Вы тут

Другі этап ЧБ па зімовых трэкавых гонках «Гарачы лёд» прайшоў пад Мінскам


Роў матораў, небяспечныя віражы і кантактная барацьба на трэку, – у Баравой пад Мінскам прайшоў другі этап чэмпіянату Беларусі па зімовых трэкавых гонках «Гарачы лёд». Дасведчаныя спартсмены і юныя аматары хуткай язды з усёй краіны прыехалі на стадыён «Зара», каб вызначыць найлепшых у гонках на лёдзе.


Сярод удзельнікаў спаборніцтваў нямала вядомых гоншчыкаў, якія станавіліся прызёрамі шматлікіх турніраў. Паміж спарткараў можна было пабачыць і аўтамабіль Віталя Мурылёва, пераможцы «Калядных гонак- 2018». Акрамя мацёрых спяцоў, у заездах ўдзельнічалі і юніёры. Напрыклад, самаму малодшаму гоншчыку ледзь стукнула дванаццаць гадоў. Нароўні з брутальнымі мужчынамі, па ледзяной трасе спрабавалі свае сілы прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

Марыя Вашкевіч

– Для мяне гэта першы зімовы сезон, таму амбіцыйных мэт для сябе не ставіла, – расказвае Марыя Вашкевіч. – Заданне мінімум – бяспечна прайсці дыстанцыю, без сур'ёзных наступстваў для сябе і аўтамабіля. Удзел у гонках з сур'ёзнымі сапернікамі дасць мне немалы досвед.

І вось дадзены старт пачатку спаборніцтва. Аўтамабілі рвануліся наперад, пакідаючы за сабой ледзяны пыл, які вылятаў з-пад шыпаваных колаў. Ідучы ў рызыкоўныя заносы на паваротах дыстанцыі, гоншчыкі неаднойчы казыталі нервы гледачам небяспечным і маляўнічым відовішчам.

 Кацярына Турок

Не абышлося і без сутыкненняў.

– Я замарудзілася на павароце,  машына збавіла ход і ў гэты момант я адчула ўдар у бакавыя дзверы, – расказвае пра здарэнне Кацярына Турок. – Гоншчык, які рухаўся за мной, не паспеў зрэагаваць, і як вынік – сутыкненне. Пакуль Кацярына з усмешкай расказвала пра «непаразуменне», члены яе каманды, узброіўшыся кувалдамі, спрабавалі выгнуць дзверы «васьмёркі», каб надаць ім ранейшы выгляд.

Кацярына Турок, нягледзячы на юны ўзрост, досыць вопытная спарстменка і неаднаразовая ўдзельніца розных спаборніцтваў. Пачаўшы выступаць у пятнаццаць гадоў, за чатыры сезоны гоншчыца не раз станавілася прызёрам юніёрскага чэмпіянату.

 

Данііл Грыц

Па слядах бацькі-гоншчыка пайшоў і Данііл Грыц. І хай за плячыма толькі год стажу, планы ў юнака амбіцыйныя:

– Разлічваю на перамогу ў юніёрскім чэмпіянаце. Лічу, што сёння выступіў цалкам паспяхова, хоць працаваць яшчэ ёсць над чым.

Пяць гадзін напружанага змагання – час падводзіць рэзультат другога этапу чэмпіянату. Па выніках прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам:

У заліковай групе «Супер +» трэцяе месца ў Антона Кончыца, другое – ў Віталя Мурылёва, а пераможцам у групе стаў Аляксандр Сачук. У класе «Легенды СССР» найлепшым быў Павел Шасцілоўскі, другое і трэцяе месца – ў Аляксея Савіна і  Кірыла Ялавіцына адпаведна.

У заліковай групе «Лайт» вызначыўся наступны трыўмвірат: першынства ў Сяргея Выдронка,  другое месца ў Аляксандра Сачука, ну а трэцяе – ў Рыгора Галабародзькі.

Сярод юніёраў у першую тройку ўвайшлі:

Трэцяе месца – Данііл Грыц, другое – Данііл Жданаў, першае месца – Раман Канарскі.

 Раман Канарскі

 Юнаму чэмпіёну ўсяго 12 гадоў, тым не менш, гэта не першы сезон за плячыма ў Рамана:

– Гэта другі «лёд», у якім я бяру ўдзел, на першых спаборніцтвах выступіў не так удала – другое месца. Але сезон у разгары, наперадзе «Зімовае танга» у Бабруйску, дзе ў планах таксама годна выступіць.

Другі этап спаборніцтваў скончыўся, але наперадзе яшчэ не адзін заезд чэмпіянату, а значыць аматараў хуткай язды чакае маса вострых ўражанняў і новыя перамогі.

Андрэй САЗОНАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.