Вы тут

Уцяпленне пяціпавярховікаў будзе добраахвотным


Энергаэфектыўныя мерапрыемствы з дзяржпадтрымкай падчас капітальнага рамонту будуць праводзіцца ў краіне са снежня, калі ўступіць у сілу Указ Прэзідэнта № 327. Палову грошай на мадэрнізацыю дома з улікам усіх пажаданняў жыхароў заплаціць бюджэт. Уласнікі будуць уносіць сваю палову памесячна на працягу дзесяці гадоў. Такога старога шматкватэрнага жылля ў Беларусі, якое не адпавядае нормам ні па ацяпленні, ні па архітэктуры, ні па камфорце, каля 170 мільёнаў м2. Што і як з ім рабіць? Слова спецыялістам.


Фота Ірыны Сідарок.

Дзесяць гадоў растэрміноўкі

Большасць жылля ў нашай краіне была збудавана яшчэ да 1996 года і цяпер не адпавядае нормам, якія прад'яўляюцца да сучасных будынкаў. Таму капрамонт — тэма, якая на ўзроўні ўрада ўключана ў дзяржаўную праграму, заўважыў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Беларусі.

Сёлета краіна па тэмпах капрамонту выходзіць на 2,8 % ад колькасці ўсяго жылля, якому патрэбна аднаўленне. За дзевяць месяцаў работы ўжо відаць, што фактычна ўсе вобласці, акрамя сталіцы, выканаюць аб'ёмы даведзенага задання. А ўжо налета, як пісала «Звязда», плануецца, што жылля ў Беларусі будуць рамантаваць як мінімум 3 % штогод. Нягледзячы на тое, што работы па цеплавой мадэрнізацыі будынкаў не ўваходзяць у капітальны рамонт, рэалізоўваць энергаэфектыўныя мерапрыемствы сумесна жыхары і дзяржава змогуць са снежня з уступленнем у сілу ўказа Прэзідэнта.

— Асноўны прынцып такога мерапрыемства — добраахвотнасць. Рашэнне аб неабходнасці рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў у жыллі прымаюць выключна ўласнікі большасцю галасоў, — расказаў прадстаўнік Мінжылкамгаса. — Пры гэтым прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў будуць праводзіць пэўную работу з людзьмі. Перш за ўсё размаўляць адносна магчымасці арганізацыі паралельных энергаэфектыўных мерапрыемстваў з жыхарамі тых дамоў, якія стаяць на ўліку ў перспектыўных і бягучых графіках капрамонту. І тых дамоў, якія сёння па класіфікатары маюць найменшыя энергаэфектыўныя характарыстыкі. Палова агульнай сумы затрат ляжа на бюджэт.

Пры гэтым у некалькіх варыянтах будзе пралічаны папярэдні прыблізны ацэначны кошт такога мерапрыемства, а таксама максімальны эфект ад яго правядзення. Агульнымі намаганнямі дзяржавы і ўласнікаў мяркуецца зменшыць энергаспажыванне ў дамах пасля капрамонту ў ідэале напалову, каб траціць на ацяпленне не больш як 90 кВтгадз/м2 у год, аднак рэальна разлічваюць хоць бы на паляпшэнне ў 30—40 %.

Канчатковы аб'ём і від работ прымаецца ўласнікамі, на падставе чаго будзе распрацоўвацца адпаведны праект. Аплаціць работы цалкам бюджэт, а сваю палову жыхары будуць уносіць цягам дзесяці гадоў адпаведна памеру долі ў доме. Па прыблізных разліках, такія выплаты складуць дадаткова да «камуналкі» ад 17 да 23 рублёў штомесяц. Гэтыя плацяжы будуць улічвацца таксама пры разліку безнаяўных жыллёвых субсідый — долю грамадзян, якія маюць фінансавыя праблемы і не могуць плаціць за мадэрнізацыю, таксама пакрые дзяржава. Гранічныя нормы затрат на капрамонт аднаго квадратнага метра ўстаноўлены ў залежнасці ад колькасці паверхаў і кватэр, а сярэдні памер кошту мадэрнізацыі м2 — каля 160 рублёў. Разам з тым для «квадрата» ў 9-павярховіку ў сталіцы гэта прыкладна 200—225 рублёў.

