Вы тут

У Мінску адкрылі Грузінскі дом


Перадапошняя субота лета прайшла ў Мінску пад знакам Грузіі. 24 жніўня на сталічнай вуліцы Куйбышава на месцы былога салона пракату ўрачыста адкрыўся «Грузінскі дом» — культурна-эканамічны цэнтр. 


Гэты праект зладжаны дзяржаўным Партнёрскім фондам Грузіі і ягонай даччынай кампаніяй Georgian Natural Product.

«За апошні час многае змянілася, але нязменным засталося наша вялікае сяброўства, — адзначыў на цырымоніі адкрыцця Надзвычайны і паўнамоцны пасол Грузіі ў Беларусі Валерый Кварацхелія. — І я шчыра ўдзячны вашаму прэм’ер-міністру Сяргею Румасу і асабіста Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, якія падтрымалі стварэнне ў Мінску куточка Грузіі».

Колішняя зорка футбола (абаронца ў тбіліскім і кіеўскім «Дынама», «Мілане» і «Джэноа»), а з 2017 года мэр Тбілісі Кахабер Каладзэ выказаў спадзяванне, што падобныя праекты дазволяць яшчэ больш пашырыць супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. 

Каб перадаць маштаб і настрой падзеі, адных толькі словаў відавочна не хапала, таму Каладзэ нават запісаў адмысловы рэпартаж для ўласнага YouTube-канала.

Арганізатары падкрэсліваюць, што «Грузінскі дом» — больш, чым проста рэстаран і вінная крама. Тут знаходзяцца таксама выставачная прастора, пякарня і зала для дзелавых сустрэч. Неўзабаве ў падвалах размесціцца багатая вінная калекцыя, упадабаныя асобнікі з якой можна будзе пакаштаваць і набыць. 

А ўжо сёння ў прасторных памяшканнях «Грузінскага дома» можна, напрыклад, вывучыць грузінскі алфавіт, паласавацца хлебам, сырам, чурчхелай і мноствам прысмакаў нацыянальнай кухні. А яшчэ — убачыць падрабязныя карты і даведацца пра традыцыі ўсіх вінаробчых рэгіёнаў Грузіі, ад Імерэці і Кахеці да Рачы-Лечхумі і Картлі. З Грузіі ў беларускую сталіцу спецыяльна даставілі трохтонны квеўры — гіганцкую керамічную амфару без ручак, у якой вырабляюць віно, вінны прэс і разнастайны посуд, хутка абяцаюць прадставіць яшчэ мёд, гарбату, вырабы ручной работы.

Першых наведвальнікаў культурна-эканамічнага цэнтра сустракалі пачастункамі і традыцыйным мужчынскім шматгалоссем — артысты выканалі «Белавежскую пушчу» і «Песню пра Тбілісі». «Грузінскі дом» усяго ў двух кварталах ад майго дома, на вуліцы, па якой я штодня езджу на працу, — расказаў «Звяздзе» тэлевядучы Тэнгіз Думбадзе, — і я проста шчаслівы, што з’явілася такое месца. Бо гэта частка Грузіі на маёй роднай беларускай зямлі».

Пазней свята перамясцілася ў гістарычны цэнтр сталіцы, дзе сёння праходзіць пятае па ліку свята грузінскай культуры «Тбілісоба». Танцы, музыка, дэгустацыі, урокі грузінскай і беларускай мовы і нават інтэрнацыянальнае вяселле з конкурсам на самы доўгі тост — Верхні горад будзе гудзець да поўначы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.