Вы тут

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?


Напэўна, вы не раз праходзілі за некалькі крокаў ад гэтых мясцін. Гулялі па ажыўленых вуліцах і нават не здагадваліся, што дзесьці там, за рогам дома, захаваўся амаль не крануты часам куточак старога Мінска. Хіба толькі фатографы ў пошуку атмасферных кадраў ці нястомныя гісторыкі і экскурсаводы, якія прадумваюць незвычайныя маршруты, адкрываюць гэтыя таямніцы сталіцы. Напэўна, і маладым людзям варта звярнуць увагу на патаемныя чароўныя дворыкі як найлепшае месца для рамантычнага спаткання, а можа, нават і для прызнання ў каханні...


Павел Каралёў паказвае, як раней выглядаў сталічны храм.

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў». Развенчваць міфы пра тое, што Мінск не рамантычны горад і што ў ім нічога старога не захавалася, вы будзеце разам з гісторыкам і адным з арганізатараў «Фэсту экскурсаводаў» Паўлам Каралёвым. Дарэчы, гэтай восенню ён прапанаваў працяг адной з самых запатрабаваных сталічных экскурсій. І мне пашчасціла адной з першых паўдзельнічаць у ёй.

Загадкі для каханых

Новая рамантычная экскурсія пачынаецца на плошчы Свабоды. Да сярэдзіны XІX стагоддзя мінчане прызначалі спатканні менавіта каля ратушы, а калі будынак быў знесены, чакалі адзін аднаго альбо каля Кафедральнага сабора, альбо каля гадзінікавай вежы. На жаль, у 50-х гадах мінулага стагоддзя яе «прыбралі».

На галоўную сталічную плошчу сцягвалася ўся моладзь, адсюль у пачатку ХХ стагоддзя яна назірала за парадамі і буйнымі мерапрыемствамі. Не столькі каб лепей бачыць, а больш, каб пакрасавацца перад дзяўчатамі, хлопцы сачылі за падзеямі... з дахаў дамоў альбо залазілі на дрэвы (захаваліся старыя здымкі, якія сведчаць пра гэта). А ў звычайны час закаханыя зляталіся сюды на водар — яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя плошча патанала ў кветках.

Калі вы вырашыце прызначыць спатканне каля ратушы ў наш час, не палянуйцеся павадзіць сваіх каханых па розных закутках старога Мінска. А для пачатку завярніце хоць бы за рог дома, што знаходзіцца побач з ратушай, — і адкрыеце для сябе адзін з цудоўных старых дворыкаў. Апыняцеся каля Гасцінага двара (так раней жыхары Мінска называлі будынак на плошчы Свабоды, 4), загадайце загадку: чаму гандляры, якія тут жылі, сяліліся выключна на трэцім паверсе? Адказ, дарэчы, вельмі просты — каб не быць абрабаванымі. Справа ў тым, што гадоў 150 таму ў гэтых мясцінах віравала жыццё, тут былі галантарэйныя і садавінныя лаўкі (у любую пару года можна было набыць лімоны, апельсіны, слівы, розных сартоў яблыкі і грушы), на другім паверсе прадаваліся тканіны, размяшчаліся чайныя і іншыя крамы. Завозіліся розныя тавары, тоўпіліся пакупнікі, ішоў дынамічны гандаль. Сёння ж гэта ціхі, мала каму вядомы закуток, а на звычайных аглядных экскурсіях турыстаў праводзяць літаральна за крокаў пятнаццаць ад гэтага атмасфернага дворыка... Між іншым, Гасціны двор мог быць знесены, але выратавала будынак яго гісторыя. Калі ў Мінску ў 1917—1920 гадах мянялася ўлада, бальшавікі адсюль зачытвалі маніфест. Дзякуючы гэтаму факту «Беларускі Смольны» пакінулі ў спакоі.

Гасціны двор.

