Вы тут

БДУ паўдзельнічае ў выставе "Высокія тэхналогіі, робататэхніка, мехатроніка і стартапы”


Мерапрыемства пройдзе з 3 па 4 кастрычніка ў рамках II Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі ў Жытоміры (Украіна). БДУ прадставіць на ім каля 20 распрацовак.


У экспазіцыю вядучай беларускай ВНУ ўвойдуць навацыі ў галіне прыборабудавання, сістэмы кіравання вытворчасцю і аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў, а таксама новыя рэчывы і матэрыялы для розных галін прамысловасці, фармацэўтыкі, аэракасмічных тэхналогій, паведамілі ў прэс-службе ўніверсітэта.

Сярод распрацовак БДУ мабільны прамысловы комплекс па вытворчасці высокаэфектыўнага сарбенту “Пенапурм”. Самастойны перасоўны завод з аўтаномнай сістэмай абслугоўвання дазваляе вырабляць у палявых умовах сарбент на аснове газанапоўненага палімера (пенаполіурэтану). Гэты матэрыял выкарыстоўваецца для збору вадкіх нафтапрадуктаў і арганічных рэчываў пры ліквідацыі аварыйных разліваў, ачыстцы водных акваторый, грунту, адстойнікаў, ліўневых сцёкавых вод.

Таксама наведвальнікі выставы пазнаёмяцца з мадыфікаваным шматфункцыянальным вымяральным комплексам “Alma Meter – 2”. Гэта новае пакаленне вымяральнага абсталявання з лепшымі тэхнічнымі, метралагічнымі і функцыянальнымі характарыстыкамі. Комплекс выкарыстоўваецца ў галіне радыёэлектронікі, машынабудавання, энергетыкі, транспарту, авіяматорабудавання, станкабудавання. Прызначаны для даследавання і генерацыі электрычных сігналаў у шырокіх часавых, амплітудных і частотных дыяпазонах, рэгістрацыі сігналаў ад розных вымяральных датчыкаў.

У ліку экспанатаў БДУ прадстаўлены таксама макет нанаспадарожніка “BSUSat-1” -- першага ўніверсітэцкага спадарожніка ў сістэме беларускай адукацыі, паспяхова выведзенага на арбіту ў мінулым годзе. Апарат валодае ўсімі характарыстыкамі вялікіх універсальных спадарожнікаў. З нанаспадарожніка ўстаноўлена і падтрымліваецца ўстойлівая сувязь і ён актыўна выкарыстоўваецца ў навуковых і адукацыйных мэтах ВНУ.

У лік распрацовак увайшоў таксама дызайнерскі праграмуемы экран “LED Squares Board”. У цяперашні час ён функцыянуе на факультэце радыёфізікі і камп'ютэрных тэхналогій БДУ ў якасці інфармацыйнага стэнда з дыстанцыйным кіраваннем. Тэхналогія можа выкарыстоўвацца для стварэння рэкламных відэашыльдаў, бягучых радкоў, электронных гадзіннікаў, інфармацыйных табло, святлодыёдных лагатыпаў, столевага і насценнага асвятлення.

Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі з'яўляецца маштабнай падзеяй, скіраванай на развіццё адносін паміж дзвюма краінамі, наладжванне і ўмацаванне супрацоўніцтва. Першы форум прайшоў у кастрычніку мінулага года ў Гомелі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.