Вы тут

Ліза Міснікава: Быць першай — мой выклік самой сабе!


Ужо зусім хутка раскрыецца інтрыга дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2019», які сёлета адбудзецца ў Глівіцэ (Польшча). Нашу краіну на ім прадставіць Ліза Міснікава з кампазіцыяй «Попельны». Выступіць дзяўчына пад сёмым нумарам. Перад ад'ездам у Польшчу мы сустрэліся з ёй, каб распытаць пра любоў да музыкі, узаемаадносіны з бацькамі і густы сучасных падлеткаў.


«Мне падабаецца, калі пазнаюць»

— Пасля адбору на дзіцячае «Еўрабачанне» ты паспела адчуць сябе папулярнай?

— Паколькі ён — самы маштабны з тых конкурсаў, у якіх мне пакуль што даводзілася ўдзельнічаць, то пасля перамогі на ім я адчула не папулярнасць, а хутчэй увагу да сябе, якую назіраю ўжо працяглы час. Бо на многіх творчых спаборніцтвах усё заканчваецца ў той момант, калі табе ўручылі дыплом. Тут жа ідзе па нарастаючай: мной цікавяцца, пазнаюць. І мне гэта падабаецца.

— Раскажы, на чым была сканцэнтравана ў апошні месяц перад паездкай у Польшчу.

— У першую чаргу, шмат часу мы адводзілі для работы над вакалам. Тое ж самае датычылася і пастаноўкі нумара — важна было ўлічыць кожную дэталь, каб усё глядзелася прыгожа і дастойна. Нумар змяніўся, бо нешта дадавалі, змянялася харэаграфія, адбылася змена сярод удзельнікаў балета.

— Ужо вызначылася са сваімі фаварытамі на сёлетнім конкурсе?

— Так, я азнаёмілася з песнямі ўдзельнікаў. Спадабалася шмат кампазіцый, якія, на маю думку, у нечым падобныя. Але ўпэўнена, што кожная з іх класная і знойдзе слухача. Сярод тых, за каго я аддала б свой голас, — Мальта, Польшча, Нідэрланды і Македонія. (Нагадаем, у адпаведнасці з правіламі міжнароднага конкурсу беларусы змогуць прагаласаваць за Лізу ў інтэрнэце на афіцыйным сайце з 22 да 24 лістапада ўключна і ў дзень конкурсу. — Аўт.)

Увогуле, якой павінна быць музыка, каб ты звярнула на яе ўвагу?

— Мне вельмі падабаецца тая, што без слоў. Напрыклад, магу паглядзець нейкі фільм і заўважыць, што ў саўндтрэку да яго ёсць вельмі цікавыя аранжыроўкі. Люблю прыкмячаць пэўныя нюансы, дэталі ў кампазіцыях. І самае важнае для мяне, калі ў песні прысутнічае, як я называю, «маштабнасць» — гэта можа быць нават нейкая нота, якую ты чуеш і яна цябе палоніць. Альбо іншы прыклад — мая любімая спявачка Рыяна. У яе свая манера выканання і такія вакальныя даныя, што проста немагчыма не звярнуць на гэта ўвагу. Было б крута навучыцца так спяваць!

«На сцэну — толькі з пазітыўным настроем»

— Чула, ты ведаеш цікавую тэхніку, як справіцца з хваляваннем перад выступленнямі?

— Гэты спосаб падказала педагог па вакале. Яна аднойчы прыйшла і сказала: «Зараз пойдзем і закапаем чарвяка». Ім у нашым выпадку стала хваляванне. Аднак спярша напісала ліст, у якім растлумачыла яму, што нам трэба развітацца, бо гэтае пачуццё мне перашкаджае. Я тады была ў летніку, і падчас развітальнай «цырымоніі» да нас выпаўз сапраўдны чарвяк, а ў небе грымеў салют, бо якраз святкавалі заканчэнне змены. Атрымалася запамінальна і святочна. Тым не менш хваляванне часам прысутнічае, але цяпер мне лягчэй з ім спраўляцца.

— Як настройваюць цябе перад выхадам на сцэну мама і педагог, і, можа, ёсць нейкі талісман?

— Мяне заўсёды адпраўляюць на яе з пазітыўным настроем. Хоць мама дагэтуль баіцца глядзець выступленні, бо вельмі перажывае. Нават падчас адбору яна сядзела ў грымёрцы і хвалявалася, і толькі калі ёй сказалі, што я добра выступіла, яе адпусціла. Але, бывае, маці не ўдаецца схавацца, — і я прашу паздымаць мяне, каб потым мець магчымасць зрабіць «работу над памылкамі». А што да талісманаў, то ёсць у мяне мядзведзяня (яго некалі падарыла бабуля), якое заўсёды суправаджае мяне ў паездках. Я называю яго Безбілетнікам, яно такое ўсмешлівае, што заўсёды дае адчуванне спакою і падымае настрой.

