Вы тут

«Шчыры абед» ад шчырага сэрца. У Мінску валанцёры дастаўляюць гарачыя стравы для ўразлівых катэгорый грамадзян


Пажылыя адзінокія людзі, былыя вязні канцэнтрацыйных лагераў, ахвяры вайны заўсёды мелі патрэбу ў клопаце і падтрымцы. Асабліва актуальнай стала апека над імі цяпер, падчас пандэміі каранавіруса. Зразумела, што найчасцей — гэта людзі з мноствам хранічных захворванняў, якім небяспечна выходзіць на вуліцу, у краму, аптэку. На дапамогу ім прыйшлі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, розных фондаў, валанцёры.


У прыватнасці, 1 мая стартавала і будзе дзейнічаць на працягу трох месяцаў праграма падтрымкі «Шчыры абед». У яе межах бясплатнае гарачае харчаванне атрымліваюць найбольш уразлівыя грамадзяне, якія жывуць у сталіцы. Праграма накіравана на падтрымку падчас пандэміі СОVІD-19 пажылых людзей, што маюць у гэтым патрэбу. У першую чаргу — гэта сведкі ваенных падзей, сярод якіх былыя вязні нацызму; людзі, якія былі вывезены ў Германію на прымусовыя работы; дзеці вайны і праведнікі міру.

Праграму рэалізуюць Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханеса Рау (ІBB Mіnsk), гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа пры фінансавай падтрымцы Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра і нямецкай дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Рэнавабіс».

— У сваіх адукацыйных праграмах ІBB Mіnsk працуе з сацыяльна ўразлівымі групамі, у тым ліку са сведкамі ваенных падзей, а ў сітуацыі распаўсюджання каранавіруса яны знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі. Такім чынам мы выказваем удзячнасць і падтрымку ўсім, хто пацярпеў ад ваенных злачынстваў, — расказаў пры сустрэчы ўдзельнік праекта і эксперт па ўстойлівым развіцці ў ІBB Mіnsk Ларс Шміт. — На жаль мы не можам дапамагчы ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу, паколькі абмежаваныя ў фінансавых і людскіх рэсурсах. Пакуль мы дастаўляем гарачыя абеды 35 пажылым людзям, але праз месяц плануем павялічыць колькасць адрасатаў удвая. Мы вельмі ўдзячныя калегам з Беларускага Чырвонага Крыжа, якія забяспечылі праект валанцёрамі.

— Рэстаран «Вестфалія» (ІBB Mіnsk) гатуе комплекс гарачых абедаў на два дні. Дастаўляюць іх валанцёры тры разы на тыдзень на працягу трох месяцаў бескантактна. Валанцёры праходзяць у Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа анлайн-інструктаж па мерах бяспекі ў перыяд пандэміі, ім выдаюцца індывідуальныя сродкі аховы: маскі, пальчаткі, дэзынфікуючыя сродкі. Валанцёры дастаўляюць абеды пешшу або на сваім транспарце па Маскоўскім раёне сталіцы. Таксама з дапамогай сэрвісу «Яндэкс. Таксі» давязуць валанцёраў, якія не маюць асабістага транспарту, да патрэбнага адрасата. Разам з абедам пажылыя людзі атрымліваюць памятку-інструкцыю аб бескантактнай дастаўцы і брашуру па прафілактыцы і ахове ад СОVІD-19 ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

— Да Дня Перамогі кухары дадаткова для нашых падапечных прыгатавалі дэсерт, які прыдумалі самі. Акрамя таго, мы павіншавалі іх паштоўкамі, кветкамі, — кажа Анастасія Рыжанкова, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ММАЦ.

Пакуль мы гутарылі з Анастасіяй, работнікі «Вестфаліі» прыгатавалі абеды.

Дарэчы, збалансаванае меню кожны тыдзень мяняецца. Работнікі кухні, зыходзячы з магчымасцяў, імкнуцца, каб яно было разнастайнае: сёння, напрыклад, рыба, заўтра — курыныя катлеты.

