Вы тут

Акцэнт на развіццё рэгіёнаў


Менавіта глыбінка павінна і можа стаць лакаматывам эканамічнага росту як абласцей, так і краіны ў цэлым. Тым больш што для гэтага створаныя ўсе ўмовы, прывабныя для патэнцыйных інвестараў, мясцовых жыхароў, якія жадаюць распачаць сваю справу. Стан недзяржаўнага сектара эканомікі ў апошні час у Віцебскай вобласці не раз быў у цэнтры ўвагі прадстаўнікоў улады рознага ўзроўню. Традыцыйнымі сталі тэматычныя «разборы палётаў» у аблвыканкаме, канферэнцыі, «круглыя сталы», форумы з удзелам адказных асоб і прадпрымальных людзей.


На выстаўцы-кірмашы «Віцебшчына — за здаровы лад жыцця».

Нядаўна старшыня аблвыканкама Мікалай ШАРСНЁЎ на пасяджэнні, дзе абмяркоўваліся пытанні інвестыцый, падкрэсліў: без іх не будзе магчымасці дынамічнага развіцця раёнаў у будучыні. Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады нагадаў прысутным, што на сённяшні дзень усе раёны датацыйныя. Добра, што з году ў год працэнт фінансавай залежнасці памяншаецца, але працэс выхаду на большую самастойнасць трэба актывізаваць. І менавіта дзелавая актыўнасць, адкрыццё новых вытворчасцяў і, як вынік, стварэнне рабочых месцаў і рост падатковых паступленняў паспрыяюць устойліваму развіццю рэгіёнаў. На гэта пастаянна звяртае ўвагу кіраўнік дзяржавы, нагадаў старшыня Віцебскага аблвыканкама.

Вельмі плённа прайшла на мінулым тыдні рэгіянальная канферэнцыя KЕF-2019 «Беларусь пачынаецца тут». Адзін з яе ўдзельнікаў, намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый ЯРАШЭВІЧ, канстатаваў, што раней распрацоўваліся канцэпцыі эканамічнага развіцця ў цэлым, але менш увагі звярталася на патрэбы і патэнцыял рэгіёнаў у прыватнасці.

Цяпер сітуацыя іншая: усе адрозненні абласцей трэба ўлічваць, што і робіцца. У міністэрстве гатовыя аказваць усебаковую падтрымку ініцыятывам: калі трэба — нават да прапаноў па зменах у заканадаўстве. Намеснік міністра ўпэўнены, што ўмовы для інвестараў у краіне вельмі прывабныя. Асабліва калі размова ідзе пра магчымасць распачаць бізнес у малых гарадах, сельскіх населеных пунктах. І па-ранейшаму можна добра зарабіць на тэрыторыях свабодных эканамічных зон. Асобная размова пра Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», прыцягальны для бізнесу.

Старшыня Камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Анжаліка НІКІЦІНА паведаміла ўдзельнікам канферэнцыі, што ў Савеце Міністраў добра ацанілі распрацаваную аблвыканкамам стратэгію развіцця Прыдзвіння. Адзін са спосабаў актывізацыі супрацоўніцтва з бізнесам — інвентарызацыя аб'ектаў нерухомасці. У якасці станоўчага прыкладу можна прывесці Аршанскі раён, дзе выявілі дадаткова каля 470 аб'ектаў, якія не выкарыстоўваліся. Адказная асоба лічыць, што ў раёнах трэба арганізаваць па дзве-тры «пляцоўкі», каб туды запрашаць інвестараў для арганізацыі вытворчасці. А дзеля гэтага там павінна быць развітая інфраструктура, трэба прадумаць лагістычныя, вырашыць транспартныя пытанні.

Кандыдат эканамічных навук, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Марына Сланімская падзялілася вынікамі апытання дзелавых людзей. Даследаванне меркаванняў 400 рэспандэнтаў вялося на працягу двух гадоў.

Што датычыцца праблем, то прадпрымальнікі адзначылі бюракратыю, залішняе ўмяшанне ў справы бізнесу, адставанне ад часу галіновага заканадаўства, што абмяжоўвае канкурэнцыю. Незадаволеныя бізнесмены і тым, што цяжка кааперавацца з дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Іншыя цяжкасці — вялікія аб'ёмы неплацяжоў за прадукцыю і паслугі, няроўныя ўмовы на ўнутраным рынку для прыватных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў з дзяржаўнай формай уласнасці. Усё больш адчуваецца недахоп кваліфікаванага персаналу.

Дарэчы, некалькі слоў пра кадры. Падчас адной з дыскусій прагучала, што 8 % беларускіх студэнтаў з'ехала для працягу вучобы ў Расію і Польшчу. Як правіла, яны рэдка вяртаюцца назад. Таму айчынным вытворцам, фірмам, арганізацыям трэба замацоўваць патэнцыйныя кадры. І не толькі ў Мінску, але і ў Віцебску прыкладаў усё больш, калі недзяржаўныя прадпрыемствы запрашаюць на практыку, каб зацікавіць моладзь працаваць пастаянна...

Галоўнае — прадстаўнікі бізнесу адчуваюць, што ва ўлады ёсць разуменне праблем, і, калі нешта нельга вырашыць на мясцовым узроўні, можна атрымаць падтрымку на абласным і рэспубліканскім. Асабіста кіраўнік краіны не раз казаў, што падтрымае выгадныя праекты, вельмі пільна прыслухоўваецца да «сігналаў» наконт цяжкасцяў ад прадстаўнікоў бізнес-структур, сустракаецца з дзелавымі людзьмі.

Зразумела, дапамагаючы бізнесу, можна зняць з дзяржавы нагрузку ў многіх кірунках. Напрыклад, па аздараўленні стратных прадпрыемстваў. Недзяржаўны сектар эканомікі, калі яго развіваць, можа спрыяць больш актыўнаму вырашэнню сацыяльных праблем. І ў апошнія гады ў Беларусі зроблена нямала, каб тыя, хто займаецца бізнесам або пачынае сваю справу, маглі без валакіты з падтрымкай улады рэалізаваць свае бізнес-ідэі. Хай яшчэ не ўсё ідэальна, але, як кажуць, працэс пайшоў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.