Вы тут

У Магілёве міліцыянераў вучаць мове жэстаў


Уявіце сабе міліцыянера, які падышоў да вас і проста памахаў пальцамі каля лба. Падумалі, што ён вас абразіў? Зусім не. Мужчына проста «сказаў» на мове глухіх, што ён з Віцебска. У Магілёўскім інстытуце МУС такая форма камунікацыі нікога не здзіўляе. Наадварот, тут якраз і вучаць асновам жэставай мовы. Нядаўна залік па гэтай дысцыпліне здала чарговая група супрацоўнікаў сілавога ведамства.


Бязгучны алфавіт

Ар­цём Кузь­мі­ніч па­каз­вае на паль­цах,  што ён мі­лі­цы­я­нер.

Цікава назіраць з боку, як выкладчык «размаўляе» з чалавекам у пагонах пры дапамозе жэстаў. Тут усё, як пры запаволенай здымцы, толькі адзін упэўнена разводзіць рукамі, а другі робіць гэта асцярожна і не так выразна. Яно і зразумела, бо гэта зусім не тая жэстыкуляцыя, якой большасць з нас карыстаецца ў жыцці.

На авалоданне жэставай мовай даецца тыдзень, а дакладней, чатыры дні, бо ў суботу і нядзелю заняткаў няма, а ў пятніцу ўжо трэба здаваць.
А за чатыры дні яшчэ паспрабуй засвой навуку. Не паспеў увайсці ў курс, як ужо запрасілі на залік. У білеце два пытанні — тэарэтычнае і практычнае. Каб адказаць, трэба ведаць навуковы матэрыял пра асаблівасці людзей з парушэннямі слыху і ўмець дактыляваць тэкст — перакладаць яго са звычайнай мовы на мову жэстаў. Потым яшчэ невялічкая «гутарка» з выкладчыкам на вольную тэму. Прычым бязгучная. І, трэба аддаць належнае, ніводзін з прысутных у аўдыторыі (а група налічвае 30 чалавек) не заваліў экзамен. Экзаменатар задаволеная.

— За чатыры дні навучыцца дактыльнай мове і ўменню яе дэкадзіраваць не вельмі цяжка, а вось засвоіць жэставую нацыянальную мову, дзе жэст азначае цэлае слова, сапраўды складана, — адзначае старшы выкладчык кафедры псіхалогіі і карэкцыйнай работы МДУ імя А. Куляшова Алена Томашава. — Але ў слухачоў фарміруецца ўяўленне пра яе асаблівасці і заканамернасці.

Алена Томашава, дарэчы, адна з тых рэдкіх спецыялістаў у Беларусі, якія спецыялізуюцца на невербальных сродках камунікацыі. Яна нават праводзіла навуковае даследаванне асноў фарміравання жэставага маўлення ў глухіх старшакласнікаў. У яе вялікі вопыт работы як у спецыялізаваных навучальных установах, так і ў вышэйшых. І яна з лёгкасцю дубліруе нашу размову жэстамі. Нават слухачы курса з зайздрасцю назіраюць за рухамі яе рук. Такому за тыдзень дакладна не навучышся — спатрэбіцца некалькі гадоў спецыяльнай падрыхтоўкі. У педагагічным універсітэце Максіма Танка па спецыяльнасці «сурдапедагогіка» вучацца ажно чатыры гады. За гэты тэрмін можна асвоіць прыкладна тры тысячы жэстаў і ўжо з лёгкасцю кантактаваць з людзьмі з праблемамі слыху.

Краіна глухіх

На тыднёвыя курсы супрацоўнікі міліцыі прыязджаюць з розных куткоў краіны. Ведаць асновы жэставай мовы сёння вельмі важна. Беларусь актыўна рэалізуе інклюзіўны падыход у мэтах стварэння безбар'ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Упершыню статус нацыянальнай жэставай мове быў нададзены ў 1992 годзе, калі прынялі Закон аб сацыяльнай абароне інвалідаў Рэспублікі Беларусь. А ў 2009 годзе ў дакумент былі ўнесены папраўкі, якія агаворваюць, што дысцыпліна «асновы жэставай мовы» павінна быць уключана ў вучэбныя планы ўстаноў адукацыі, дзе рыхтуюць супрацоўнікаў МУС, МНС, сацыяльных работнікаў.