А вось іншы будынак — Малы гасціны двор (ён знаходзіўся побач з Кафедральным саборам, там, дзе цяпер сучасны фантан) — мы страцілі. У 90-х будавалася другая лінія метро, і праходзіла яна якраз пад старым Малым гасціным дваром. Падчас будоўлі сышлі грунтовыя воды, і «двор» амаль правіс. Яго спрабавалі закансерваваць, але пасля вырашылі знесці.

Мы працягваем гуляць па Верхнім горадзе і даведваемся, як вырашаўся лёс яго пабудоў і дворыкаў. Многіх з іх магло не стаць яшчэ ў 70-х. Планавалася знесці занядбаныя старыя будынкі і ўзвесці вялікі тэатр з відам на раку Свіслач. Дзякуй богу, што ў той час не хапіла грошай на такія маштабныя работы. Да таго ж не спала ў шапку і інтэлігенцыя: стварыла велізарны макет старога горада, дзе было вызначана, як лепш яго аднавіць. Павел Каралёў расказвае, што гэту работу перадалі Машэраву...

Сталічныя храмы таксама мелі свае ўнутраныя дворыкі. На адзін з іх могуць паглядзець пастаяльцы гатэля «Манастырскі», што знаходзіцца на вуліцы Кірылы і Мяфодзія.

Будзеце шукаць у старым горадзе ўтульныя кавярні — уважліва азірайцеся па баках, тут вы можаце адкрыць для сябе багата прыгожых мясцін. Хочаце дакрануцца да самай старой сцяны Мінска? Падчас даследаванняў было заўважана, што адзін з манастыроў ХVІІ стагоддзя мае кавалак найбольш старажытнай муроўкі прыкладна 1570—1580 гадоў пабудовы. Таксама вы знойдзеце тут будынак з самай старой дахоўкай. І абавязкова завітайце на вуліцу Герцэна, каб паглядзець на беларускую «візітную картку» — на падмурках дамоў убачыце «разынкавую» муроўку. Пасля адмены прыгону многія сяляне падаліся ў будаўнікі. Цэгла ў той час была дарагая, і вынаходлівыя майстры пускалі ў справу нават маленькія каменьчыкі, часам з іх выкладалі і пэўныя ўзоры.

Відаць, ранейшыя гаспадары гэтага дома мелі дастатак.

Будынкі сведчаць таксама пра густы, патрэбы, дастатак былых жыхароў. Тут можна ўбачыць мансардавыя паверхі, а калі зазірняце ўнутр некаторых дамкоў (як мы гэта зрабілі падчас нашай экскурсіі), заўважыце каляровую падлогу, столі з ляпнымі ўпрыгожаннямі і фігурныя каваныя парэнчы.

Далей мы кіруемся на «Паддашак» — адно з тых месцаў, якое ўпадабала сучасная моладзь. Тут жа знаходзіцца і так званы Дом масонаў (завулак Музычны, 5) — хоць насамрэч ніякія масоны ў ім не збіраліся, праўда, сярод арандатараў былі людзі, якія мелі дачыненне да гэтай арганізацыі.

Так званы Дом масонаў па Музычным завулку.

Перабіраемся да Дома Ваньковічаў (Інтэрнацыянальная, 33а) і даведваемся, што адсюль адкрываліся шыкоўныя віды. Месцічы навокал разбівалі агароды, і ўвесну гэты куточак горада ахутвала водарам квітнеючых садоў. Тут даведваемся пра сумную гісторыю нашага выдатнага мастака Валенція Ваньковіча. Ён нарадзіўся пад Мінскам, спачатку вучыўся ў Полацку, пасля ў Пецярбургу, за выдатную вучобу атрымаў магчымасць стажыроўкі ў Еўропе, але паездка не спраўдзілася з розных прычын. Ён абрастае сям'ёй (у яго жонка, трое дзетак), і яму ўсё не ўдаецца вырвацца ў тыя мясціны, якія так вабілі мастакоў. І толькі ў 40-гадовым узросце ён усё ж вырашае спраўдзіць сваю мару і едзе ў Парыж, дзеля чаго бярэ вялікія пазыкі... Шмат малюе, але... праз нейкі час памірае ад сухотаў. А карціны распрадаюцца, каб разлічыцца з даўгамі.

