнныя і духавыя, ударныя і мембранныя, а таксама самагучальныя. 

Кожны прадмет мае сваю гісторыю і свае асаблівасці…

Першыя музычныя інструменты, самагучальныя, з’явіліся, бясспрэчна, у глыбокай старажытнасці, калі першабытны чалавек шляхам удараў або трэння прадмета аб прадмет даваў выхад сваім пачуццям ці, можа, імкнуўся ўзмацніць уздзеянне магічных заклінанняў супраць прыроднай стыхіі.

На выстаўцы вы зможаце паглядзець на інструменты, а таксама паслухаць іх гучанне.


Паказы спектакляў Тэатра юнага гледача

Дзеyoutube.com

Калі: па 31 мая

Колькі каштуе: бясплатна

Запісы спектакляў з архіва тэатра можна паглядзець на YouTube-канале Тэатра юнага гледача.

Трансляцыя распачнецца ў 18:00 і будзе даступная гледачам 24 гадзіны.

Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача – адзіны дзяржаўны тэатр у Беларусі, які спецыялізуецца на пастаноўках для дзяцей і падлеткаў.


Вялікі тэатр Беларусі адзначыць дзень нараджэння анлайн

Дзеbolshoibelarus.byyoutube.com

Калі: 25 мая

Колькі каштуе: бясплатна

25 мая на працягу ўсяго дня Вялікі прымае і транслюе ў сацыяльных сетках віншаванні ад артыстаў і публікі. Акрамя таго, тэатр запрашае гледачоў на Дзень адчыненых дзвярэй — праўда, віртуальны, на платформе YouTube і на афіцыйных старонках у сацсетках.

А 15 гадзіне гледачоў запрашаюць зазірнуць у рэпетыцыйныя залы і «пабываць» у жывапісным цэху, убачыць знутры работу галоўнага хормайстра і дырыжораў. Сваімі ўспамінамі і гісторыямі пра любімую работу, якая для многіх стала другім домам, падзеляцца мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар’еў, хармайстар Ніна Ламановіч, балетмайстар Юрый Траян, прыма Аксана Волкава, Іван Касцяхін, Таццяна Шэметавец і многія іншыя.

«Фармат анлайн-сустрэч з гледачамі для нас пакуль што нязвыклы, але мы абавязкова парадуем іх сюрпрызамі, паколькі Дзень адчыненых дзвярэй быў і застаецца нефарматным мерапрыемствам, — зазначае вядучы рэдактар маркетынгавых камунікацый Вялікага тэатра Алена Балабановіч. — Таму ў адмысловым святочным канцэрце нашы вядучыя салісты раскрыюцца з новага боку: Анастасія Масквіна спяе пад гітару бардаўскія песні, Анастасія Малашкевіч выканае джаз, а Дзмітрый Шабеця — «Купалінку», а саліст балета Іван Савянкоў пакажа, што ў яго ёсць і вакальны талент…». Трансляцыя канцэрту пачнецца а 19 гадзіне.


Турнір па віртуальным баскетболе. «Кібербаскетбол. Турнір зорак» 

Дзе: VOKA, voka.tv

Калі: 28 мая, 19:00; +запіс

Колькі каштуе: бясплатна

28 мая на відэасэрвісе VOKA адбудзецца трансляцыя ўнікальнага анлайн-турніру. Упершыню ў гісторыі беларускага кіберспорту і баскетбола ўдзельнікамі віртуальнага першынства стануць айчынныя прафесійныя гульцы.

«Кібербаскетбол. Турнір зорак» пройдзе па ініцыятыве Беларускай федэрацыі баскетбола і Беларускай федэрацыі камп’ютарнага спорту. Тэхнічную падтрымку ў правядзенні турніру акажа кіберспартыўная арганізацыя Pavaga Gaming.

За кубак чэмпіёна ў гульні NBA 2k20 для кансолі Sony PlayStation 4 у прамым эфіры на VOKA будуць змагацца чатыры зоркі беларускага баскетбола: Максім Лютыч, Андрэй Рагазенка, Наталля Дашкевіч і Аляксандр Семянюк. Пакуль афлайн-спаборніцтвы і камандныя трэніроўкі пастаўленыя на паўзу, прафесійныя спартсмены прадэманструюць свае навыкі ў анлайн-баталіях, каб высветліць, хто з іх лепш гуляе ў баскетбол у віртуальнай рэальнасці.

«Кібербаскетбол. Турнір зорак» падорыць айчынным заўзятарам першую за доўгі час магчымасць убачыць любімых спартсменаў у справе і акунуцца ў атмасферу гульні, не выходзячы з дому. У рамках трансляцыі таксама можна будзе ўбачыць інтэрв'ю з гульцамі і іх настаўнікамі, дзе яны раскажуць пра рэжым трэніровак ва ўмовах пандэміі, а таксама паразважаюць на тэму класічнага і віртуальнага баскетбола.

