Вы тут

Выйшла кнiга «Лiбрэта опер Станiслава Манюшкi»


Для ўсiх аматараў музыкi, гiсторыi беларускай лiтаратуры i культуры выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi» выпусцiла новую кнiгу «Лiбрэта опер Станiслава Манюшкi». У ёй сабраныя сем перакладаў лiбрэта опер Манюшкi на беларускую мову, большасць з якiх выдаецца ўпершыню. Кнiга таксама знаёмiць чытача з кароткiмi нарысамi жыцця чатырох лiбрэтыстаў, расказвае падрабязнасцi з гiсторыi беларускiх пастановак опер, змяшчае афiшы iх прэм'ер i ўнiкальныя фотаздымкi. На прэзентацыi выдання дэманстравалi архiўныя фота- i вiдэакадры, а таксама фрагменты опер Станiслава Манюшкi.


Аўтарамi кнiгi выступiлi прафесар Вiктар Скорабагатаў i кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай.

— Мы занялiся выданнем лiбрэта яшчэ некалькi гадоў таму, — успамiнае Вiктар Скорабагатаў. — Першая кнiга «Лiбрэта опер нясвiжскiх кампазiтараў ХVIII–XIX стагоддзя» выйшла ў 2017 годзе. Там было пяць лiбрэта. Цяпер iх сем, з якiх шэсць былi пастаўлены, i мы адшукалi фотаздымкi з гэтых пастановак. Работа ў нас была няпростая i нялёгкая ў тым сэнсе, што мы гэтымi выданнямi займалiся каля пятнаццацi гадоў. Я заўважыў такую акалiчнасць: у XIX стагоддзi былi асобныя выданнi лiбрэта, а вось калi гаварыць пра XX i XXI стагоддзе, то ў Беларусi лiбрэта асобна не выдавалiся. Але я, аб'ездзiўшы многiя краiны як артыст, адзначаў для сябе, напрыклад, што ў «Ла Скала» да кожнай праграмкi абавязкова iдзе ўкладыш з поўным тэкстам лiбрэта. Калi гэта французская опера, то тэкст на французскай i iтальянскай мовах. Такiя ж выданнi мне паказвалi ў «Метраполiтэн». Дарэчы, падобнага роду кнiгарнi там знаходзяцца побач з касамi, дзе прадаюць бiлеты, i пры жаданнi можна адразу набыць ноты, буклеты, праграмкi i ў тым лiку асобныя выданнi лiбрэта опер. У нас такой традыцыi ўжо даўно няма. Апошнiя выданнi падобнага кшталту датуюцца, здаецца, 1903 годам. Таму мы i пачалi выдаваць лiбрэта опер беларускiх кампазiтараў.

«Лiбрэта опер Станiслава Манюшкi» ўводзiць чытача ў свет тэкстаў — лiтаратурных першаасноў сцэнiчных твораў кампазiтара. Тут змешчаны сем перакладаў лiбрэта опер Манюшкi на беларускую мову, пададзеныя ў парадку прэм'ерных паказаў: ад аперэтак i вадэвiляў на словы Аскара Корвiн-Мiлеўскага «Латарэя» (1841) i «Карманьёл, альбо Французы любяць жартаваць» (1842) праз вiленскую канцэртную пастаноўку «Галькi» пяра Уладзiмiра Вольскага (1848), мiнскую «Iдылiю» аўтарства Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча (1852), паваротную ў кар'еры кампазiтара прэм'еру чатырохактавай «Галькi» (1858) да варшаўскiх спектакляў «Слова гонару» (1861) i «Страшны двор» («Зачараваны замак») на лiбрэта Яна Хянцiнскага (1865).

У кнiзе можна знайсцi нямала таго, што акрэслiваецца спакуслiвым для цiкаўных словам «упершыню». Па-беларуску ўпершыню выдаецца большасць з прадстаўленых у кнiзе лiбрэта оперных твораў Манюшкi: у свой час свет пабачылi толькi купалаўскiя пераклады «Iдылii» (супольна з Язэпам Лёсiкам) i чатырохактавай «Галькi». У шэрагу першадрукаў аказаўся нават тэкст лiбрэта «Страшны двор» у перакладзе Максiма Танка, нягледзячы на тое што ў 2006—2012 гадах выйшаў поўны 13-томны збор твораў пiсьменнiка.

