Вы тут

У родзе Касцялеяў — 7 пакаленняў педагогаў. 18-гадовы мінчанін паўтарыў лёс сваякоў


Васямнаццацігадовы мінчанін Арцём КАСЦЯЛЕЙ не ўяўляе свайго жыцця без навукі. Ён вучыцца на першым курсе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, штодзень паглыбляе веды на факультэце прыродазнаўства. Лічыць, што такая любоў дасталася яму ад сваякоў — у родзе Касцялеяў ажно сем пакаленняў педагогаў!


— У школьныя гады мама заўсёды казала мне: гэта тваё жыццё, твой выбар — вучыцца ці не вучыцца. Таму ніколі крытычна не ставілася да адзнак. Але я сам імкнуўся да ведаў: вялікую ўвагу ўдзяляў хіміі і біялогіі, мовам і літаратурам, браў удзел у розных канферэнцыях і алімпіядах. Мне падабаліся амаль усе прадметы, магчыма, таму скончыў школу з залатым медалём. А яшчэ спяваў, хадзіў на бальныя танцы, у тэатральны гурток... Іншымі словамі, хацеў паспець усюды, — прыгадвае хлопец.

Яшчэ да паступлення ў Арцёма былі думкі пайсці вучыцца ў каледж на кандытара, каб у далейшым адкрыць сваю кавярню. Або ў Акадэмію мастацтваў. Як творчай асобе, вызначыцца яму было цяжка. Але калі дакладна зразумеў, што хоча быць педагогам, спачатку падтрымкі з боку родных і настаўнікаў... не сустрэў.

— Яны вельмі хваляваліся за мяне, бо па сваім вопыце ведалі, што гэта нялёгкая прафесія. Але праз пэўны час змірыліся. Калі летась паступіў ва ўніверсітэт, адразу знайшоў для сябе новае хобі — гуляў у КВЗ, праўда, да першай сесіі (усміхаецца). Аказалася, сумяшчаць і вучобу, і розныя забавы не вельмі проста. Таму цяпер засяродзіў увагу толькі на першым, бо для мяне важней развівацца менавіта ў гэтым кірунку.

Суразмоўнік расказаў, што пра вялікую сямейную дынастыю педагогаў даведаўся падлеткам за чарговым чаяваннем са сваякамі. І гэтае адкрыццё яго вельмі зацікавіла.

— Пазней, у дзясятым класе, у якасці задання нам прапанавана было зрабіць генеалагічнае дрэва. Тут мы з бацькамі і прасачылі сувязь пакаленняў, пачынаючы з XІX стагоддзя. Большую частку радаслоўнай аднаўлялі са слоў бабулі Зіны, роднай сястры маёй бабулі, бо менавіта яна цікавілася гісторыяй роду. Высветлілася, што родапачынальнікам быў мой прапрапрапрадзед Ануфрый. Ён выкладаў у царкоўна-прыходскай школе прыродазнаўчыя навукі. Даведаліся і пра дальняга сваяка Марка. Да пачатку Першай сусветнай вайны разам з сям'ёй ён пераехаў у Чыкага, дзе заснаваў дыяспару і пачаў выкладаць славеснасць. Яго дачка — прабабка Люба — праз некаторы час пераехала назад на малую радзіму ў Капыльскі раён. Разам з сабою прывезла золата — падарунак ад бацькоў. Выйшла замуж за самага пісьменнага чалавека ў вёсцы Міхаіла, які добра гаварыў па-нямецку. У гады Вялікай Айчыннай вайны, калі фашысты хацелі спаліць вёску, сужэнцы адкупіліся ад іх сямейным набыткам.

Яшчэ адна прабабка Арцёма — Марыя з вёскі пад Капылём — выкладала ў школе хімію і біялогію. Яе муж Мікалай — выяўленчае мастацтва, фізкультуру і музыку: у свой час ён выступаў і на розных вяселлях, і нават на Дні Перамогі ў Маскве. Напэўна, ад яго хлопцу перадалася любоў да творчасці. Педагагічную дынастыю працягнула і бабуля Арцёма Таццяна Мікалаеўна Качан. Яна скончыла Магілёўскае педагагічнае вучылішча і адпрацавала больш за 30 гадоў выхавальніцай у дзіцячым садку.

Справа налева ў верхнім радзе: дзядуля, матуля, бабуля Арцёма, у сярэднім радзе — прабабуля і прадзядуля, у ніжнім — дзядзька Яўген.

— Памятаю, у дзяцінстве вадзіла з сабою на работу. Я сачыў за тым, як яна ставіцца да малых, і мяне гэта прываблівала. Цяпер бабуля ўжо на пенсіі, але часам прызнаецца, што сумуе па працы. Ды і калегі яе вельмі любяць і паважаюць, дагэтуль прапаноўваюць вярнуцца да дзяцей, — расказвае Арцём. — Ведаю, што бацькі бабулі не жадалі, каб яна станавілася педагогам, у сваю чаргу бабуля таксама не хацела, каб мая матуля была настаўніцай. Цяпер мама працуе ў мінскай школе, дзе калісьці я вучыўся, выкладае там чарчэнне, мастацтва і абслугоўваючую працу ў дзяўчынак. Усё ж такі нейкая невядомая сіла прыцягвае наш род менавіта да гэтай прафесіі.

Дарэчы, дзядзька нашага суразмоўніка, мамін брат Яўген, скончыў той жа ўніверсітэт, дзе вучыцца яго пляменнік. Па адукацыі ён выкладчык хіміі і біялогіі, такая ж спецыяльнасць будзе значыцца і ў дыпломе Арцёма. Ёсць і родны брат Алёша, яму пяць гадоў. Але пакуль што ён, як і многія дзеці ў яго ўзросце, вельмі часта мяняе свае рашэнні наконт будучай прафесіі.

— Спачатку хацеў стаць рамонтнікам тэлевізараў, зараз — мастаком ці настаўнікам у школе. Не здзіўлюся, калі ён сапраўды абярэ той жа шлях, што і мы. Наконт сябе магу сказаць: спадзяюся, што стану добрым педагогам, што мяне будуць любіць і паважаць дзеці. Нават калі адправяць на адпрацоўку ў вясковую школу — ахвотна пагаджуся!

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з асабістага архіва героя

Загаловак у газеце: «Я — з сёмага пакалення»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.