Вы тут

Чым унікальная творчасць Шрагі Царфіна


Як мастак са Смілавіч стаў легендай Манпарнаса?


Ён ствараў эскізы для Како Шанэль, стаў адной з легенд Манпарнаса. Знакаміты мастак Шрага Царфін нарадзіўся ў Смілавічах, у тых самых, адкуль родам Хаім Суцін, Станіслаў Манюшка. Да канца сваіх дзён мастак не забываў (па яго ўласных успамінах) светлы рай свайго дзяцінства: лес, рэчку Волму, гарбарную майстэрню бацькі. Ён спяваў песні на беларускай мове. Хоць Беларусь не стала яго пастаянным месцам жыхарства, але назаўжды засталася ў сэрцы. Зараз у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрыта першая і, безумоўна, унікальная для нашай краіны выстаўка Шрагі Царфіна «Рух да святла», прымеркаваная да 120-годдзя мастака.

Фармат і канцэпцыя

На выстаўцы прадстаўлена 52 работы з калекцыі групы кампаній «А-100», Нацыянальнага мастацкага музея, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пасёлка Смілавічы і прыватных калекцый. Многія работы дэманструюцца ўпершыню. Хіты экспазіцыі — 15 твораў 1940—1970 гадоў. Гэтым вернісажам Мінск апярэдзіў Парыж. У сталіцы Францыі 120-годдзе Шрагі Царфіна адзначаць толькі ў наступным годзе.

— Унікальнасць выстаўкі ў тым, што тут прадстаўлены работы адразу васьмі калекцыянераў. Пасля экспазіцыі яны зноў разыдуцца па прыватных калекцыях і іх нельга будзе ўбачыць,  — адзначыла на адкрыцці праекта вядучы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава. — Бо людзі могуць іх прадаць, а новыя гаспадары выстаўляць не захочуць. Гэта ўнікальна, што 52 работы аказаліся ў адным месцы. Карціны Шрагі Царфіна маюць моцнае эмацыянальнае ўздзеянне, людзі ледзь не губляюць прытомнасць перад яго работамі. Такія выпадкі неаднойчы бывалі ў свеце. Раней госці часта пыталі ў нас: «Калі, нарэшце, адкрыецца Царфін?» Мастак прыцягвае ўвагу, хоць яшчэ ў 2012 годзе яго мала хто ведаў. Выдатна, што за 7 гадоў у вывучэнні намі біяграфіі творцы адбыўся такі велізарны скачок.

Ідэя стварэння экспазіцыі належала Паўлу Латушку, дырэктару Купалаўскага тэатра, які быў паслом Беларусі ў Францыі. Менавіта дзякуючы яго садзейнічанню ўдалося сабраць карціны для экспазіцыі. Бо іх уладальнікі не гарэлі жаданнем прадаваць работы Царфіна. Перамовы занялі восем месяцаў і ўвянчаліся поспехам толькі пасля таго, як былым уладальнікам карцін паабяцалі, што творы будуць выстаўлены на радзіме мастака.

З сямейнага архіва

У дзень адкрыцця фонд Нацыянальнага мастацкага музея папоўніўся яшчэ адной работай вядомага мастака — яе падарыў унук Шрагі Царфіна Іў Дзювак, які прыляцеў на адкрыццё выстаўкі дзеда з Францыі. Таксама экспазіцыю наведала траюрадная пляменніца мастака Эла Царфін.

— Гэты праект вельмі важны, асабліва для мяне: я рос побач з дзядулем у асяроддзі яго палотнаў, — расказаў Іў Дзювак.  — Я назіраў, як ён іх стварае. Гэта было зачаравальна. Памятаю, як ён часта распавядаў пра свае Смілавічы, казаў, што там запомніў незабыўныя беларускія песні. І я хачу гэта перадаць сваім дзецям. Мае бацькі падарылі Нацыянальнаму мастацкаму музею «Вялікі блакітны рыф». І я вырашыў працягнуць традыцыю. На жаль, у мяне толькі «Маленькі рыф». Расставацца няпроста, але так будзе правільна.

Творчыя кампаненты

Шрага Царфін як фігура мультыкультурная і мультынацыянальная з’яўляецца выдатным увасабленнем адкрытасці свету. Нарадзіўшыся ў Беларусі і пражыўшы большую частку жыцця за яе межамі, Царфін стаў грамадзянінам свету, таму яго творчасць  — гэта ўвасабленне культурных сувязяў, якія ўсталяваліся паміж беларускім і замежным мастацтвам.

