Вы тут

Турызм не знік, ён стаіць на паўзе


Закрытыя межы, спыненыя авіярэйсы, пустыя гатэлі і масавая ануляцыя тураў — турызм адзін з першых пачаў несці вялікія страты з-за каранавіруса. Сезон-2020 практычна страчаны. Цяжка рабіць нейкія прагнозы наконт далейшага развіцця галіны: нават калі эпідэмія пройдзе і адновяцца транспартныя зносіны, невядома, як сябе будзе паводзіць посткаранавірусны турыст. Каб бачыць больш поўны малюнак на турыстычным рынку СНД, разам пашукаць шляхі выйсця з крызісу, прадстаўнікі туріндустрыі Беларусі, Арменіі, Грузіі і Малдовы абмяняліся думкамі падчас прэс-канферэнцыі анлайн, якую правёў мультымедыйны прэс-цэнтр «Sputnіk Беларусь».


Каранакрызіс

«Турызм не памёр, ён проста спіць», — упэўнены прэзідэнт Армянскай федэрацыі турызму Мехак Апрэсян. Ён згадаў, што раней галіна ўжо перажывала эпідэміі, напрыклад той жа грып Н1N1. Складаны быў перыяд з красавіка 2009-га да красавіка 2010 года, калі ў выніку сусветнага эканамічнага крызісу галіна шмат страціла. Затое ўжо да канца 2010-га справы ў тураператараў усяго свету пайшлі ўгору і колькасць турыстаў стала большая, чым у 2008 годзе. У Арменіі, напрыклад, на той час прырост наведванняў склаў 19 працэнтаў. Таму сёння так важна падтрымаць галіну: гэта будзе своеасаблівае ўліванне ў эканоміку — калі каранакрызіс скончыцца, турысты, якія стаміліся сядзець дома, стануць яшчэ больш актыўныя, турызм ажывіцца і пацягне за сабой іншыя сферы.

Пэўныя захады, каб падтрымаць бізнес, у Арменіі ўжо зроблены. Ад падаткаў турфірмы тут не пазбаўляюць, але яны могуць атрымаць ільготныя крэдыты, каб закрыць усе плацяжы. Натуральна, найлепшым варыянтам для галіны было б, каб крэдыты выдаваліся пад 0 % і на перыяд, не меншы за год, бо патрэбны яшчэ час на аднаўленне.

Калі ўлічыць, што праблемы ў сувязі з каранцінам пачаліся з лютага і як мінімум да 20 мая граніцы могуць аказацца закрытыя, то ўжо можна паспрабаваць падлічыць урон у галіне. На гэты квартал прыпадае 23—25 % агульнагадавой валютнай выручкі. Для Беларусі гэта каля 50 мільёнаў долараў. Старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Піліп Гулы звярнуў увагу на тое, што трэба ўлічваць розныя паказальнікі, у тым ліку і колькасць рабочых месцаў, прамыя і ўскосныя падаткі, статыстычныя звесткі, звязаныя з гасцінічным бізнесам, санаторным лячэннем. Агульная лічба акажацца ўнушальнай, у той жа час яна пакажа значнасць тургаліны для эканомікі.

Гасцініцы і авіякампаніі нясуць каласальныя страты. Граніцы закрытыя, турыстаў няма, а падаткі ніхто не адмяняў, беларускім гатэлям трэба аплачваць «камуналку» авансам. Таму тут вельмі чакаюць падатковых, арэндных паслабленняў. Прычым агульнаэканамічных мер, якія будуць прымацца ў найбліжэйшы час, можа аказацца недастаткова. Трэба ўлічыць шэраг дэталяў, характэрных менавіта для турыстычнай галіны. Іншая справа з вытворчасцю тавараў — пазней іх можна будзе прадаць, — а гасцініцы і санаторыі прапануюць паслугі, і калі ў пэўны перыяд кліент не прыехаў, грошай папросту няма адкуль узяць.

Пэўныя палёгкі атрымалі гасцініцы і тураператары Грузіі — некаторыя падаткі, а таксама выплаты па крэдытах былі адтэрмінаваныя на тры месяцы. Гасцініцы ў краіне перакваліфікаваліся — тут прымаюць на двухтыднёвы каранцін людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы. Мясцовыя аператары спадзяюцца, што да лета граніцы павінны адкрыцца. Нават на май авіярэйсы не зняты. Павольны рост колькасці захворванняў на каранавірус, калі не здарыцца ўспышкі, будзе працаваць на імідж Грузіі як бяспечнай краіны, і таму тут ускладаюць надзеі на замежных турыстаў. «Які будзе посткаранавірусны турыст, мы можам назіраць на прыкладзе Кітая. Калі ва Ухані адкрылі граніцы, знялі каранцін, мы ўбачылі патокі турыстаў, на аб'ектах выстройваліся чэргі. Думаю, турызм — як наркотык. Людзі не могуць без гэтага, ім патрэбна свабода, новыя эмоцыі, падарожжы, — заўважае член Асацыяцыі гідаў Грузіі Кацярына Ламадзэ. — Думаю, уязны турызм у Грузіі будзе развівацца больш станоўча, чым выязны, — усё ж краіна маленькая, на жаль, эканоміка цяпер нясе ўрон, у людзей на гэты момант няма фінансаў. Калі яны здолеюць з такой сітуацыі выкараскацца, пасля змогуць набываць білеты і выязджаць».

