Вы тут

Чым картынг прыцягвае ўвагу падлеткаў?


— Гэты драйв адчуваю ўнутры з дзяцінства, я быццам хворы на іх, — усміхаючыся, кажа Аляксандр МАЦВЕЕЎ. — Пасля таго як скончыў аўтатрактарны факультэт БНТУ, стаў трэнерам для дзяцей у адной са сталічных картынг-школ. Да таго ж заняўся грамадскай дзейнасцю — цяпер я старшыня арганізацыі «Белкартынг-спорт». З яе дапамогай мы развіваем і папулярызуем гэты кірунак, шукаем пляцоўкі для гоншчыкаў, прымаем удзел у розных мерапрыемствах.


На тэрыторыі школы на ўсю моц равуць маторы — у хлопчыкаў і дзяўчынак пачалася трэніроўка. Аляксандр тлумачыць, што ў іх ні адны заняткі не абыходзяцца без парад трэнера, інструктажу, а таксама традыцыйнай фразы «З халоднай галавой і гарачым сэрцам», якая адлюстроўвае патрэбнае стаўленне да спорту. Толькі пасля можна на трасу.

— Яна ў нас складае 280 метраў. Другая знаходзіцца на аэрадроме Баравая, там у распараджэнні гоншчыкаў больш за адзін кіламетр дарогі, — расказвае трэнер.

Аляксандр адзначае, што ў кожнага дзіцяці свой стыль ваджэння. Хтосьці шустры ў жыцці, такі ж і на трасе. І наадварот. Але збольшага рысы характару ніяк не ўплываюць на перамогі. Гэта заўсёды непрадказальная гульня.

— Калі гоншчык за рулём, у яго абсалютна свае думкі і дзеянні. Дзяўчынкі часта спяваюць, прычым вельмі гучна, нехта штосьці крычыць, бо зашкальвае адрэналін, а хтосьці маўчыць. Каб дзеці адчувалі сябе на трасе больш упэўнена, падчас заездаў мы дзелім іх на тры групы: першая — для самых хуткіх, другая — для тых, хто едзе павольней, ну і трэцяя — для пачаткоўцаў. Заезд доўжыцца па 10—15 хвілін, за адну трэніроўку іх у сярэднім выходзіць на кожнага па чатыры-пяць. Агулам хлопцы і дзяўчаты праводзяць за рулём амаль дзве гадзіны. Маючы вялікі досвед работы з дзецьмі, магу з упэўненасцю сказаць, што тых, хто «хварэе» на картынг, відаць адразу. Для іх галоўнае — хутчэй сесці на месца кіроўцы. А магчымасцяў для гэтага цяпер у моладзі больш, чым гадоў дзесяць таму. У маім дзяцінстве 15 чалавек напераменку ездзілі на адной машыне, а цяпер у кожнага на картадроме ўласны карт.

Трэнер успамінае, што калі быў шасцігадовым дзіцем і наведваў юнацкую спецыялізаваную спартыўна-тэхнічную школу, адразу вызначыўся з мэтай на будучыню. Такую ж цвёрдасць у думках заўсёды чакае і ад сваіх выхаванцаў:

— Як і ў любой справе, галоўнае для дасягнення поспеху — перыядычнасць. Чым больш стартаў зробіш за сезон, тым больш удалых фінішаў атрымаеш. Зразумела, бываюць неспадзяваныя выпадкі накшталт дрэннага настрою або самаадчування, якія могуць перашкаджаць добрым вынікам, аднак часцей за ўсё на гоначнай трасе гэта адыходзіць на другі план. Інакш кажучы, тое, як ставіўся да трэніровак хлопец або дзяўчына на працягу года, наколькі ён або яна былі мэтанакіраваныя, бачна падчас закрыцця сезона.

У краіне вялікіх картадромаў усяго некалькі. Гэта стварае значную праблему для аматараў, якіх хапае. Бо картынг — самая масавая і папулярная аўтамабільная гоначная дысцыпліна ў свеце.

— Тут няма абмежавання па ўзросце, — дадае Аляксандр. — Пачынаючы з пяці гадоў дзеці ўдзельнічаюць у спаборніцтвах рознага маштабу. Дапушчальная хуткасць на трасе залежыць ад узросту: хлопчыкі і дзяўчынкі да сямі-васьмі гадоў выціскаюць 50—70 кіламетраў у гадзіну, тыя, каму больш за чатырнаццаць—шаснаццаць, — 110—120 кіламетраў.

Цікава, што вага для гоншчыкаў на трасе значыць многае.

— Гоншчыкаў-пачаткоўцаў ад прафесіяналаў адрозніваюць дзве-тры секунды. 20 лішніх кілаграмаў — лішнія паўсекунды з круга. А гэта вялікая страта для тых, хто хоча перамагчы ў спаборніцтвах. Бывае, што дзіця вельмі худое, але гэта можна выправіць, дадаўшы вагу ў выглядзе экіпіроўкі. А калі яна залішняя, вынікі могуць атрымацца няўдалыя, — тлумачыць трэнер.

— Часта, калі дэманструюцца заезды на картах, акцэнт робіцца на аварыях. Наколькі такія здарэнні распаўсюджаныя?

— Прыкладна адно-два за сезон. Гоншчык можа выпасці з машыны, пашкодзіць экіпіроўку, атрымаць нейкія вывіхі, але сур'ёзныя наступствы — рэдкасць. Картынг-школы якраз і існуюць для таго, каб даваць тэарэтычныя і практычныя веды. Да нас прыходзяць дзеці са страхам у вачах, але хутка ён знікае і з'яўляюцца азарт, цікавасць.

— Дарэчы аб спаборніцтвах. Як часта выступаеце на іх?

— Імкнёмся ўдзельнічаць усюды, дзе толькі можам. Напрыклад, на гоначных серыях «Малыш», Rotax Max, Rotax Max Mіnі, Open, KZ, якія праходзяць у нашай краіне. Разам з іншым трэнерам школы Аляксандрам Шчалканавым мы рыхтуем чэмпіёнаў, зараз іх у нас 12. Выхаванцы заваявалі 126 кубкаў, і на гэтым мы не збіраемся спыняцца. Больш за 10 разоў дзеці станавіліся пераможцамі чэмпіянату і першынства краіны па картынгу, больш за 20 разоў — іх прызёрамі. Некалькі разоў яны выйгравалі міжнародныя спаборніцтвы «Кубак Балтыі», куды прыязджаюць наймацнейшыя гоншчыкі з розных краін. Радуе, што за апошнія гады колькасць зацікаўленых дзяцей значна павялічылася.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Чаму спяваюць на трасе, або Гонкі за дозай адрэналіну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.