На выстаўцы адразу заўважаеш палітру. Яна як «аблічча» мастака. У кожнага сваё, непаўторнае. Што рабіў Царфін? Ён змешваў гуаш і алейныя фарбы. За гэта быў празваны алхімікам. У мастака былі розныя перыяды, што адлюстравана ў творчасці. Ёсць чырвоны стыль Царфіна, ёсць яшчэ сіні, зялёны і нават жоўты. Ёсць таксама і жанравыя сцэны ў палях, дзіўна падобныя на жывапіс беларускага «суровага стылю» і адначасова на творы Басава.

— Гэта першая такая вялікая персанальная выстаўка Шрагі Царфіна ў Беларусі, — раней паказвалі асобныя яго работы на групавых выстаўках. І гэта для краіны сапраўды падзея,  — адзначыў куратар выстаўкі Юрый Абдурахманаў.  — Царфін, напэўна, адзіны, хто ў сваіх успамінах кажа пра тое, што ён з Беларусі. Бо, як правіла, усе мастакі (якія праславіліся ў Парыжы) выязджалі з Расійскай імперыі і звычайна казалі, што родам з Расіі, і гэта дазваляе нашым расійскім калегам лічыць іх сваімі.

Адна з вядучых тэм у творчасці Шрагі Царфіна  — пейзажы Францыі, якая стала яму другой радзімай. Мастак імкнуўся перш за ўсё ўзняць духоўныя і філасофскія праблемы, якія яго хвалявалі. Царфін быў выдатным каларыстам, ён выкарыстоўваў своеасаблівую індывідуальную палітру, выпрацоўваў пазнавальную тэхніку, увесь час знаходзячыся ў пошуку новых выразных сродкаў. Яго творы знаходзяцца ў многіх музеях Францыі, калекцыях баронаў Ротшыльдаў і сям’і Чарлі Чапліна.

Гістарычныя факты

Маляваць мастак пачаў у раннім дзяцінстве. У 1900-х гадах быў знаёмы з Хаімам Суціным. Праз трыццаць гадоў сябры зноў сустрэліся ўжо ў Парыжы. У 1913 годзе Царфін, ідучы па слядах Суціна, паступіў ў Віленскую мастацкую школу, але ўжо ў 1914 годзе з’ехаў у Палесціну. Там вучыўся ў Школе мастацтваў Бецалель, працаваў у кібуце. У 1918—1920 гадах служыў у брытанскай арміі, ваяваў за вызваленне Палесціны ад Атаманскай імперыі.

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Царфін вярнуўся ў Бецалель, удзельнічаў у шэрагу выставак. Жадаючы працягнуць адукацыю, у 1923 годзе з’ехаў у Берлін, а ў 1924-м перабраўся ў Парыж. Тут займаўся самаадукацыяй, пачынаў супрацоўнічаць з выдавецтвамі і дамамі мод, выстаўляўся ў Салоне Незалежных. Хутка Царфін ажаніўся, у 1931 годзе сям’я атрымала французскае грамадзянства.

У 1930-х гадах Царфін актыўна працаваў як мастак па тэкстылі. Крытыкі да сённяшняга дня называюць яго «віртуозам эскізаў для тканіны». У гады Другой сусветнай вайны амаль усе работы мастака 1920—1930-х гадоў бясследна зніклі  — толькі эскізы для тканін цудам захаваліся ў шэрагу прыватных архіваў. Дарэчы, на выстаўцы ў Мінску прадстаўлена некалькі такіх эскізаў.

Падчас Другой сусветнай вайны Царфін спачатку служыў у французскай арміі, затым дэмабілізаваўся і ўдзельнічаў ў Руху Супраціву. Нават у гэты складаны час адбыліся тры яго персанальныя выстаўкі: у Грэноблі (1941) і ў Ліёне (сакавік і ліпень 1942-га).

У 1945 годзе сям’я Царфіна вярнулася ў Парыж, пасля чаго пераехала ў Роні-су-Буа, маленькае мястэчка блізу французскай сталіцы. Жыццё ў пасляваеннай Францыі, разбуранай і разрабаванай нацыстамі, было вельмі складаным, але менавіта ў гэты час Царфін успомніў параду свайго сябра Хаіма Суціна і цалкам прысвяціў сябе жывапісу. Яго творчасць усё больш адлюстроўвала напружанае ўнутранае жыццё мастака, асабліва пасля таго, як ён даведаўся пра гібель бацькоў у Смілавіцкім гета. Толькі пасля 1960-х гадоў мастаку ўдалося пераадолець унутраны душэўны крызіс, яго работы паступова пачалі ззяць блакітным колерам, напаўняцца спакоем.

Памёр мастак у 1975 годзе пасля працяглай хваробы, пахаваны на могілках Роні-су-Буа. Пасля смерці многія знаёмыя і блізкія творцы пісалі пра яго ўспаміны, дзе адзначалі містыцызм і імкненне да інтэлектуальных зносін: Шрага Царфін шмат чытаў, падарожнічаў, знаёмячыся з новымі краінамі і людзьмі.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.