Вы тут

Як траціць грошы з розумам?


Ці заўсёды мы рацыянальна распараджаемся сваімі сродкамі? Бо як бывае — атрымаеш аванс, зарплату, а праз нейкі час ужо амаль пуста ў кашальку, дакладна і не згадаеш, куды колькі патраціў. Безумоўна, ёсць пункты расходаў, якія абавязковыя і паўтараюцца з месяца ў месяц. А вось калі размова заходзіць пра нечаканы бальнічны, зламаны тэлевізар ці абед з калегам, то тут якраз і ўзнікаюць траты, на якія не разлічвалі. Таму вядзенне бюджэту — гэта наш арыенцір у пытаннях фінансаў сям'і.


Існуюць розныя варыянты вядзення сямейнага бюджэту. Аднак не блытайце спосабы захоўвання сродкаў («канверты», «збанкі», «50/20/30») і фіксавання выдаткаў (ручны ці з дапамогай праграм на камп'ютары ці тэлефоне). Зразумела, кожны з іх мае свае асаблівасці, перавагі і недахопы. Пачнём з самага простага — ручнога спосабу ўліку. Для яго спатрэбіцца сшытак і ручка: проста запісваем, што атрымалі і куды патрацілі, а ў канцы месяца падводзім вынікі і аналізуем. Асноўная заўвага — усе падлікі трэба таксама рабіць уручную, без прывязкі да камп'ютара і інтэрнэту.

Ведаю тых, хто аддае перавагу мабільным ці камп'ютарным уліковым праграмам. Сама была прыхільніцай такога варыянта, пакуль не «пачысціла» памяць у тэлефоне. Выбар спецыяльных праграм надзвычай вялікі, але не заўсёды бясплатная версія адпавядае нашым патрабаванням: камусьці не хапае магчымасці весці разлікі ў розных валютах, для кагосьці не надта поўна адлюстраваны катэгорыі выдаткаў. Зручна, што дастаткова ўсталяваць праграму, і ў любы момант занатоўваеш паступленне грошай і траты, а потым у канцы месяца глядзіш, якім чынам іх можна аптымізаваць. Напрыклад, калі шмат грошай ідзе на інтэрнэт і мабільную сувязь — варта падабраць новыя тарыфныя планы.

Ад уліку пяройдзем да спосабаў размеркавання грошай у бюджэце. Адна мая знаёмая практыкуе метад «канвертаў». «Такі спосаб размеркавання мне найбольш імпануе. Бо як бывае? То забудзеш улічыць нейкую дробную пакупку, то зусім класічны выпадак — «заглючыў» тэлефон, і ўся інфармацыя знікла... Камп'ютарная ж праграма, якую на той час я знайшла для вядзення дамашняй бухгалтэрыі, не была разлічана на сям'ю з дзецьмі. Таму «канверты» аказаліся самай жыццяздольнай сістэмай, — дзеліцца Вікторыя. — У мяне іх шэсць: «побыт», «транспарт», «адпачынак», «абавязковыя плацяжы», у сезон — «нарыхтоўкі» і не так даўно з'явіўся яшчэ адзін — «форс-мажор», у яго мы адкладаем грошы на нейкія непрадбачаныя траты, дзе, напрыклад, набыццё лекаў, паход у цырульню і гэтак далей. Што да тых жа камунальных і іншых плацяжоў, тут я гляджу, якія трэба аплаціць наяўнымі, а на якія пакінуць грошы на картцы. Але ўсё фіксую яшчэ і ў спецыяльным блакноце. Таму ў канцы месяца маю наглядную карціну, куды і якія грошы ідуць».

Спосаб размеркавання бюджэту па «збанках» з'яўляецца варыяцыяй метаду «канвертаў». Грошы раскладаеце ў шэсць збанкоў. У першы — 55 % заробку на паўсядзённыя выдаткі і аплату розных плацяжоў. Другі — для адпачынку, і туды можна пакласці толькі 10 %. Калі гэтая сума будзе патрачана, то давядзецца шукаць бясплатныя магчымасці для адпачынку. Трэці збанок адводзім пад зберажэнні, і ў яго адкладваем зноў жа 10 %. Чацвёрты — выдаткі на адукацыю (курсы, кнігі — найлепшая інвестыцыя ў сябе), туды таксама ідзе 10 %. Збанок пад пятым нумарам будзе рэзервовым фондам, дзе назапашваем грошы штомесяц для нейкай вялікай пакупкі, напрыклад аўто, новай мэблі ці ноўтбука. І на іх адкладаць 10 % заробленых грошай. Нарэшце, шосты збанок — у яго кладзём 5 % — на падарункі і дабрачыннасць. Згадзіцеся, задача набыць прэзент на невялікую суму дае добры штуршок фантазіі.

Ёсць яшчэ варыянт, калі грошы размяркоўваюцца ў працэнтах у суадносінах 50/20/30: і калі палова заробку ідзе на плацяжы, ежу, праезд і іншыя важныя выдаткі, то зусім нечаканай з'яўляецца лічба 30 % у дачыненні да такой катэгорыі, як «адпачынак» (у гэтай канцэпцыі яна называецца «стыль жыцця» і мае на ўвазе ўкладанні ў сябе), а 20 % — на забеспячэнне сабе фінансавай незалежнасці ў перспектыве. Варыянт цікавы, але, на маю думку, не зусім практычны для сям'і.

— Калі казаць пра сямейны бюджэт, то ён мае чатыры функцыі: улік, аналіз улічанага, планаванне на аснове ўліку і аналізу ды кантроль за тым, як усё выконваецца. Планаванне будзе правільным у тым выпадку, калі маюць адлюстраванне ўсе функцыі. Спосабы для гэтага існуюць самыя розныя, варта спрабаваць і шукаць той, у якім вам будзе камфортна, — мяркуе фінансавы кансультант Святлана МУРАШКА. — На пытанне, наколькі важна планаваць і размяркоўваць сямейны бюджэт, адказ у кожнага свой. Бо нехта зарабляе дастаткова, каб ні ў чым сабе не адмаўляць, і гэта адна сітуацыя. А іншая — калі людзі маюць, напрыклад, нейкія крэдытныя абавязацельствы альбо ў іх ёсць мэта назбіраць на жыллё, вучобу дзецям: тады без планавання будзе складана. Усё індывідуальна, аднак чым раней людзі пачынаюць уважліва ставіцца да сваіх грошай, тым лягчэй ім будзе ў нейкія паваротныя перыяды жыцця (калі захварэлі альбо хочаце змяніць работу і г. д.). Бо чалавек, які мае фінансавую «падушку» бяспекі, заўсёды будзе адчуваць сябе больш упэўнена.

Алена ДРАПКО

Фо­та Тац­ця­ны ТКА­ЧО­ВАЙ

Загаловак у газеце: «Падушка» бяспекі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.