Упершыню чытачы пазнаёмяцца не толькi з мастацкiмi тэкстамi, але i з кароткiмi жыццярысамi чатырох лiбрэтыстаў Станiслава Манюшкi, з якiмi ён супрацоўнiчаў непасрэдна, а значыць, мог уплываць на драматургiю твораў i прасоўванне ўласных музычна-тэатральных iдэй. Сумесная творчасць кампазiтара з прадстаўленымi ў кнiзе аўтарамi лiбрэта адбывалася акурат у трох розных гарадах-сталiцах сённяшнiх Лiтвы, Беларусi i Польшчы, для сцэн якiх кампазiтар пiсаў свае оперныя творы. З маладым графам i лiтаратарам Аскарам Корвiн-Мiлеўскiм кампазiтар працаваў у першыя гады жыцця ў Вiльнi. Сумесны праект напiсання «Iдылii» з Вiнцэнтам Дунiным-Марцiнкевiчам нарадзiўся ў вынiку даволi працяглых перыядаў побыту кампазiтара ў Мiнску напачатку 1840-х гадоў. Вiзiт у Варшаву для пастаноўкi «Латарэi» ў 1846 годзе прывёў Станiслава Манюшку да знаёмства з пiсьменнiкам i драматургам Уладзiмiрам Вольскiм, плёнам супрацоўнiцтва з якiм сталi оперы «Галька» i «Графiня». Ужо пасля пераезду кампазiтара ў Варшаву ажыццяўлялася работа са спеваком i рэжысёрам Янам Хянцiнскiм — аўтарам лiбрэта опер «Слова гонару» i «Страшны двор».

Кнiга максiмальна поўна расказвае пра беларускiя пастаноўкi опер, спевакоў-выканаўцаў галоўных роляў, дырыжораў i рэжысёраў. Багаты iлюстрацыйны матэрыял — фотаздымкi са спектакляў — дазволiць пагрузiцца ў атмасферу манюшкаўскага тэатра на беларускiх сцэнах.

Таксама ўпершыню друкуецца i нядаўна знойдзены фрагмент рукапiсу дуэта Юлii i Караля з другога акта славутай «Iдылii»: перакрэслены крыж-накрыж, ён аказаўся змешчаны на адвароце аркуша са спевам Камiсара «Мая люба». Дагэтуль з першай оперы, дзе гучала беларуская мова, быў вядомы толькi клавiр вышэйназванага нумара, а таксама сцэна з фiналу першага акта оперы, рэканструяваная паводле згадкi беларускiх песень у лiбрэта i аўдыязапiсу Стэфанii Сасноўскай.

— Заканамернае пытанне: навошта мы ўвогуле перакладаем оперы Станiслава Манюшкi на беларускую мову, калi наша iнтэлiгенцыя добра ведае польскую, якая з'яўляецца мовай арыгiнала яго твораў? (Праўда, самая першая опера «Швейцарская хатка» была напiсана аўтарам яшчэ ў маладосцi ў Берлiне на нямецкае лiбрэта Карла Блюма. Былi таксама ў яго оперы на французскае лiбрэта, але большасць, вядома, напiсаны па-польску.) Ва ўсiм свеце, як мы ведаем, iснуе тэндэнцыя неперакладу опер з мовы арыгiнала. Тады выкарыстоўваецца бягучы радок з перакладам, i многiя салiдныя оперныя тэатры менавiта так i прадстаўляюць оперныя творы, — адзначае кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай. — Але з операмi Станiслава Манюшкi мы маем крыху iншую культурную сiтуацыю. Мне таксама даводзiлася перакладаць некаторыя лiбрэта, у тым лiку i з гэтай кнiгi, i часам з'яўляецца такое пачуццё, быццам не перакладаеш, а проста расказваеш гэтую музыку па-беларуску. Тады сам працэс перакладу робiцца надзвычай натуральным i прыемным. Гэта адзiн момант. Другi: перакладаючы лiбрэта Манюшкi, мы такiм чынам вяртаем гэтага творцу ў кантэкст нашай культуры. I гэта вельмi важна асэнсоўваць цяперашняму слухачу, наведвальнiку тэатра. Бо Станiслаў Манюшка з'яўляецца нашым аўтарам, якi ў ХIХ стагоддзi найбольш рэльефна, трапна i дакладна перадаў ментальнасць беларускага народа таго часу.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Лiбрэта опер Станiслава Манюшкi загучалi па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?