Вы тут

Рыхтуемся да 4-й прамысловай рэвалюцыі


Лічбавізацыя брыкету, газавы кандэнсатар, аўтакіраванне вадой.

Гэтыя і іншыя праекты і кірункі дзейнасці сталі пераможцамі пятага юбілейнага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2019». Пра зніжэнне энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у краіне, павышэнне энерганезалежнасці і бяспекі, а таксама пра перспектывы выкарыстання атамнай энергіі гаварылі пераможцы спаборніцтваў і спецыялісты энергетычнай сферы.


Фота: promdevelop.ru

Эканомія на торфавых гігакалорыях

— Сёлета на конкурсе шырока прадстаўлены сістэмы аўтаматызацыі ў энергетыцы, а таксама перспектыўныя тэхналогіі ў сістэмах цепла- і водазабеспячэння. Фактычна сектар аўтаматызацыі і лічбавізацыі ў энергетыцы становіцца прыярытэтным пры ўкараненні энергазберагальных мерапрыемстваў, — заўважыў Андрэй МАЛОЧКА, кіраўнік аддзела агульнай энергетыкі, старшыня экспертнага савета конкурса, прадстаўляючы пераможцаў.

— Згодна са звесткамі міжнароднага энергетычнага агенцтва, з 1990 года да сённяшняга дня мы знізілі энергаёмістасць ВУП амаль у 3,5 раза, з 550 кг да 160 кг нафтавага эквіваленту на тысячу долараў. Доля аднаўляльных крыніц энергіі пры гэтым павялічылася амаль удвая — з 3,3 % да 6,2 % па выніках 2018-га, — падзяліўся Андрэй МІНЯНКОЎ, начальнік аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў Дэпартамента па энергаэфектыўнасці. — Гэта і змяншае сабекошт прадукцыі, і павышае дабрабыт грамадзян.

У планах — сэканоміць за пяць гадоў 5 мільёнаў тон умоўнага паліва.

Вадзім ШАЛОНІК, генеральны дырэктар прадпрыемства «Мінгаз», расказаў пра ўкараненне сучасных тэхналогій падчас рэканструкцыі торфабрыкетнага завода:

— Мы пачалі з пытанняў аўтаматызацыі вытворчасці прадукцыі і па завяршэнні рэканструкцыі кацельнай бачым, што сёння выходзім на верхні ўзровень лічбавізацыі вытворчасці брыкету і ўліку цеплавой энергіі. За гады, што мы адпрацавалі, толькі на адной гігакалорыі цеплаэнергіі знізілі затраты на 35 %, на вытворчасці адной тоны брыкету сэканомілі 7 % электраэнергіі.

На прадпрыемстве шмат увагі ўдзяляецца менавіта лічбавізацыі. Пасля яе завяршэння тут мяркуюць перайсці на іншы ўзровень кіравання працэсамі. «Уся сусветная эканоміка рухаецца гэтым кірункам, і нам неабходна рыхтавацца да чацвёртай прамысловай рэвалюцыі. У найбліжэйшыя тры-чатыры гады мы павінны перайсці на новыя тэхналогіі», — дадаў спецыяліст.

Штучны інтэлект у водазабеспячэнні

Павышэнне электраспажывання павінна быць эфектыўным, сцвярджаюць спецыялісты. 2,4 Гвт устаноўленай магутнасці, якія краіна атрымае ад уводу АЭС, трэба спажываць якасна і аптымізавана.

У сабекошце водазабеспячэння, напрыклад, амаль палова прыпадае на электраэнергію. Не менш важны складнік — уплыў на функцыянаванне сістэмы чалавечага фактару і ўзроўню прафесіяналізму супрацоўнікаў. Дасягнуць добрых вынікаў можна за кошт змянення падыходаў да кіравання тэхналагічным абсталяваннем, а не за кошт яго замены, упэўнены Яўген КЛЯБАНАЎ, намеснік дырэктара арганізацыі «Тэхнікон»:

— Водазаборы ў водаканалах, з якімі мы працуем, кіруюцца поўнасцю ў аўтаматычным рэжыме. Аператар умешваецца толькі ў пазаштатных сітуацыях. Сістэма кіравання свідравінамі, выбар найлепшага рэжыму, дыягностыка помпавага абсталявання, прагноз водаспажывання горада — усё гэта робіць аўтаматыка з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту.

Некалькі водазабораў ужо аснашчаны самымі сучаснымі рашэннямі, якія дазваляюць аператару прымаць рашэнні з пункту гледжання не толькі тэхналогій, але і грошай. Вырашаючы, ад якога водазабору ў горад павінна ісці вада, аператар цяпер арыентуецца на тэхналагічныя фактары. А спецыялісты кампаніі прапануюць сістэму, калі аператар зможа ў рэальным часе ўбачыць яшчэ і кошт вады з пэўнага водазабору і прыняць рашэнне, адкуль узяць больш вады, а адкуль, наадварот, менш, кіруючыся фінансавай мэтазгоднасцю.

Кацёл для жорсткіх рэалій

Рынку патрэбны магутны і эканамічны кацёл, упэўнены Уладзімір СЫСУН, дырэктар завода ацяпляльнага абсталявання «Віктары». Існуючыя сёння прылады магутнасцю 300 і 500 кВт патрабуюць шмат газу на сваё функцыянаванне. Кампанія ж распрацавала ўнікальны прадукт — кандэнсацыйны газавы ацяпляльны кацёл магутнасцю 280 кВт, якога хапае для абслугоўвання 2800 м2.

Тут рэалізавана прынцыпова новая мадэль цеплаабменніка з трубамі з нержавеючай сталі дыяметрам 14 міліметраў. Такі памер мінімізуе адкладанне соляў ад вады ўнутры трубы і аблягчае абслугоўванне, што паляпшае цеплаправоднасць і цеплааддачу і змяншае расход газу.

Электронная плата ў катле — унікальная айчынная распрацоўка, кажа спецыяліст. Яна створана спецыяльна пад жорсткія ўмовы функцыянавання не толькі ў вадзе, насычанай жалезам, але і падчас перападаў электрычнага напружвання і іншых айчынных рэалій работы абсталявання.

Тым не менш кідацца масава замяняць газавыя катлы электрычнымі, а ўсе дамы пераводзіць на электраспажыванне спецыялісты не раяць. Дармавой атамная энергія ад АЭС усё роўна не будзе, а вось дзе якія тэхналогіі варта пакінуць, а дзе эканамічна мэтазгодней замяніць — трэба вырашаць канкрэтна і індывідуальна. Найбліжэйшыя 50 гадоў прыродны газ у краіне дакладна будзе яшчэ актыўна выкарыстоўвацца.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

«Макiяж — адзенне для твару». Цi мужчынскiх рук гэтая справа?

З якiмi мэтамi ў «жаночую» прафесію прыходзяць маладыя хлопцы?

Спорт

Чэмпiёнка свету па рукапашным баі Вольга Камарова: Сiлавыя здольнасцi — толькi ў спорце

Чэмпiёнка свету па рукапашным баі Вольга Камарова: Сiлавыя здольнасцi — толькi ў спорце

Гераiня лiчыць, што любыя перамогi або няўдачы залежаць ад нас самiх i ад веры ў сябе.