Вы тут

Як Паўліна Манюшка ехала па крухмале і цукры


На поўдні Смалявіцкага раёна знаходзіцца аграгарадок Алесіна з аднайменнай вёскай. Тут, у былых памесцях Ваньковічаў, пабываў карэспандэнт «Звязды».


Алесіна.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў невялікай сядзібе жыла ўнучка вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі — Паўліна і яе сястра Эрнесціна. Калі Паўліне Манюшцы споўнілася пяць гадоў, памёр яе бацька. Таму справы па спадчыне, якая ёй дасталася, вёў на той час старшыня Мінскай палаты грамадзянскага суда Яўстах Прушынскі. Да яе паўналецця багацце памножылася ў разы, бо ўпраўляючыя, якіх ён наняў, умела распараджаліся маёмасцю. Магчыма, менавіта Прушынскі пазнаёміў нявесту з будучым мужам — Леанам Ваньковічам, які таксама меў дачыненне да судовай сістэмы Мінскай губерні. Падчас вяселля нявеста вельмі хацела праехаць на санях. Таму дарогу ад Алесіна да Шыпян — сядзібы жаніха — пасыпалі крухмалам і цукрам — яны нібыта вырабляліся на мясцовым заводзе. Пасля мясцовыя жыхары збіралі каштоўныя прадукты і выкарыстоўвалі іх на свае патрэбы. Але, як сцвярджаюць гісторыкі, гэта ўсяго толькі легенда, бо на той час такой вытворчасці ні ў Алесіне, ні ў Шыпянах не было.

Шмат для ўладкавання памесцяў зрабіў сам Ваньковіч — на той час адзін з самых паспяховых землеўладальнікаў, які з 1878 года засядаў у Мінскім сельскагаспадарчым таварыстве, атрымаў чын правадзейнага стацкага саветніка і, вядома, меў магчымасці і сродкі для развіцця памесцяў. У 1896 годзе ён пабудаваў у Алесіне бровар. Насупраць яго выкапаў два штучныя тэхнічныя вадаёмы. Асабліва імклівыя прамысловыя пераўтварэнні памесцяў Ваньковічаў пачаліся ў канцы ХІХ стагоддзя. У фальварку Дубрава было ўзведзена некалькі каменных будынкаў — па ўсёй верагоднасці, склады, дзе назапашвалася сыравіна з наступнай яе дастаўкай на іншыя заводы для перапрацоўкі.

У 1903 годзе сышла ў іншы свет Паўліна Ваньковіч. Пасля смерці Леана і Паўліны ўладанні перайшлі да трох іх сыноў.

Пасля прыходу бальшавікоў Алесіна было перайменавана ў сельскагаспадарчую арцель «Новае жыццё», затым — аднайменны калгас. Пасля вайны старую назву вёсцы ўсё ж такі вярнулі. Другое жыццё ў 1990-х комплексу будынкаў надаў тагачасны старшыня калгаса «Шыпяны» Фёдар Прывалаў, цяперашні дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі па земляробстве». У іх Фёдар Іванавіч размясціў праўленне калгаса, а цяпер тут знаходзіцца адміністрацыя РУП «Шыпяны-АСК». Будынкі адрамантаваны, тэрыторыя вакол добраўпарадкаваная. У здавальняючым стане і канюшня. Але парк, які знаходзіцца побач з гэтай прыгажосцю, мае не надта дагледжаны выгляд. Зрэшты, ад калісьці шыкоўнага парку з алеямі застаўся невялікі лапік, на якім яшчэ можна прыкмеціць падмуркі былых пабудоў. У 2010 годзе пры ўзвядзенні зернесушыльнага комплексу палову дрэў спілавалі. З другога боку пастаўлены жывёлагадоўчы комплекс.

З Алесіна дарога прывяла нас у памесце Шыпяны, куды Ваньковічы прыязджалі раз-пораз. На ўскрайку вёскі — двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы на высокім падмурку з часанымі камянямі, з высокай агароджай і варотамі. На сцяне — відэакамера. Мясцовыя жыхары расказалі, што гэты будынак выкупіў ці ўзяў у арэнду прадпрымальнік.

Непадалёк раскінуўся стары парк, які быў закладзены на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Тут захаваўся ў даволі нядрэнным выглядзе дом упраўляючага. На думку іншых, гэта сыраварня, дзе захоўваліся прыпасы. Сам жылы дом знаходзіцца ў вёсцы. Велізарных памераў, ён пабудаваны ў 1900 годзе. Цяпер памяшканне пустуе.

На сённяшні дзень усе гэтыя дыхтоўныя пабудовы стаяць закінутыя, многія разбураюцца. З цягам часу яны ўсё больш будуць прыходзіць у заняпад, пакуль не зруйнуюцца дашчэнту. Не знаходзіцца гаспадар, каб захаваць такую раскошу нашчадкам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.