— На нашых кароткатэрміновых курсах мы таксама знаёмімся з асаблівасцямі людзей з парушэннямі слыху, — удакладняе Алена Томашава. — Супрацоўнікам праваахоўных органаў гэта трэба ведаць, каб псіхалагічна быць гатовымі да ўзаемаадносін з імі, не саромецца ўступаць у кантакт, умець дапамагчы. Мы звяртаем увагу на лексіку, якая ўжываецца ў транспарце, пры знаёмствах, злачынствах, у законах, — усяго таго, што датычыцца крымінальных абставін. Для лепшага разумення тэмы мы задзейнічаем мультымедыйныя матэрыялы — прэзентацыі, лекцыі. Глядзім фрагменты канцэртаў, дзе выкарыстоўваецца сурдапераклад. Слухачы з цікавасцю даведваюцца, што ў асаблівых людзей ёсць сваё творчае жыццё.

Асаблівыя правапарушальнікі

Так, глуханямых людзей, магчыма, і няшмат, але ўсе міліцыянеры, з якімі мне давялося паразмаўляць пасля заліку, нешта згадалі са сваёй практыкі. Арцём Кузьмініч з Віцебска, які цяпер працуе ўчастковым у Першамайскім РАУС, расказаў, што некалькі гадоў таму ён удзельнічаў у затрыманні цэлай групы чалавек у начным клубе. Іх западозрылі ў крадзяжы тэлефона і грошай. Прывезлі кампанію ў аддзяленне — і хутка высветлілася, што ніводны з гэтых людзей не можа гаварыць. Давялося цэлую ноч перапісвацца з імі, каб зразумець, у чым справа. У выніку высветлілася, што адзін з іх узяў рэчы і грошы другога і не прызнаўся.

— Яны жэстыкулявалі, а мы нічога не маглі зразумець, — кажа Арцём. — Шкада, што я на той момант не ведаў жэставай мовы. Цяпер мне было б значна прасцей. Магчыма, зразумеў бы не ўсё, бо яшчэ цяжка ўнікнуць, асабліва калі чалавек вельмі хутка жэстыкулюе, але, мне здаецца, абышлося б ужо без запісак.

Андрэй Каральчук з Гомеля згадаў кур'ёзны выпадак з дзяцінства, калі ён з бацькамі жыў на адной пляцоўцы з сям'ёй глухіх. Яны ўвесь час размаўлялі выключна жэстамі, але калі муж выпіваў і пачынаў скандаліць, ён выдаваў такую нецэнзуршчыну, што ўсе суседзі былі ў шоку. Як гэта атрымлівалася — загадка, бо ніводнага нармальнага слова мужчына і вымавіць не мог.

А вось Аляксандр Паўлючэнка з Баранавіч наогул неаднойчы кантактаваў з асаблівымі людзьмі.

— Калі працаваў у патрульна-паставой службе, на нашым маршруце знаходзілася прадпрыемства, дзе працавалі глухія, — расказаў ён. — Было і такое, што выязджалі да іх на выклікі. Размаўлялі як атрымлівалася — дзе з дапамогай тых жа запісак, дзе нейкімі агульнымі жэстамі. Складана даводзілася, бо не зусім іх разумелі. Яны, вядома ж, чытаюць па вуснах, але наўмысна не ідуць на кантакт. Як нам на курсах растлумачылі, цалкам глухіх людзей усяго 1 %, астатнія — з частковай стратай слыху. Так што трэба шукаць магчымасць іх разгаварыць. Веданне жэставай мовы спрашчае гэту задачу.

— Добра, што дзяржава звярнулася да гэтай праблемы, — разважае Аляксандр Паўлючэнка, і з ім салідарныя ўсе астатнія яго калегі. — Людзі з парушэннямі слыху — раўнапраўныя члены грамадства, і мы павінны ставіцца да іх з разуменнем, каб яны не адчувалі сваёй адарванасці ад грамадства і ў іх не было жадання зрабіць нешта незаконнае.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Тлумачу... на пальцах

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.

Грамадства

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Песнi на вершы Iвана Юркiна карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Хто не ведае гiмна гасцiннасцi нашай краiны — «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Вось таму было цiкава пазнаёмiцца з музай паэта — яго жонкай Надзеяй Iванаўнай. 

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.