Бяспека — будучы трэнд

Іншыя ўдзельнікі дыскусіі таксама мяркуюць, што ў найбліжэйшыя два гады жыхары СНД будуць аддаваць перавагу адпачынку ўнутры сваёй краіны. Таксама стане развівацца межрэгіянальны турызм — падарожнікі пачнуць актыўна знаёміцца з суседнімі краінамі (дарэчы, такі трэнд назіраўся і да пандэміі). Хутчэй за ўсё, турыстаў будуць цікавіць танныя прадукты. Трэба сёння ўлічваць і крытэрый бяспекі, у тым ліку лагістычнай — калі можна хутка і без праблем вярнуцца (напрыклад, нацыянальнай авіякампаніяй) ці калі граніца блізкая. Хутчэй за ўсё, сыдзе экзотыка, асабліва калі на якія «райскія астравы» трэба дабірацца некалькімі авіякампаніямі з перасадкамі на мясцовыя авіярэйсы, — як аказалася, справа гэта рызыкоўная, а посткаранавірусны турыст будзе больш асцярожны. Магчыма, з'явіцца многа гібрыдных прадуктаў, калі людзі будуць спалучаць адпачынак з навучаннем. Выпраўляючыся ў дзелавыя камандзіроўкі, яны паспрабуюць затрымацца на выхадныя ў тых ці іншых гарадах альбо пры добрых зніжках браць з сабой сям'ю.

У Беларусь госці па-ранейшаму будуць прыбываць з Расіі, Польшчы і Прыбалтыкі. «Што датычыцца далёкай дыстрыб'юцыі (у асноўным для Беларусі гэта былі рынкі Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША і Аўстраліі), то попыт не спадзе, але будзе сур'ёзна адкладзены, — мяркуе Піліп Гулы. — Радуе, што беларускі прадукт быў запатрабаваны ў буйных замежных аператараў і большасць з іх падтрымлівае сувязь. Турбізнес знаходзіцца ў стадыі кансервацыі, ён на каранціне і азадачаны сезонам 2021 года. Еўрапейская эканоміка дазваляе мець кампенсацыі, падатковыя прэферэнцыі — адным словам, не думаць пра жорсткае выжыванне. Гэтыя буйныя каналы дыстрыб'юцыі захаваюцца, а значыць, адновяць сваю работу. А далей усё будзе залежаць выключна ад змянення спажывецкіх крытэрыяў попыту».

Хутчэй за ўсё, крызіс прывядзе да перагляду, а можа, нават змены ўласнікаў інфраструктуры, аб'ектаў размяшчэння, якія на працягу гэтых месяцаў будуць адчуваць дастаткова сур'ёзныя фінансавыя праблемы. Але нават у такім выпадку хутчэй за ўсё будуць інвестыцыі ў спа-комплексах, а таксама ў «хвойных» рэгіёнах — такі прыродны рэсурс сёння запатрабаваны. Апошнія гады ў Еўропе расце попыт на лес, экалогію, і людзі ўжо выбіраюць для адпачынку не гарачае сонца, а ўмовы, якія дазваляюць аднавіць сілы і паправіць здароўе.

Час для работы над памылкамі

Цяпер кампаніі працуюць над новымі відамі прадуктаў, нават ва ўмовах каранавіруса не спыняюцца экскурсіі, праўда, яны праходзяць анлайн. Крызіс дае час для работы над памылкамі. Турыстычным саюзам і арганізацыям варта выявіць праблемныя зоны, якія перашкаджаюць ствараць нізкі па сабекошце прадукт. Трэба перагледзець тыя нарматыўна-прававыя дакументы, якія датычацца аб'ектаў размяшчэння дзяржаўнай формы ўласнасці, напрыклад, паказальнікі валютнай выручкі, якія перашкаджаюць эфектыўна працаваць, абмежаванні на маркетынгавую палітыку, калі гасцініцы не могуць бясплатна прыняць рэкламныя інфатуры ці туры з тураператарам .

А вось што рабіць кліентам, падарожжы якіх не адбыліся з-за каранціну, людзям давядзецца вырашаць асабіста. Натуральна, калі ўсе разам пачнуць патрабаваць вярнуць заплачаныя сумы, кампаніі могуць збанкрутаваць. Але калі кліент упэўнены ў тураператары і пагодзіцца на перанос тура ці на ваўчар на пэўную суму на адпачынак, які атрымае пазней, ён такім чынам дапаможа кампаніям працаваць далей.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв'ю: tourprom.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.