Вы тут

«Мне б у неба». Глядзіце 18 кастрычніка


«Мне б у неба» — трагікамедыйны мастацкі фільм Джэйсана Райтмана, які ўбачыў свет у 2009 годзе. Знятая па аднайменным рамане Уолтэра Кёрна, гэтая кінакарціна была названая саветам кінакрытыкаў ЗША найлепшым фільмам года.


Здымкі «Мне б у неба» праходзілі ў Дэтройце, Лас-Вегасе, Маямі, Амасе і Сент-Луісе, ЗША. «Мы здымалі ў пяці гарадах, якія адлюстроўваюць дваццаць, — дзяліўся пасля ў інтэрв'ю рэжысёр. — Наш мастак-пастаноўшчык паказаў сябе сапраўдным геніем, калі, бывала, размяшчаў пяць розных гарадоў у адным будынку. Мы хадзілі з паверха на паверх, перасякаючы пры гэтым кантынент. Разам з тым мне хацелася, каб перамены адчуваліся кожны раз, як наш герой прызямляецца ў новым месцы. Вось вы ў Маямі, побач акіян, а ў наступнае імгненне — у Дэтройце, і мяце снег. Я хацеў, каб адчувалася змена клімату, абставін, каб усё змянялася ад горада да горада — асвятленне, вопратка, антураж».

Цікавыя факты

За два месяцы да пачатку здымак Вера Фарміга другі раз стала мамай. І паколькі шрам ад кесарава сячэння ўсё яшчэ быў заўважны, то ў некаторых сцэнах актрысу замяняла дублёрша.

У канспіратыўных мэтах 35-міліметровыя стужкі з фільмам былі адпраўлены ў кінатэатры пад назвай «Сідней».

Калі б Джордж Клуні адмовіўся ад ролі, то яе перапісалі б пад Сціва Марціна і зрабілі б ухіл у бок сюжэта фільма «Цяжкасці перакладу» (2003).

Большая частка людзей, якія з'яўляюцца ў фільме, зусім не акцёры, а простыя амерыканцы, хто застаўся без работы з-за крызісу. Іх сцэны здымаліся пад выглядам дакументальнага кіно.

Уолтэра Кёрна, аўтара кнігі, паводле якой зняты фільм, таксама можна ўбачыць на экране. Ён іграе камеа і ў сцэне прадстаўлення Наталі сядзіць злева ад Раяна.

Кінастужка расказвае гледачам гісторыю амерыканскага юрыста Раяна Бінэма, сутнасць работы якога — паведамляць людзям, што іх звольнілі. Вядома, такія звесткі многіх абураюць і нават выклікаюць разгубленасць і слёзы. Таму нашаму герою неабходна выказаць спачуванні, спадзеючыся, што такім чынам былыя супрацоўнікі не пойдуць у суд. Аднак і для самога Бінэма (ролю выконвае Джордж Клуні, вядомы па ролях у серыяле «Хуткая дапамога», фільмах «Сірыяна», «Адзінаццаць сяброў Оўшэна» і іншых ) работа — адзінае, што ёсць у яго жыцці. Бясконцыя сустрэчы з супрацоўнікамі, пералёты і мімалётныя знаёмствы з жанчынамі — усё, чым запоўнены будні і святы мужчыны. У вобразе гэтага героя вельмі дакладна счытваюцца рэаліі сённяшніх дзён, калі асноўны час прысвячаецца працы, а іншыя сферы, у тым ліку і сям'я, уключаюцца ў распарадак па астаткавым прынцыпе.

Паваротнымі момантамі, якія змяняюць жыццё нашага героя і яго стаўленне да рэчаіснасці, становяцца сустрэча з незвычайнай жанчынай Алекс (Вера Фарміга) і сутыкненне з маладой калегай Наталі (Анна Кендрык). У выпадку з першай ён пачынае задумвацца пра важнасць сям'і і кахання, а што да сітуацыі на рабоце, то там з'яўляецца ўсведамленне, як аднойчы ўсё можа змяніцца, і тады ўжо ты сам можаш апынуцца сярод беспрацоўных.

Вытрымкі з інтэрв'ю звольненых герояў кінакарціны «Без сяброў, без сям'і я не справіўся бы», «Справа не ў грашах, хоць з імі цёпла, можна аплаціць рахункі і купіць плед, але яны ніколі не сагрэюць мяне як мой муж», «Мне трэба прачнуцца раніцай, выбраць нешта і знайсці, бо я жыву дзеля сваіх дзяцей і сям'і» — нібы нататкі на палях, якія дапамагаюць у складанай сітуацыі. І мы самі робім выбар: рухацца нам з адным чамаданам з аэрапорта ў аэрапорт ці асесці на адным месцы, нарадзіць дзяцей і жыць у горы і ў радасці з дня ў дзень...

Як крытыкі, так і гледачы фільм успрынялі неадназначна. Нехта ацэньвае яго як простую гісторыю, а іншыя праводзяць паралелі з надзённымі праблемамі і бачаць метафары і пераканаўчую ігру герояў. Фільм намініраваўся ў шасці катэгорыях на «Залаты глобус», выйграў прэмію за найлепшы сцэнарый, меў таксама шэсць намінацый на прэмію «Оскар», але не перамог ні ў адной з катэгорый. Узяў чатыры прэміі Нацыянальнага савета кінакрытыкаў ЗША: як найлепшы фільм, найлепшая мужчынская роля (Джордж Клуні), найлепшы адаптаваны сцэнарый і найлепшая жаночая роля другога плана (Анна Кендрык).

Што ж, самы час запланаваць для сябе прагляд фільма на вечар пятніцы 18 кастрычніка. Чакайце сеанс на тэлеканале «Беларусь 2» у 23.15.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Прыярытэты на ўсе часы...

Выбар рэдакцыі

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.