Вы тут

Дзмітрый Грумо: Прырода не прызнае адміністрацыйных межаў


Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі кандыдат біялагічных навук Дзмітрый ГРУМО расказаў пра планы беларускіх і ўкраінскіх эколагаў па захаванні і развіцці ўнікальнай прыроды на трансгранічных тэрыторыях.


— Раскажыце, калі ласка, пра беларуска-ўкраінскую камісію па каардынацыі пытанняў аховы і ўстойлівага выкарыстання трансгранічных прыродаахоўных тэрыторый. Яна збіраецца ад выпадку да выпадку ці з'яўляецца пастаянна дзеючай?

— Камісія працуе другі год запар, паралельна з Форумам рэгіёнаў Беларусі і Украіны, адным са складнікаў якога з'яўляецца экалагічны форум. У мінулым годзе пасяджэнне камісіі і экалагічны форум праводзіліся ў Гомелі, а сёлета камісія збіралася ў Кіеве, а экалагічны форум быў у Жытоміры.

Пасяджэнне камісіі праходзіць адзін раз, а падрыхтоўка да яго вядзецца на працягу ўсяго года ў рабочым парадку. Сёлета дэлегацыі Беларусі і Украіны ўзначалілі кіраўнікі прыродаахоўных ведамстваў.

— Якія найбольш важныя пытанні абмяркоўваліся?

— Перш за ўсё, праведзеная сур'ёзная работа, якая датычыцца кіравання трансгранічнай Рамсарскай тэрыторыяй «Альманскія балоты — тарфяны масіў Пераброды». У адпаведнасці з патрабаваннямі Рамсарскай Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, неабходна дзейнічаць па адзіным плане кіравання, а шляхі яго рэалізацыі кожная краіна выпрацоўвае на нацыянальным узроўні, але ў цеснай трансгранічнай каардынацыі. Была таксама ўнесена прапанова аб стварэнні рабочай групы для правядзення падрыхтоўчай работы па стварэнні Каардынацыйнага савета гэтай трансгранічнай тэрыторыі з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў.

— Дзмітрый Генадзевіч, вам на пасяджэнні камісіі давялося выступаць двойчы. Якія тэмы закраналі?

— Ад групы даследчыкаў Інстытута эксперыментальнай батанікі прадставіў праграму аднаўлення парушаных тарфянікаў у рэгіёне Прыпяцкага Палесся. Натуральна, яна распрацавана для беларускай часткі тэрыторыі. Але паколькі прырода не прызнае адміністрацыйных межаў, нам трэба дзейнічаць разам. Мы апавясцілі ўкраінскі бок, што будзем займацца аднаўленнем двух парушаных тарфянікаў у прыгранічнай паласе плошчай каля 6000 га. Гэтыя работы плануецца правесці ў 2020—2021 гадах у рамках праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў: захаванне аднаго з найбуйнейшых у Еўропе прыродных рэгіёнаў». У нас ужо распрацавана дарожная карта, і я спадзяюся, што ўкраінскія калегі са свайго боку таксама правядуць комплекс неабходных работ. У іншым выпадку нашы намаганні пойдуць дарэмна.

Тэма майго другога выступлення — аналіз гісторыі пажараў з 1985 да 2018 года на трансгранічных прыродаахоўных тэрыторыях «Альманскія балоты — тарфяны масіў Пераброды». Часцей за ўсё іх прычына — неасцярожнае абыходжанне з агнём чалавека. Менавіта ў сезон збору журавін павялічваецца колькасць пажараў на нашым баку, на ўкраінскім фактар рызыкі — старацелі, якія займаюцца нелегальнай здабычай бурштыну. На мой погляд, неабходна стварыць адзіную сістэму абвесткі; займацца інфармаваннем насельніцтва, добраўпарадкаваннем стаянак зборшчыкаў журавін і ліквідаваць несанкцыянаваныя стаянкі. Трэба звярнуць увагу на матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне лесагаспадарчых устаноў абедзвюх краін і супрацьпажарнае абсталяванне. На сёння, напрыклад, у рамках праекта міжнароднай навукова-тэхнічнай дапамогі для Ровенскага запаведніка ва Украіне і для нашага ДЛГУ «Палескі лясгас» была закуплена сістэма выяўлення пажараў, якая дазваляе цалкам кантраляваць узгаранні на праектнай тэрыторыі. Камеры фіксуюць пажары ва ўсіх цэнтрах узгарання і на прылеглых тэрыторыях. Пры наяўнасці смугі камера забяспечыць выяўленне пажараў на адлегласці да 15 км, а пры ясным надвор'і — да 40 км. Гэта спрыяе хуткаму рэагаванню на пажары, наша ж галоўная мэта — прадухіліць іх, таму былі агучаныя прапановы па прагназаванні пажаранебяспекі.

— Ці прымалі ўдзел у рабоце камісіі члены экалагічных грамадскіх аб'яднанняў?

— Так, і вельмі актыўна. Больш за тое, на мінулым тыдні адбылося пасяджэнне рабочай групы праекта «Палессе — дзікая прырода без межаў: захаванне аднаго з найбуйнейшых у Еўропе прыродных рэгіёнаў». Такім чынам мы ўжо прыступілі да рэалізацыі рашэнняў, прынятых на пасяджэнні беларуска-ўкраінскай камісіі.


Андрэй ХУДЫК, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі:

— Пасяджэнне нашай сумеснай камісіі — гэта пляцоўка для канструктыўнага дыялогу, на якой двум бакам даецца магчымасць абмеркаваць шэраг важных праблем і сумеснымі намаганнямі дасягнуць узаемапрымальных рашэнняў, накіраваных на зберажэнне прыродных экасістэм, перш за ўсё Палескага рэгіёна.

У сілу таго, што ў свеце інтэнсіўна трансфармуюцца прыродныя экалагічныя сістэмы і знікаюць віды жывых арганізмаў, наша сумесная работа ў рамках камісіі з'яўляецца ўнёскам у глабальны працэс аховы навакольнага асяроддзя, яе поспех залежыць ад намаганняў кожнай краіны паасобку і ўзгодненасці сумесных дзеянняў.

Выказваю ўдзячнасць ураду Украіны, Міністэрству энергетыкі і абароны навакольнага асяроддзя Украіны за прынятыя крокі па рашэнні пытанняў аховы навакольнага асяроддзя, забеспячэння экалагічнай бяспекі ў сумежным з Беларуссю рэгіёне, а таксама ўмацаванню супрацоўніцтва нашых дзяржаў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.