Вы тут

ТурНягоды. Маладыя сужэнцы набылі пуцёўку, а пасля адмены рэйсу ім не вярнулі грошы


Маладыя сужэнцы Ігар і Дар'я Бачкуновы з Гомеля доўгі час марылі аб першай сумеснай вандроўцы і адпачынку на моры. Грошы на паездку, дзе ўсё ўключана, адкладвалі. На пачатку сакавіка набылі пуцёўку: 11 дзён у Егіпце. Пакавалі ўжо чамаданы, але праз чатыры дні званок з турагенцтва спусціў іх з нябёсаў на зямлю — рэйс адменены. Адчуванне таго, што гэта памылка, змянілася расчараваннем і нервамі. Яны даслалі на адрас турфірмы ліст з просьбай вярнуць грошы — 1480 рублёў. Атрымалі адмову.


— У нас было не ранняе браніраванне. Набылі пуцёўку, калі заставалася сем дзён да вылету, і ўсю суму наш турагент пералічыў на рахунак тураператара, — тлумачыць Дар'я Бачкунова, якая цяпер упэўнена, што рэалізатар туру выканаў свой абавязак і да яго не можа быць прэтэнзій. — Але тады на эмоцыях паспяшаліся падаць іск у суд на турагенцтва. Да выдаткаў за пералёт і пражыванне ў ім абазначылі таксама суму маральнай кампенсацыі — на абаіх тысяча рублёў.

Праўда, да суда справа не дайшла. Ацаніўшы сітуацыю, Дар'я з Ігарам яшчэ раз сустрэліся з кіраўніком турагенцтва.

— Ён прывёў доказы, чаму не можа вярнуць нам грошы. Тэлефануе нам, можа, праз дзень. Разам сочым за сітуацыяй. Мы ж не адны такія. Магчыма, у хуткім часе становішча з «замарожваннем адпачынку» зменіцца, будуць вызначаны ўмовы вяртання грошай, — кажа дзяўчына і дадае, што задаволена, бо турагент не пакінуў іх. Разам шукаюць выйсце з непрыемнай сітуацыі.

Як высветлілася, — сям'ю супакойвае надзея на выплату страхоўкі, якую яны аплацілі ў дадатак да пуцёўкі.

— Чакаем рашэння ад страхавой кампаніі, — тлумачыць гамяльчанка. — Калі не атрымаецца, то можна будзе скарыстацца магчымасцю і перанесці адпачынак — паляцець пазней, ёсць прапановы аж да красавіка наступнага года.

У любым выпадку маладыя людзі прыйшлі да высновы, што лепш выстаўляць прэтэнзіі да тураператара, а не да турыстычнага агенцтва.

— Страхавы пакет адной з украінскіх кампаній на пуцёўкі менавіта гэтага тураператара прапаноўваўся для набыцця толькі на працягу шасці дзён, — тлумачыць Канстанцін Скачкоў — дырэктар гомельскага турагенцтва, кліентамі якога і сталі сужэнцы Бачкуновы. — Страхавая кампанія запытала ад нас вялікі пакет дакументаў, да таго ж трэба было даслаць скрыншоты ўсіх дзеянняў у асабістых кабінетах: як адбывалася аплата, у які тэрмін паступілі грошы на рахунак тураператара.

Канстанцін кажа, што дакументы з Гомеля адправілі па пошце яшчэ 23 сакавіка. Пацвярджэнне того, што іх атрымалі ў Кіеве, прыйшло толькі 14 красавіка.

— Цяпер страхоўшчыкі чакаюць дакументальнага пацвярджэння плацяжоў ад тураператара. Увогуле сітуацыя ўнікальная. Сваім кліентам, якія цяпер не могуць вылецець, мы прапануем перабраніраваць рэйсы на больш познія даты. Разлічваем на тое, што сітуацыя зменіцца.

Канстанцін Скачкоў падкрэслівае, што яго прадпрыемства сем гадоў на рынку турпаслуг. У тым, што цяпер няма магчымасці вярнуць пакупнікам грошы, ён цвёрда ўпэўнены:

— Уся сістэма работы турыстычнай сферы — гэта пастаянны абарот сродкаў: ад кліента турфірмы пакідаюць сабе ад 5 да 11 працэнтаў, у залежнасці ад кошту туру, астатняе пералічваюць тураператару. Ён адпаведна — авіякампаніям, трансферам, гатэлям і гэтак далей. У авіякампаніі білеты выкупляюцца за год да пачатку сезона.

Праблема яшчэ і ў тым, тлумачыць турагент, што цяпер парушаны добрыя сувязі з усімі бакамі туріндустрыі: ніколі не было такого, каб узнікалі цяжкасці нават са стасункамі:

— Мы працуем з усімі буйнымі тураператарамі. Адпраўляем запыт — адказ па Беларусі чакаем не менш за тыдзень, з украінскіх офісаў — да чатырох дзён. Вельмі цяжка працаваць. Некаторыя кампаніі прагназуюць заняпад турыстычнага рынку на 90 %.

Між тым сужэнцы Дар'я і Ігар Бачкуновы, калі вырашылі адмовіца ад прэтэнзій як пакупнікі паслугі турагенцтва, напісалі ў суд заяву аб адмове ад іску. Гэта аўтаматычна закрыла для іх магчымасць звярнуцца ў суд з пазовай аб абароне правоў спажыўцоў паўторна.

