Вы тут

Лён, саломка і ручнікі: што беларускія прыгажуні павязуць на міжнародныя конкурсы


Конкурсы прыгажосці — якраз тая сфера, у якой сустракаюць па адзежцы. Таму дзяўчаты, якія ў хуткім часе прадставяць нашу краіну на сёлетніх форумах «Міс свету», «Miss International» i «Miss Supranational», паказалі сёння ў Нацыянальнай школе прыгажосці журналістам і фэшн-блогерам свае ўборы, распрацаваныя айчыннымі дызайнерамі, і расказалі, чым пастараюцца ўразіць публіку і суддзяў.


Лондан, Вялікабрытанія. «Міс Свету-2019»

Анастасія Лаўрынчук — Другая віцэ-міс Беларусь-2018 і адна са 130 прэтэндэнтак на карону першай прыгажуні свету. Дзяўчына паспрабуе калі не паўтарыць леташні поспех Марыі Васілевіч (тая, нагадаем, заваявала ў Кітаі тытул «Міс свету Еўропа»), то як мінімум запомніцца.

Нацыянальны касцюм, у якім дзяўчына выйдзе на дэфіле, створаны, што называецца, па матывах беларускіх ручнікоў, упрыгожаных яркай і, што важна, асэнсаванай вышыўкай. Магчыма, так выглядала песняроўская «Чырвоная ружа» — альбо ўзоры на бабуліным ручніку, якія запомніліся з дзяцінства. Ідэю мадэльеры спалучылі з формай а-ля 1970-ыя, зноў запатрабаванай сёлета, дабавілі стразы і атрымалі надзвычай эфектны вынік. «Мы ўпэўнены, што беларуская дзяўчына мусіць выглядаць ярка, сучасна і па-жаноцку, таму гэты камплект падкрэслівае індывідуальнасць і хараство нашай канкурсанткі», — гавораць дызайнеры Марына Ужастава і Святлана Стадольнік, якія распрацоўвалі гэты ўбор. На сцэне яго, дарэчы, дапоўніць стылізаваны вянок з каласкамі і буйнымі чырвонымі кветкамі. А ўзмацніць уражанне павінен танец з трашчоткамі, які рыхтуе для «нацыянальнага» дэфіле Анастасія Лаўрынчук.

Дызайнерская сукенка для ўдзельніцы «Міс свету» — своеасаблівы рэверанс у бок Крысціяна Дзіора, які лічыў, што, па-першае, жанчына павінна быць падобнай да кветкі, а па-другое, усім жанчынам пасуюць банты. Элегантныя шэра-ружовыя адценні, пакрытая глітэрам тканіна, якая блішчыць і пераліваецца — дызайнер беларускага брэнда «Ажына» Вольга Дзяйко падкрэслівае, што тут спалучаюцца пяшчота і сіла духу.

Вячэрнюю сукенку для фінальнага шоу, якое прызначана на 14 снежня, па традыцыі трымаюць у сакрэце як мага даўжэй, таму дызайнеры паказалі толькі эскізы і ўзоры тканін, але запэўнілі, што ўбор будзе «шыкоўны і модны».

Токіо, Японія. «Miss International-2019»

22-гадовая бабруйчанка Марыя Первій, «Міс глядацкіх сімпатый» на нацыянальным конкурсе прыгажосці «Міс Беларусь-2018», ужо 12 лістапада пакажа на прэстыжным міжнародным форуме, што беларускіх дзяўчат немагчыма не заўважыць нават у натоўпе (а ў Miss International, які праходзіць з 1960 года, штогод бяруць удзел прадстаўніцы каля 70 краін свету).

На жаль, Марыя не змагла трапіць на «перадпаказ», таму яе конкурсныя ўборы прадставілі дызайнеры. Прадстаўнікі айчыннага брэнда Historia Naturalis расказалі, што ролю нацыянальнага беларускага касцюма выканае нетыповы ўбор, без усякіх там арнаментаў і вышыванак. Гэта вельмі свабодная паўпразрыстая льняная сукенка, аздобленая блакітна-бліскучым «гарохам», сімвалізуе беларускае неба і аблокі, а ў якасці дадатковага аксесуару і ўпрыгожання выступіць адмысловы галаўны ўбор — лебедзь, таксама з ільну. Акрамя таго, на подыуме дызайнеры спадзяюцца зладзіць невялікі перформанс — апусціць у белы разны чамадан-рукзак з надпісам ПОШТА вялікі ліст «З любоўю з Беларусі». Што праўда, збіраць гэту канструкцыю дзяўчыне давядзецца самастойна, ужо непасрэдна ў Японіі.

Асобнае месца ў багажу беларускай удзельніцы падрыхтавана для чырвона-бела-зялёнага шклянога зубра — ён стане ён стане адным з лотаў аўкцыёну, сродкі ад якога канкурсанткі Miss International накіруюць на дабрачыннасць.

Што да вячэрняй сукенкі для гала-шоу конкурсу, гэта класічны ўбор з карункамі і пышнай спадніцай, гэткая «прынцэса», якой хоць раз у жыцці мараць пабыць многія дзяўчаты.

Крыніца-Здруй, Польшча. «Miss Supranational-2019»

Імя прадстаўніцы Беларусі на конкурсе стала вядома літаральна днямі: гэта будучы юрыст з Гродна Караліна Барысевіч, якая ў леташнім нацыянальным аглядзе прыгажунь займела тытул «Міс фота». А 6 снежня дзяўчына паспаборнічае і за карону Miss Supranational, балазе, нашым удзельніцам на гэтым конкурсе часта шанцуе.

Нацыянальны ўбор для конкурсу Караліна прыдумала сама — прызнаецца, што крыніцай натхнення сталі колеры беларускага сцяга, арнамент і саломка, якая сімвалізуе душэўную цеплыню і шчодрасць. «Аднак я адкрытая для супрацоўніцтва, і калі нехта з дызайнераў прапануе свае ідэі, гатовая іх прыняць», — гаворыць дзяўчына.

Саламяныя элементы, дарэчы, Караліна скарыстае напоўніцу: і ў галаўным уборы, і ў сувенірнай прадукцыі, якую мяркуе падарыць іншым удзельніцам і арганізатарам. А для самапрэзентацыі, так званага вечара знаёмстваў, яна выбрала класічную вячэрнюю сукенку — белую з вялікімі чырвонымі ружамі: «Мне здаецца, ў такой сукенцы ніводная дзяўчына не застанецца без увагі».

Усе тытулаваныя прыгажуні настройваюцца на перамогу. Аднак у размовах падкрэсліваюць: новыя кароны і званні — гэта, безумоўна, прыемна, «але самае важнае — паказаць, што ў нас вельмі прыгожая і сучасная краіна».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.