Вы тут

Memento mori на сталічным некропалі


На Усходніх могілках з 1952 года спачываюць вядомыя палітыкі, навукоўцы, акцёры, мастакі, спартсмены, героі вайны і працы — эліта грамадства. З 1975 года могілкі адкрыты толькі для ганаровых пахаванняў.


Тут у звычайныя дні пуста не бывае: праводзяцца экскурсіі, цікаўныя гараджане прыходзяць і разглядаюць помнікі і надмагіллі вялікіх і знакамітых. Перад Радаўніцай вялікая колькасць наведвальнікаў разышлася па ўсёй вялікай тэрыторыі (23 га) не дзеля бяздзейнасці, а каб прывесці магілы продкаў у парадак. За трыццаццю ганаровымі магіламі афіцыйна даглядаюць работнікі могілак. Пад іх наглядам знаходзіцца таксама ваенны мемарыял, дзе спачываюць 190 вызваліцеляў Мінска, а таксама 5 брацкіх магіл, у якіх пахавана больш за 50 воінаў.

Усходнія могілкі адпавядаюць лепшым стандартам еўрапейскіх некропаляў. Усходнія, як у Маскве Новадзявочыя могілкі, вядомыя імёнамі людзей, якія ўславілі Беларусь, тут здабылі вечны спакой.

Героі Савецкага Саюза: лётчык Леанід Бяда, Марыя Осіпава і Алена Мазанік, якія падарвалі гаўляйтэра Кубэ. Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі, канструктар, заснавальнік беларускага грузавога аўтапрама. Выдатныя палітыкі: Пётр Машэраў, Ціхан Кісялёў, Фёдар Сурганаў, Сяргей Прытыцкі, Васіль Казлоў, Кузьма Кісялёў і іншыя.

Пісьменнікі і паэты: Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Іван Мележ, Іван Шамякін, Яўгенія Янішчыц, Анатоль Астрэйка, Уладзімір Караткевіч, Іван Чыгрынаў, Васіль Быкаў...

Мастакі, архітэктары і скульптары: Іван Ахрэмчык, Андрэй Бембель, Анатоль Анікейчык, Аляксандр Кішчанка, Уладзімір Жбанаў, Міхаіл Савіцкі, Георгій Паплаўскі, Георгій Заборскі, Май Данцыг (якому якраз 27 красавіка споўнілася б 90 гадоў).

Кампазітары і музыканты: Генрых Вагнер, Анатоль Багатыроў, Мікалай Аладаў, Рыгор Шырма, Уладзімір Алоўнікаў, Яўген Глебаў, Эдуард Зарыцкі, Ігар Лучанок.

Артысты і рэжысёры: Ларыса Александроўская, Дзмітрый Арлоў, Леанід Рахленка, Галіна Макарава, Віктар Лебедзеў, Лідзія Ржэцкая, Павел Кармунін, Вера Полі, Юрый Сідараў, Стэфанія Станюта, Валерый Раеўскі, Аляксандра Клімава, бацька і сын Мікалаі Яроменкі, Віктар Тарасаў, Расціслаў Янкоўскі, Генадзь Гарбук, Мікалай Кірычэнка, Аўгуст Мілаванаў.

Надмагілле Расціслава Янкоўскага.

На помніку колішняга кіраўніка Мінска Міхаіла Паўлава намаляваныя Ратуша і Усіхсвяцкі храм — асноўныя славутасці, пабудаваныя пры яго ўдзеле. Непадалёк знаходзіцца магіла знакамітага хакеіста Руслана Салея, які загінуў у авіякатастрофе. Сюды не зарастае народная сцежка. Зрэшты, як і да магіл усіх, хто спачывае на Усходніх могілках.

Ірына ЯКАЎЛЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.