Вы тут

Штуршок да новага, крок да лепшага


Значная падзея ў культурным і навуковым жыцці краіны — І Рэспубліканскі краязнаўчы форум — прайшоў на пляцоўках Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. У межах Года малой радзімы арганізатары форуму — Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Нацыянальны гістарычны музей, Беларускі фонд культуры пры падтрымцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Выдавецкага дома «Звязда» — сабралі краязнаўцаў, супрацоўнікаў устаноў культуры, адукацыі, навукі і інфармацыі, студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцаў устаноў агульнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый для абмеркавання стану, праблем і перспектыў краязнаўства ў краіне.


Узнагароду за найлепшае выданне 2017—2019 гадоў атрымлівае намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Юлія Дашкевіч

Мэта форуму — даць магчымасць краязнаўцам з розных рэгіёнаў падзяліцца назапашаным вопытам і прапанаваць канкрэтныя ініцыятывы, а таксама прэзентаваць свае выданні. Атрымалася ці не, змогуць расказаць толькі самі краязнаўцы на наступным форуме, які, ёсць спадзяванні, зноў збярэ аматараў беларушчыны і пакладзе пачатак добрай традыцыі.

— Разлічваем, што гэтая імпрэза здольная згуртаваць вакол сябе краязнаўцаў і стварыць паўнавартасны дыялог паміж усімі, хто рупліва займаецца захаваннем, адраджэннем, трансляцыяй нашай гістарычнай памяці, вывучае гісторыка-культурную спадчыну, хто неабыякавы да сваёй краіны. Галоўнае — каб мы ўсе адчулі сапраўднае свята беларускага краязнаўства і мелі магчымасць пазнаёміцца і абмяняцца думкамі, — зазначыў падчас адкрыцця форуму дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька.

Адна з адметнасцей І Рэспубліканскага краязнаўчага форуму — удзел школьнікаў і студэнтаў. Для іх арганізавалі канфэрэнцыі «Пазашкольнае краязнаўства: вопыт рэгіёнаў» і «Моладзь і краязнаўства». Увогуле ж, ладзіліся секцыі «Краязнаўства ў сістэме навукова-даследчай працы», «Краязнаўства ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыі», «Экалагічнае краязнаўства і турыстычная дзейнасць», а таксама «Асоба ў краязнаўстве: з гісторыі біяграфій беларускіх краязнаўцаў». Ужо запланавана выданне зборніка самых цікавых дакладаў.

У межах форуму падвялі і вынікі конкурсу на найлепшае краязнаўчае выданне за 2017—2019 гады. Паступіла больш чым 200 заявак з усіх рэгіёнаў Беларусі: ад выдавецтваў, бібліятэк, архіваў, музеяў, нацыянальных культурных аўтаномій беларусаў свету і асобных краязнаўцаў. Сярод ключавых тэматычных кірункаў  — 75-годдзе Вялікай Перамогі, кнігі для дзяцей і моладзі, славутыя імёны радзімы, шматканфесійнасць і  шматэтнічнасць Беларусі. Усе конкурсныя выданні можна было ўбачыць на выстаўцы ў Нацыянальным гістарычным музеі, якую склала таксама краязнаўчая літаратура розных часоў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гран-пры конкурсу — у гісторыка Сяргея Чыгрына.

У сучасных умовах існавання грамадства краязнаўству павінна адводзіцца надзвычай важная роля, адзначыў падчас пленарнага пасяджэння Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Краязнаўства адыгрывае значную ролю ў  вырашэнні эканамічных праблем, у тым ліку і ў сферы турызму. Краязнаўства ўздымае імідж той ці іншай мясцовасці і рэйтынг яго жыхароў, выконваючы да таго ж і кансалідуючую функцыю ў час, калі прэцэсы глабалізацыі імкліва развіваюць інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі.

— З аднаго боку, з’ява пазітыўная, бо свет становіцца адзінай прасторай, што садзейнічае ўзаемаўзбагачэнню культур. Але з другога — гэта прыводзіць да сцірання культурнай разнастайнасці і разбурэння этнамоўнай ідэнтычнасці кожнага чалавека паасобку і грамадства ў цэлым. Безумоўна, трэба клапаціцца пра фарміраванне этнічнай і нацыянальнай ідэнтычнасці. Сёння на гэта ўплывае перш за ўсё дэмаграфічная сітуацыя, — патлумачыў Ігар Капылоў.