— Ты падлетак, ці заўсёды супадаюць твае погляды з бацькамі ў такіх пытаннях, як выбар сяброў, чым займацца, як выглядаць?

— Часцей у мяне з маці і татам паразуменне, хоць часам можам і паспрачацца. А бывае, што, наадварот, я магу маме нешта параіць, напрыклад, адносна стылю ў адзенні. Нядаўна па маёй наводцы яна купіла сабе байку аверсайз, і аказалася, што тая ёй вельмі пасуе.

— А ёсць у вас традыцыя праводзіць час разам?

— Так, у нас дні ў фармаце «маці-дачка» праходзяць рэгулярна, і я называю іх «мамін дзень». Калі мы разам, то нам заўсёды весела. Маці абавязкова расказвае нешта цікавае, мы ходзім у кіно альбо па крамах.

«Па жыцці люблю быць лідарам»

— Можаш расказаць, чым займаешся ў кампаніі сяброў, калі выпадае вольная гадзіна?

— Я не з тых, хто часта гуляе. Але калі ўдаецца сустрэцца з сяброўкамі, то мы любім наведаць нейкую кавярню альбо паўдзельнічаць у рознага кшталту пазнавальных анлайн-квэстах, дзе трэба даследаваць горад, каб знайсці адказы на пытанні. Ці проста гуляем і слухаем музыку, абмяркоўваючы розныя навіны з жыцця. Можам і ў кіно схадзіць. Я, напрыклад, люблю фантастыку ці нейкую камедыю, меладраму пра амерыканскіх падлеткаў паглядзець. Магу і проста застацца дома з кнігай.

— У будучым ты бачыш сябе ў музыцы?

— Па праўдзе, пакуль не ведаю, чым хачу займацца прафесійна, калі вырасту. Бацькі бачаць мяне ў ролі спартсменкі ці стаматолага. (Тата Лізы — майстар спорту па скачках у ваду, а маці — антыкрызісны кіраўнік. — Аўт.) Мне падабаецца арганізоўваць нешта маштабнае, таму бачу сябе, напрыклад, рэжысёрам-пастаноўшчыкам. І разумею, што музыка, як мінімум у якасці хобі, абавязкова застанецца ў жыцці.

— На нацыянальным адборы ты выступіла пад нумарам 1. Табе важна па жыцці быць першай?

— Я нарадзілася першага лютага і шчыра веру, што 1 — мая лічба. І ў жыцці люблю заставацца лідарам. Пакуль толькі ў вучобе гэта яшчэ не прыйшло, бо часам крыху лянуюся. А ў астатнім для мяне важна быць нумарам адзін. Бо калі не ўдаецца ў нечым дасягнуць найлепшага выніку, я ўспрымаю такую сітуацыю як выклік самой сабе, пачынаю яшчэ больш працаваць, каб дасягнуць жаданага.

— Ведаеш, кажуць, пройгрыш можа быць проста знакам, што варта змяніць маршрут...

— Цалкам згодная. У пэўны час у маім жыцці нават прасочвалася заканамернасць ад конкурсу да конкурсу, калі чаргаваліся перамогі і няўдачы. Памятаю, напярэдадні нацыянальнага адбору сядзела і думала: вось бы трапіць на нейкае творчае спаборніцтва і прайграць, каб потым выйграць «шчаслівы білет» на дзіцячае «Еўрабачанне»... Бо няўдача заўсёды дае мне стымул больш працаваць над сабой і больш засяроджана рыхтавацца да наступных крокаў.

— Што пажадаеш самой сабе напярэдадні конкурсу?

— Галоўнае — не хвалявацца. Не варта звяртаць увагу, калі нешта складваецца не так, як задумвалася. Я шмат працавала і змагу выкласціся на ўсе сто, каб усё атрымалася!

Алена ДРАПКО

Фота дадзена гераіняй матэрыялу

Выбар рэдакцыі

Культура

Кастусь Качан: Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты

Кастусь Качан: Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты

Ён рыхтуецца прадставіць выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Грамадства

Мінпрацы — пра зарплаты бюджэтнікаў

Мінпрацы — пра зарплаты бюджэтнікаў

Спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў анлайн-рэжыме адказалі на некаторыя пытанні, звязаныя са змяненнем умоў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый з 1 студзеня 2020 года.

Спорт

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Як хлопец з Вілейкі абыгрывае славутых кітайцаў.