Вы тут

Выбары-2019: Ажыўленне кампаніі чакаецца з пачаткам восені


Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.


«Першы этап, які мы зараз праходзім, — падача дакументаў у склады акруговых выбарчых камісій з боку палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Некаторыя з іх ужо правялі свае пасяджэнні, прыносяць дакументы ў абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты і адпаведныя мясцовыя Саветы дэпутатаў. Апошні тэрмін падачы дакументаў — 30 жніўня. Камісіі будуць утвораны да 2 верасня ўключна, — нагадала яна каляндарны план бягучай выбарчай кампаніі ў ніжнюю палату беларускага парламента. — Вось з 2 верасня ўжо і пачнецца нейкае ажыўленне, бо з гэтага моманту патэнцыйныя кандыдаты ўжо могуць падаваць дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па іх вылучэнні».

На гэты момант Цэнтральная камісія рыхтуе наступнае пасяджэнне, якое пройдзе 28 жніўня і будзе прысвечана пытанням работы кандыдатаў са СМІ, паведаміла старшыня ЦВК. «Гэта пытанні размеркавання эфірнага часу, вызначэнне друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, дзе будуць публікавацца перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у дэпутаты, і фарміравання Назіральнага савета па інфармацыйных спрэчках, — сказала Лідзія Ярмошына. — Папярэдне мы ўжо прапанавалі міністру інфармацыі спіс кандыдатур, бо яны рэкамендуюцца ім. Гэта, па традыцыі, будзе орган пад кіраўніцтвам першага намесніка міністра інфармацыі».

ЦВК плануе, што ўсе кандыдаты ў дэпутаты, якія будуць балатавацца па горадзе Мінску, атрымаюць эфірны час на канале «Беларусь 3», тыя, хто будзе балатавацца па Мінскай вобласці — «СТВ», тым, хто будзе балатавацца па абласцях, свой эфірны час дадуць абласныя тэлерадыёкампаніі. Выступленні па радыё прапануюцца толькі на дзяржаўных абласных радыёстанцыях і на «Радыё-Мінск». Што датычыцца друкаваных выданняў, плануецца, што перадвыбарныя праграмы можна будзе размясціць у дзвюх цэнтральных газетах: «Звязда» і «Рэспубліка».
У якасці альтэрнатывы кандыдатам будзе прапанавана таксама магчымасць размясціць праграмы ў абласных або раённых і гарадскіх газетах. Там, дзе акруга складаецца з некалькіх раёнаў, можна будзе надрукаваць сваю праграму ў кожнай раённай газеце акругі.

Акрамя таго, на наступным пасяджэнні ЦВК будзе прынятая пастанова аб парадку дэкларавання маёмасці і даходаў кандыдатаў у дэпутаты.

Лідзія Ярмошына паведаміла журналістам, што пакуль у ЦВК не паступала скаргаў на мясцовыя органы ўлады.

«Усе мясцовыя ўлады адкрылі на сваіх афіцыйных інтэрнэт-парталах спецыяльную рубрыку, дзе апублікавалі тэрмін і месца прыёму дакументаў па вылучэнні ў склады акруговых выбарчых камісій. У канцы жніўня ўсе мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны прыняць рашэнне аб месцах, якія будуць забароненыя для правядзення пікетаў па зборы подпісаў», — дадала яна.

Лідзія Ярмошына таксама нагадала, што збор сродкаў на перадвыбарную кампанію ў Беларусі строга рэгламентаваны. Сродкі можна збіраць у асабісты фінансавы фонд кандыдата ў дэпутаты толькі пасля рэгістрацыі кандыдата. «Да таго ж, іх нельга збіраць праз інтэрнэт, бо гэта ўсё падкантрольна: уносіць грошы могуць толькі грамадзяне Беларусі, пры гэтым паўналетнія. Таму гэта робіцца праз адкрыццё рахунку ў Беларусбанку, куды могуць паступаць грошы ад грамадзян і юрыдычных асоб: да пяці базавых велічынь ад грамадзяніна, і да 10 базавых велічынь — ад кампаніі. Уся сума — 1000 базавых велічынь або 25 500 рублёў — можа быць унесеная і самім грамадзянінам, які ўдзельнічае ў перадвыбарнай гонцы», — давяла старшыня ЦВК.

Яна адзначыла, што перыяд правядзення кампаніі вельмі спрыяльны для выбараў. «Кампанія праходзіць, як мне здаецца, у палітычна стабільных умовах», — сказала Ярмошына.

Характарызуючы спецыфіку беларускіх выбарчых кампаній у цэлым, параўноўваючы іх з замежнымі, Лідзія Ярмошына адзначыла, што «ў нас выбары сацыяльныя». Так, кандыдаты бясплатна атрымліваюць вялікія магчымасці для перадвыбарчай агітацыі — выступленні ў дзяржаўнай прэсе, удзел у тэледэбатах і г. д.

Старшыня ЦВК нагадала, што ў Беларусі няма галасавання па партыйных спісах. «І таму ў нас немагчыма прыкрыцца папулярным брэндам — кожны павінен нешта з сябе ўяўляць», — падкрэсліла яна.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама дадала, што не бачыць нічога, што ашаламляльным чынам адрознівала б цяперашнюю выбарчую кампанію ад папярэдніх. Аднак асаблівасці ёсць. Так, плануецца больш шырока выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі. «Хутка запрацуе праграма для мабільных тэлефонаў, дзе можна будзе вызначыць месцазнаходжанне выбарчага ўчастка і нават нумар выбарчай акругі. Гэта вялікая дапамога для зборшчыкаў подпісаў», — анансавала адно з новаўвядзенняў Лідзія Ярмошына.

Сёлета арганізатары выбараў будуць яшчэ больш узмоцнена працаваць над забеспячэннем правоў асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, дадала яна. Так, усім тэлеканалам прапанавана, і яны пагадзіліся забяспечыць субцітрамі выступленні кандыдатаў. Акрамя таго, на выбарчых участках будуць стварацца спецыяльныя месцы для галасавання людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. «Гэта значыць альбо будуць стварацца спецыяльныя, больш шырокія кабіны для галасавання, альбо выдзяляцца месцы з нізкім сталом», — сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.