Дэкрэтам Прэзідэнта № 7 ужо была спрошчана працэдура па капрамонце. Цяпер, каб пачаць яго, не трэба атрымліваць узгадненне ў мясцовых органаў улады. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя, пры неабходнасці праводзіцца дзяржэкспертыза і пачынаецца рамонт. Гэта спрасціла працэдуру па часе і фінансах, удакладніла Наталля ГУРКОВА-МАСЛАВА, начальнік аддзела праектнай дзейнасці галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва:

— Адміністрацыйная працэдура па атрыманні дазвольнай дакументацыі, напрыклад, займала ад 15 дзён да месяца. Збор Тэхнічных умоў, якія цяпер збіраюцца па неабходнасці, а не абавязкова, таксама дазволіў выйграць дадатковы час. Акрамя таго, па даручэнні Саўміна праводзіцца работа па ўнясенні змен у ТКП «Рамонт, рэканструкцыя, рэстаўрацыя жылых і грамадскіх будынкаў. Асноўныя патрабаванні па праектаванні». У гэтым дакуменце вызначаны, у прыватнасці, пералік работ, якія маглі здзяйсняцца падчас капрамонту. Цяпер гэты пералік карэкціруецца.

Рэканструкцыя ў прасторы і часе

У Беларусі эксплуатуецца 265 млн м2 жылля, з іх 190 мільёнаў м2 збудавана да 1994-га, калі ў краіне ўпершыню былі ўзмоцнены нормы адносна супраціўлення цеплаперадачы канструкцый будынкаў. Прычым 20 мільёнаў метраў — пяціпавярховікі-«хрушчоўкі», якім ужо больш за 50—60 гадоў.

Стары фонд вельмі энергаёмісты. Сучаснае жыллё будуецца з разлікам патрэб энергіі на ацяпленне ў межах 40—60 кВтгадз/м2, а старыя будынкі спажываюць ад 130 да 170 кВтгадз/м2. Такім чынам, прыкладна 35 % усіх энергарэсурсаў краіны траціцца на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне такога жылля, адзначыў Уладзімр ПІЛІПЕНКА, галоўны навуковы супрацоўнік ДП «Інстытут жылля — НДПТІБ імя С. С. Атаева»:

— У пасляваенны час, калі большасць дамоў была зруйнавана, праблему жылля вырашылі за кошт «хрушчовак», аднак цяпер гэтае старое жыллё не адпавядае планіровачным і архітэктурным рашэнням. Праблему прывядзення старога жылля да сучасных спажывецкіх якасцяў вырашаць трэба комплекснай рэканструкцыяй жылых масіваў. Калі параўнаць нарматывы шчыльнасці забудовы жылля, якое стваралі да 90-х гадоў, і цяперашнія, то шчыльнасць павысілася на 40—50 %. І раёны пяціпавярховікаў маюць істотныя рэзервы для ўшчыльнення.

Сумяшчаць у прасторы і часе новае будаўніцтва і рэканструкцыю дамоў спрабавалі ў 2001—2006 гадах НДПТІБ сумесна з Мінжылкамгасам, распрацаваўшы праграму комплекснай рэканструкцыі жылых масіваў, нагадаў прадстаўнік навуковай установы:

— Мы хацелі стварыць у Мінску мікрараён з ушчыльненнем забудовы за кошт надбудовы верхніх паверхаў і мансардаў. Спробы былі рэалізаваныя, у прыватнасці, на дамах па вуліцы Кахоўская, 60, Гвардзейская, 1а. Была ідэя прыцягнуць да гэтай справы прыватных інвестараў, якія б аплацілі капрамонт, а надбудаваныя паверхі прадавалі б па рыначным кошце, што стала кампенсацыяй іх затрат на мадэрнізацыю дома.

На жаль, жылыя дамы, дзе можна было б надбудаваць мансарды, выклікаюць у інвестараў усё менш зацікаўленасці і як вынік — іх удзел у капрамонце ўвогуле. Указ № 657 ад 2007 года, які датычыцца дамоў вышынёй да пяці паверхаў і дзейнічае дагэтуль, прадугледжвае да 10 % удзелу інвестара ў фінансаванні капрамонту існуючага аб'екта, і толькі мясцовыя ўлады вырашаюць канчатковы памер такога ўдзелу, удакладніў Андрэй Рамашка. Так што вярнуцца да практыкі змянення вобліку дамоў з адначасовай іх мадэрнізацыяй пакуль не ўяўляецца рэальным. І ў правядзенні незапланаваных работ спадзеў застаецца на дамову паміж уласнікамі жылля і дзяржавай.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Капрамонт напапалам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.