Дзе «тусілі» продкі

Раней на Зыбіцкай было многа крамаў, знаходзіўся малочны рынак. Але збіралася моладзь не тут, а на Юр'еўскай. Там знаходзіліся дарагія магазіны, прадаваліся запатрабаваныя тавары (як крычала тагачасная рэклама, не горшыя, чым у Парыжы). Тут можна было ўзяць урокі танцаў у вядомага майстра. А адзін з найбольш «раскручаных» рэстаранаў «Акварыум» гудзеў і ўначы: сюды прыязджала аперэта, цыганы, тут прадаваліся дарагія віны, і наогул гэта быў клуб для тых, хто мог раскашэліцца... Ад былой Юр'еўскай застаўся толькі адзін дом (сёння гэта праспект Незалежнасці, 27а), але актыўна абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб і яго знесці, бо побач (на месцы былога музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны) пабудавалі новы вялізны бізнес-цэнтр, і ўзнікла патрэба расчысціць тэрыторыю, каб кліенты маглі да яго пад'язджаць. Актывісты прапануюць унесці апошні стары будынак знакамітай Юр'еўскай вуліцы, на якой жылі Максім Гарэцкі, Янка Купала, Янка Лучына, у спіс каштоўнасцяў, тым больш што гісторыя дома звязана і з мінскім падполлем.

План губернскага горада.

Цікава даведацца пра мінулае і іншых дамоў. Напрыклад, на вуліцы Карла Маркса была белая зала (пасля бальшавікі яе перайменавалі ў чырвоную), дзе выступаў тэатр, можна было пачуць канцэрты і лекцыі. А яшчэ на гэтай вуліцы знаходзіўся «дом Саветаў», дзе сялілі самых вядомых партыйных дзеячаў (сярод іх — Галадзед, Панамарэнка, Чарвякоў, Мазураў і іншыя). Сёння ў гэтым будынку знаходзіцца музей Петруся Броўкі, і калі вы набудзеце туды квіток, абавязкова звярніце ўвагу на ўбранне старога дома — парэнчы, дзверы, вітражы. Калі адчыніце вокны ў пад'ездзе, то ўбачыце праз іх унутраны двор-калодзеж...

Дом афіцэраў з'явіўся на месцы былой Пакроўскай царквы, але дзіва — унутры новага будынка захаваліся яе скляпенні, якія можна пабачыць, калі завітаць у бар «Патрыёт», што размясціўся ў цокальным паверсе будынка. У даваенны час Дом афіцэраў быў адным з самых «наварочаных» будынкаў — тут з'явіўся першы ў Беларусі крыты басейн, а яшчэ размяшчаліся більярдная, радыёвузел, кафэ-рэстаран, лекцыйныя залы, вучэбныя класы, музычныя гасцёўні, наогул каля сотні розных пакояў. Дарэчы, галоўны ўваход у будынак знаходзіўся з адваротнага боку, і перад ім красаваўся стары архірэйскі сад.

Але адным з самых рамантычных лічыўся Аляксандраўскі сквер. Захаваліся ўспаміны Максіма Лужаніна, у якіх ён параўноўвае гэта месца з выстаўкай нявестаў. У 20-я гады ў Мінску і ваколіцах стаялі воінскія часці, жаніхоў хапала, і тыя падчас звальненняў найперш ішлі менавіта сюды...

Мы глядзім на запоўненыя парачкамі лавачкі — і разумеем, што і ў наш час Аляксандраўскі сквер не саступае сваіх пазіцый.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Зазірніце за рог дома...

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.