Вы тут

Міхаіл Захараў: Наш хакей пойдзе ўверх


Міхаіл Міхайлавіч быў абраны на гэты пост па выніках пасяджэння трэнерскага савета Беларускай федэрацыі хакея. Дарэчы, яго кандыдатура была адзіная, яе аднагалосна падтрымалі члены трэнерскага савета і ўхваліў выканкам.


Фота hockey.by

Спартыўны дырэктар федэрацыі хакея Уладзімір Беражкоў адзначыў, што галоўныя задачы, якія будуць стаяць перад новым настаўнікам каманды, — выступленне на чэмпіянаце свету — 2020 і Алімпійская кваліфікацыя, якая пройдзе восенню 2020 года. Задачы сур'ёзныя і няпростыя.

Кантракт з трэнерам «Юнацтва» Міхаілам Захаравым заключаны на два гады. «Работы сапраўды шмат. Чэмпіянат свету ў 2021 годзе будзе праходзіць у Мінску, — адзначае Міхаіл Міхайлавіч. — Зараз наш хакей забуксаваў, няма хакеістаў узроўню Калюжнага, Грабоўскага, Кальцова, Касціцыных. Але ж будзем працаваць і ісці далей. Рукі ніхто не апускае, задачы ёсць, і мы можам іх выканаць разам з трэнерамі і федэрацыяй. Калі станем адным цэлым — гэтыя задачы будуць па сілах. У нас ужо ёсць напрацоўкі, усе трэнеры гатовыя дапамагчы».

Трэнерскі штаб нацыянальнай каманды пакуль не абмяркоўваўся і будзе вызначаны пазней. Міхаіл Захараў адзначыў, што ўсе рашэнні будуць прымацца разам з трэнерскім саветам. «Не будзе такога, што «я хачу гэтага, а ад гэтага адмовіўся». Мы павінны разам абмеркаваць гэтае пытанне, але ў зборнай павінны быць толькі найлепшыя трэнеры», — падкрэсліў настаўнік.

Таксама ён адзначыў, што беларускі хакей павінен пайсці наперад, за кошт работы дзіцячых школ. Мэта, каб свае дзіцячыя школы падцягвалі не толькі «Дынама» і «Юнацтва», але і «Гомель», і «Нёман», а пазней гулялі сваімі выхаванцамі. «Усе вобласці павінны выхоўваць гульцоў для зборнай. Сёння дзве з іх наогул не прадстаўлены ў экстралізе «А»: Віцебская і Брэсцкая. Ні адной каманды, гэта дрэнна», — сказаў Захараў. Таму настаўнік не выключае, што ў зборнай Беларусі з'явяцца натуралізаваныя замежнікі, ён не супраць такой практыкі. Пра тое, ці будзе мінскае «Дынама» базавым клубам для зборнай, Міхаіл Захараў пакуль сказаць не змог, але дакладна адзначыў, што ён будзе сумяшчаць пасады галоўнага трэнера ў «Юнацтве» і зборнай. «Лічу, што трэнер не павінен працаваць толькі са зборнай. Калі ты працуеш у такім рэжыме, паніжаецца ККД, з'яўляецца расслабленасць — гэта няправільна», — сказаў ён.

Нагадаем, 57-гадовы Міхаіл Захараў з 1998 года — практычна нязменны галоўны трэнер ХК «Юнацтва-Мінск» (да 2003 года —
СДЮШАР «Юнацтва»). Выключэннем стаў сезон 1999/2000, калі настаўнік узначальваў ХК «Мінск». Усе найбольш прыкметныя поспехі «чырвона-сініх» (восем тытулаў чэмпіёна Беларусі, шэсць Кубкаў Беларусі (цяпер Кубак Салея), тры Кантынентальныя кубкі) здабытыя менавіта пад яго кіраўніцтвам. У нацыянальнай зборнай Беларусі Захараў дэбютаваў у якасці асістэнта галоўнага трэнера ў сезоне 1997/98, выступаючы ў гэтай ролі аж да чэмпіянату свету 2003 года. Быў у ролі галоўнага трэнера юніёрскай (U18) зборнай — з 2000 да 2003 года. На юнацкім чэмпіянаце свету 2002 года беларуская зборная пад кіраўніцтвам Захарава дабілася найвышэйшага дасягнення, паўтарыла якое толькі на мінулым ЮЧС-2019, — 5-е выніковае месца.

У якасці галоўнага трэнера зборнай нашай краіны Міхаіл Міхайлавіч працаваў у сезонах 2003/04 і 2004/05 (пакінуў пасаду пасля няўдалага выступлення зборнай на турніры Алімпійскай кваліфікацыі ў Рызе), а таксама ў ходзе Алімпійскіх гульняў — 2010 у Ванкуверы. На чэмпіянаце свету 2010 года ў дывізіёне 1 займаў пасаду галоўнага трэнера зборнай Украіны.

Тройчы прызнаваўся найлепшым трэнерам Беларусі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.