А вось і валанцёры пачалі збірацца. Яны выносяць стравы, упакаваныя ў кантэйнеры і спецыяльныя пакеты, змяшчаюць у каробкі. Мы з фотакарэспандэнтам звяртаем увагу на спрытную стройную дзяўчыну. Гэта Віялета Марэцкая. Цікавімся, якім чынам яна трапіла ў валанцёры.

— Я вучуся завочна ў клінічнай ардынатуры дзіцячага хірургічнага цэнтра па спецыяльнасці «дзіцячая хірургія». Таму ёсць вольны час. Пра Чырвоны Крыж я ведала раней, гэта — вядомая арганізацыя, вядзе шмат праектаў, таму запоўніла картку валанцёра. Свой першы маршрут прайшла пешшу, бо мае падапечныя жывуць тут непадалёк. Сёння ўбачу іх трэці раз. Яны ўсе дзякуюць за клопат. А адна жанчына нават сказала, што ніколі так смачна не ела. І пажартавала, што хутка ў штаны не ўлезе.

Разам з Віялетай працуе Дзмітрый Пярэдрый на сваім аўтамабілі. Хлопец — будаўнік. На пытанне, што яго прымусіла стаць валанцёрам, адказаў коратка: «Любоў да людзей, калісьці прыняў рашэнне любіць бліжняга».

Звонім у кватэру аднаго з дамоў па праспекце Газеты «Праўда». Надзяваем маскі, дэзынфікуем рукі, узнімаемся на патрэбны паверх. Дзмітрый і Віялета ставяць каля ўваходных дзвярэй зэдлік, куды змяшчаюць абед, і адыходзяць на бяспечную адлегласць.

Іх сустракае ветэран вайны Леанід Ізраілевіч. Мужчына ваяваў на 3-м Украінскім фронце, вызваляў Вену, мае шматлікія ўзнагароды. Жыве з жонкай, да іх прыходзіць сацыяльны работнік.

— Як хочацца вас абняць, мае дарагія, але нельга. Калі ўсё міне, абавязкова гэта зраблю, — кажа ён.

Ветэран дзякуе сваім апекунам за клопат:

— Вельмі смачныя стравы. Хапае на ўсіх, нават застаецца. Пасля вайны мы такіх не елі. Цяжка было, але перажылі ўсё, чалавек да ўсяго прывыкае. Перажывём і гэтую навалу.

Ірына Мікалаеўна жыве адна. Ні сваякоў, ні дзяцей у яе няма. «Адзінокая я, журботная», — усміхаецца яна.

Жанчына вельмі ўдзячная сваім памочнікам:

— Малайцы, сапраўдныя сябры! У краму я хаджу вельмі рэдка, толькі па самае неабходнае. Баюся, у мяне шмат хвароб. Сацыяльнага работніка не заяўляла. Я вельмі пераборлівы чалавек, а ён можа не тое купіць, што мне трэба. А ад валанцёраў значная падтрымка. Абеды смачныя, за два дні не ўсё з'ядаю, нешта даводзіцца і замарожваць.

На развітанне жанчына цікавіцца, колькі будзе працягвацца акцыя. І, пачуўшы, што да канца ліпеня, застаецца задаволеная.

А тым часам нам трэба спяшацца, бо неабходна даставіць «пасылкі» яшчэ па дзевяці адрасах.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фотаздымкі Ганны ЗАНКАВІЧ

У тэму

Намеснік Генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Раманія Скамарошка:

— Ва ўмовах распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа падтрымліваюць адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей, дастаўляючы ім на дом прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці. Мы рады, што валанцёры могуць прыносіць састарэлым людзям, якія маюць патрэбу ў дапамозе, яшчэ і гарачыя абеды. У сваёй рабоце мы выкарыстоўваем прынцып «дастаўкі да дзвярэй кватэры». Гэта дазваляе знізіць рызыку заражэння рэспіраторнымі інфекцыямі для адрасатаў. Хочам выказаць удзячнасць архіепіскапу-мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу за падтрымку гэтага праекта, а таксама дзякуем нашым калегам з ІBB Dоrtmund, якія ініцыявалі кампанію па зборы сродкаў для гэтага праекта ў Германіі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.