Чатыры ўдзельнікі спаборніцтва ў спецыяльна абсталяванай студыі пазмагаюцца за званне лепшага з лепшых.

Святлодыёдны экран высокай разрознасці дазволіць ператварыць пляцоўку ў віртуальны корт і стварыць неабходны як удзельнікам, так і гледачам эфект пагружэння ў гульню. Весці рэпартаж пра падзеі турніру будуць прафесійныя каментатары.

Здымка пры дапамозе live-cam дасць магчымасць гледачам трансляцыі бачыць не толькі саму гульню, але і жывыя эмоцыі гульцоў. Сваімі непасрэднымі ўражаннямі ўдзельнікі турніру будуць дзяліцца ў серыі флэш-інтэрв’ю пасля кожнай сустрэчы. Пераможца турніру «Кібербаскетбол. Турнір зорак» атрымае на памяць чэмпіёнскі кубак.

Трансляцыя падзеі «Кібербаскетбол. Турнір зорак» з удзелам прафесійных беларускіх баскетбалістаў будзе даступная на VOKA. Трансляцыя будзе бясплатная і без аўтарызацыі для ўсіх карыстальнікаў — як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Глядзець яе можна на сайце voka.tv або ў дадатку VOKA для мабільных прылад і Smart TV. Пасля завяршэння прамога эфіру запіс будзе даступная для прагляду ў рэжыме архіва.


Міжнародны фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus

Дзе: voka.tv

Калі: па 29 мая

Колькі каштуе: бясплатна

Міжнародны фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS Belarus і VOKA аб’ядноўваюцца ў доўгачаканай для многіх калабарацыі: адборная і рэзанансная дакументалістыка аб правах чалавека будзе даступная анлайн на працягу цэлага тыдня. З 21 па 29 мая на платформе VOKA вы зможаце ўбачыць 10 самых яркіх фільмаў з калекцыі фестывалю бясплатна.

Калі ў струмені інфармацыйнага шуму вы шукаеце па-сапраўднаму годны ўвагі кантэнт, здольны пашырыць, а магчыма, і пахіснуць вашу карціну свету, то эстэтычная дакументалістыка WATCH DOCS зробіць сваю справу.

Прыцэльныя расследаванні, блізкія і далёкія пранізлівыя асабістыя гісторыі на фоне цэлых эпох, вера і бязвер'е ў чалавецтва, замежная і беларуская дакументалістыка, кароткі і поўны метр — вам будзе з чаго выбіраць.

  • З месца ў кар’ер: WATCH DOCS Belarus рады прадставіць найсвежую прэм’еру — «Сталкеры Чарнобыля», які выйшаў у красавіку гэтага года. Новы фільм ад рэжысёра і прадзюсара Йары Лі распавядае пра горад Прыпяць сёння, вар’яцкі прыцягальны для сталкераў і турыстаў. Райскі гарадок, які прайшоў праз пекла, зноў адраджаецца — але ўжо ў іншы рай?
  • Фестываль таксама запрашае зазірнуць за акіян і зразумець, што ў траўме ядзерных выпрабаванняў мы не такія самотныя. Пра сваё пекла вам змогуць распавесці героі фільма «Атамныя салдаты» — сведкі і ўдзельнікі ядзерных выпрабаванняў ЗША ў 70-х.
  • Прайсціся па беларускіх балотах пад музыку «Нагуаль» і меладычны гоман мясцовых жыхароў можна з фільмам Ігара Чышчэні «Подых балот». А аматары прайсціся па вастрыі забароненых да адкрытага абмеркавання ў Беларусі тэм ацэняць фільм «Падзямелле надзеі», які распавядае пра досвед легалізацыі марыхуаны ў медыцынскіх мэтах у суседняй Польшчы.
  • Фільм «Вырасла, пакуль ты спала», які выклікаў эмацыйныя абмеркаванні на афлайн-паказах, раскажа пра жыццё і самавызначэнні беларусаў у эміграцыі, а таксама аб тонкай сямейнай сувязі скрозь пакаленні і сотні кіламетраў.
  • Прачуць пульс афрыканскага стрыт-арта, танцаў, наіўнага мастацтва і ўбачыць, як усё гэта дапамагае адстаяць сваю годнасць цэламу народу, дапаможа ужо ўпадабаны гледачам WATCH DOCS фільм «Мастацтва супраціву ў Буркіна-Фасо». А за дасціпную іранічнасць у дакументалістыцы ў гэтай дзясятцы адказвае кароткаметражка Святланы Шымко «Ленінапад» аб дэкамунізацыі Украіны.