Аднак ёсць і іншыя прыклады. Апошнім часам з Гомельскай гарадской арганізацыяй ГА «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» заключана пяць дагавораў аб прадстаўленні інтарэсаў у судзе. У двух выпадках спажыўцам турфірмы прапанавалі падпісаць міравое пагадненне.

— Усе спажыўцы, якія звярнуліся да нас, рыхтаваліся адпачыць за мяжой, — юрыст арганізацыі Андрэй Бабіч падкрэслівае, што ніхто не шукае канфліктаў. — Напрыклад, днямі спажывец, якія заплаціў амаль 3700 рублёў за паездку на Кубу, пагадзіўся на «міравое» з турагенцтвам. Канешне, прадавец турпаслугі разумее, што калі прайграе справу ў судзе, то трэба будзе не толькі вярнуць унесеныя грошы спажыўцу, але выплаціць няўстойку, можа і маральную кампенсацыю, штраф у мясцовы бюджэт і пакрыць выдаткі таварыства абароны правоў спажыўцоў. Аднак на стадыі падачы пісьмовай прэтэнзіі турагенцтвы не згаджаюцца на выплату кошту пуцёўкі.

Пры гэтым, калі спажыўцу да судовага разбору прадавец вярнуў грошы за білеты, напрыклад, а пакупнік усё роўна не забраў судовую пазову, то ён павінен рыхтавацца да таго, што маральнай кампенсацыі ў судзе можа і не дачакацца, папярэджвае юрыст:

— Праблема, на маю думку, у тым, што закон, канешне, на баку спажыўца, а не турфірмы, якая фактычна не аказала аплачаную паслугу, — дзеліцца ён меркаваннем. — Можна выйграць суд, але ў турагента няма грошай на рахунку, маёмасці ў юрыдычнай асобы таксама няма, турфірма банкрут, а судовыя разборы будуць доўжыцца месяцы.

Заяву аб абароне сваіх правоў у судзе напісаў і гамяльчанін Віктар Новікаў. Мужчына аплаціў паслугі транспартна-турыстычнага прадпрыемства, якое павінна было забяспечыць вылет яго непаўналетняй дачкі ў Афіны.

— Аплаціў без малога 490 рублёў, было ранняе браніраванне білетаў, — тлумачыць Віктар Васілевіч, дачка якога павінна была ляцець у Грэцыю на тры дні на спаборніцтвы па дзюдо. — Заключылі дагавор яшчэ 10 лютага. Ніхто ж не ведаў, што закрыюць межы. Мая дачка ў камандзе нацыянальнай зборнай і мела намер ляцець разам яшчэ з двума хлопцамі-дзюдаістамі.

Рэйс адмянілі, грошы абяцалі вярнуць, але не цалкам. Маўляў, менавіта ў дзень адмены рэйса авіякампанія ўнесла змены ва ўмовы вяртання грошай за паездку: «замарожваюць» паслугу на тэрмін да года. Гамяльчанін накіраваў іск у суд:

— Бо гэта не той выпадак, калі пераносіш адпачынак, напрыклад. Спаборніцтвы адмяніліся, і больш няма нагоды ляцець. На дасудовай сустрэчы прадпрыемства дало згоду вярнуць нам грошы за білеты, мы іх забралі, але пазова ж усё роўна перададзена ў суд.

Дарэчы, у горшым становішчы ў якасці спажыўца апынуўся трэнер тых самых дзюдаістаў, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Яўген Бядулін. За свае грошы ён набыў білеты для выхаванца. Аддаў амаль 600 рублёў:

— Білеты куплялі на спаборніцтвы больш чым за месяц да вылету, — кажа трэнер і тлумачыць, што спартсменам выплачваюць камандзіровачныя звычайна перад самым вылетам, таму ў хлопца не было сваіх грошай і трэнер яго падтрымаў. — Спаборніцтвы адмянілі, але білеты мы адразу не здалі, бо нас палохалі, маўляў — згубіце 30 % ад кошту. Праз два дні адмянілі і рэйсы. Мы звязаліся з турагенцтвам і папрасілі вярнуць грошы. Нам сказалі, што могуць вярнуць толькі пэўны працэнт ад усёй сумы — 386 рублёў і запэўнілі, што ў іншым выпадку не атрымаеце нічога.

Яўген Бядулін і малады спартсмен пагадзіліся на прапанаваную выплату:

— Цяпер думаем, што паспяшаліся, бо ўсё ж такі брала ад нас грошы транспартна-турыстычнае прадпрыемства, атрымліваецца, яно павінна разлічыцца.

Дзюдаісты склалі ў пісьмовай форме прэтэнзію і даставілі яе на электронны адрас і заказным лістом па пошце на прадпрыемства. Праз 14 дзён у выпадку адмовы ці проста ігнаравання спартсмены таксама збіраюцца падаваць іскавую заяву ў суд.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: travel.rambler.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Запушчаная кампанія па дапамозе медыкам ByCovid19 перарасла ў буйны «антыкаранавірусны» рух.

Культура

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Гэта была сенсацыя: у 2018 годзе быў паказаны страчаны фiльм Дзiгi Вертава.

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.