Так, паводле звестак Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, з пачатку 1980 па 1997 год з карты нашай краіны зніклі 2922 паселішчы. З пачатку ХХІ стагоддзя было афіцыйна скасавана 936 населеных пунктаў. Між тым 1132 паселішчы засталіся без ніводнага жыхара. Па выніках апошняга перапісу, доля сельскага насельніцтва складае каля 22 %. Дарэчы, сёння Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа працуе над стварэннем электроннага рэсурсу пад назвай «Зводны слоўнік беларускіх народных гаворак», які абагульніць назапашанае дыялектолагамі на працягу XX стагоддзя і той матэрыял, што захоўваецца ў архівах і працягвае збірацца падчас экспедыцый.

Важным штуршком для развіцця краязнаўства стала гісторыка-краязнаўчая літаратура, як мастацкая, так і навукова-папулярная. Сярод такіх выданняў  — творы Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» і «Чорны замак Альшанскі», лічыць старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. Распавядаючы пра навукова-даследчыя і выдавецкія праекты, ён звярнуў увагу і на грамадскі праект «Ушануем і захаваем сваю малую радзіму», што скіраваны перш за ўсё на захаванне памяці аб знікаючых вёсках і мястэчках. Да таго ж Тадэвуш Стружэцкі прапанаваў стварыць на базе Нацыянальнай бібліятэкі спецыяльны фонд краязнаўчай літаратуры з уключэннем у  яго і малатыражных выданняў. Сапраўды, якраз бібліятэкі маюць самае напасрэднае дачыненне да краязнаўства. Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дацэнт, кандыдат культуралогіі Алесь Суша, дзесяцігоддзямі краязнаўчы рух у  Беларусі развіваецца надзвычай актыўна:

— Ёсць багата дасягненняў, якія захоўваюць шматлікія інстытуты памяці: архівы, музеі, бібліятэкі. Нам выпаў агульны лёс несці гэтую спадчыну далей. Я ведаю сціпласць многіх краязнаўцаў, якія не адважыліся прыехаць на конкурс, бо яны працуюць у маленькіх вёсках. Гэтая сустрэча — запрашэнне да супрацы. Нам патрэбны новыя ідэі, якія маюць шанц быць рэалізаванымі. Магчыма, нейкія вынікі мы зможам абмеркаваць падчас Міжнароднага кангрэса, прысвечанага краязнаўчай тэматыцы, у Нацыянальнай бібліятэцы ў кастрычніку.

Так, з канкрэтнай прапановай звярнуўся дырэктар выдавецтва «Рыфтур», фатограф і даследчык прыроды Сяргей Плыткевіч. Ён прадставіў краязнаўчы інфармацыйны рэсурс пад назвай «Планета Беларусь», што функцыянуе на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Рэсурс прапаноўвае цікавыя турыстычныя маршруты, пазнавальныя артыкулы пра выдатныя мясціны, асобы, падзеі, а  таксама арыгінальныя фотаздымкі і  многае іншае. Сяргей Плыткевіч запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да стварэння і  ўдасканалення матэрыялаў праекта, які можа стаць вартым інструментам для той ці іншай краязнаўчай арганізацыі. Дарэчы, другі этап праекта — «На арбіце планеты Беларусь» — будзе прысвечаны краінам, дзе жылі знакамітыя беларусы за мяжой.

Гаворачы пра важнасць такіх сустрэч, як Рэспубліканскі краязнаўчы форум, доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк адзначыў:

— Даследчык, які стварае тэксты, жыве да таго часу, пакуль жывуць яго творы. Мне хочацца, каб у беларускай культурнай традыцыі засталіся тыя словы і тыя тэксты, якія вартыя зберажэння, памнажэння і папулярызацыі. Я жадаю ўсім нам пазбавіцца комплексу мізэрнасці (гэтае слова падабаецца мне больш, чым калька з рускай «непаўнавартасці») і комплексу правінцыялаў. За нашымі плячыма — і вялікая традыцыя, і вялікая гісторыя, і вялікая культура. І кожны мусіць любіць, шанаваць і тыражаваць веды аб нашых здабытках.

Якраз у гэтым важнае значэнне краязнаўства, упэўнены Ігар Марзалюк.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.