Анлайн-вандроўка па магільнях у Егіпце

Дзеemosurf.com

Калі: у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

Егіпецкае Міністэрства па справах старажытнасцяў, якое займаецца абаронай і захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны краіны, запусціла серыю бясплатных анлайн-падарожжаў па грабніцах і іншых знакамітых будынках Егіпта.

Віртуальныя туры ўяўляюць сабой 3D-мадэлі памяшканняў, складзеныя з мноства здымкаў. Праглядаць грабніцы можна гэтак жа, як вуліцы на картах Google. Па віртуальнай копіі збудавання можна свабодна перамяшчацца, набліжаць камеру і разглядаць нават драбнюткія дэталі, пры гэтым вам не перашкодзяць іншыя наведвальнікі.

Для наведвання даступныя ўжо восем лакацый:

  • Грабніца фараонаў Рамзэса V і Рамзэса VI;
  • Катакомбы Ком эль-Шукафа;
  • Некропаль Бені-Хасан;
  • Сінагога Бэн Эзра;
  • Мячэць-медрэсэ султана Баркука;
  • Чырвоны манастыр;
  • Грабніца царыцы Мерэсанх III;
  • Грабніца Менны.

Анлайн-экскурсіі па майстэрнях мастакоў

Скрыншот майстэрні Марыны Капілавай.

Дзе: artfest.by

Калі: па 31 мая

Колькі каштуе: бясплатна

Пакуль усе запланаваныя Art Is праекты адмененыя ці перанесеныя на нявызначаны тэрмін, каманда фестывалю накіравала ўсе свае сілы на распрацоўку анлайн-праектаў.

Першы з іх — платформа для анлайн-экскурсій па выставах і галерэях: вам прапануюць пачаць з паходаў па майстэрнях мастакоў. Арганізатары гатовыя прыадчыніць для вас заслону над гэтымі таемнымі прасторамі, у якіх ствараюцца творы мастацтва.

Цяпер для наведванняў даступныя:

  • майстэрня Васіля Зянько;
  • майстэрня Усевалада Швайба;
  • майстэрня Марыны Капілавай;
  • Выстава Петушкова + Бяляўская;
  • Выстава 75 гадоў памяці;
  • Майстэрня графіка Валерыя Славука.

Праект «Мастак і горад» анлайн

Дзеhigminsk.by

Калі: па 14 чэрвеня

Колькі каштуе: бясплатна

Сёлета выставачны праект «Мастак і горад» упершыню адкрываецца ў анлайн-рэальнасці. Жадаючым наведаць экспазіцыю не трэба выходзіць з дому — дастатква зайсці на сайт праекту і здзейсніць віртуальны тур па сталічнай плошчы Якуба Коласа.

Тут у панарамным фармаце наведвальнікі ўбачаць кубічныя канструкцыі з рэпрадукцыямі карцін. Карыстальнік можа агледзець кожны куб з усіх бакоў. Пры націску на рэпрадукцыю карціна адкрыецца ў фармаце фатаграфіі высокай якасці.

У экспазіцыі 32 работы, частка з якіх напісана жывапісцамі творчага аб'яднання «Квадрат», якое па праву можна назваць спадчыннікам УНОВІСа. «Квадрат» у экспазіцыі прадстаўлены працамі Аляксандра Малея — заснавальніка аб'яднання, Мікалая Дундзіна, Віктара Шылко, Аляксандра Дасужава, Аляксандра Сляпова і Валерыя Чукіна.

Выставачны праект плануецца запусціць у афлайн-фармаце, як толькі гэтаму будзе спрыяць эпідэміялагічная сітуацыя. Таксама ў планах пераезд экспазіцыі з Мінска ў Віцебск — горад, дзе зарадзілася творчае аб’яднанне УНОВІС.


Адкрытыя ўрокі па акустычнай гітары анлайн

Дзеtornado-music.by/guitar-online

Калі: па 31 мая

Колькі каштуе: уводны ўрок бясплатна, рэгістрацыя

Заняткі па гітары праводзяцца анлайн кожны дзень.

  • Жывыя анлайн ўрокі з педагогам (не запіс).
  • Не трэба марнаваць час на дарогу.
  • Займайцеся камфортна з дому.
  • Падбор зручнага для вас часу.

Таксама арганізатары дапамогуць разабрацца, як падключыцца да ўрока і якую гарнітуру выбраць. Уводны анлайн ўрок бясплатны, на ім можна прысутнічаць без гітары.


Таксама паглядзіце пяць тэатраў, у якiя можна схадзiць анлайн на тыднi

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.