Вы тут

«Панапрыязджалі» і «панараджалі». Надакучылі стэрэатыпы пра Каменную Горку


«Наступны прыпынак — Каменная Горка», — абвяшчае ў тралейбусе голас з механічнымі ноткамі. Адна з пасажырак, сярэдніх гадоў жанчына з дачкой-падлеткам, тут жа рэагуе і строга гаворыць дзяўчынцы: «Сядай бліжэй, а то зараз набягуць гэтыя... з Каменнай Горкі шматдзетныя...» І не зразумець, што яна хацела выказаць гэтай рэплікай: ці то гонар за сваё «адказнае бацькоўства», ці то пагарду да «шматдзетнай галечы», ці і тое, і другое, і яшчэ нейкі падтэкст?


Мабыць, у кожным горадзе і нават вялікай вёсцы ёсць раёны са сваёй канкрэтнай характарыстыкай: «новы» або «стары», «пенсіянерскі» або «студэнцкі», «рабочы», «ваенны», «цыганскі» і г. д.

У Мінску, дзе ў межах МКАД жыве і працуе амаль чвэрць краіны, такіх пунктаў мноства. Адзін з іх — болевы — у новабудоўлях вялікага раёна Каменная Горка (а разам з ім Дамброўкі і Масюкоўшчыны), дзе горад імкліва вырас у тым ліку за кошт маладых сем'яў, якія «панапрыязджалі» і «панараджалі». Прычым у камунальна-бытавых размовах, як правіла, большасць сталічных жыхароў (карэнных, так бы мовіць) ставіць знак роўнасці паміж шматдзетнымі сем'ямі і прагай «жыцця на халяву», сацыяльна небяспечным становішчам, крымінальнай напружанасцю і іншымі заганамі, з якімі ў прыстойным грамадстве змагаюцца.

Я не буду абурана даводзіць, што гэтыя ярлыкі не маюць пад сабой падставы. Як у кожным маладым раёне (а жыллёвым забудовам Каменнай Горкі ўсяго ад 10 гадоў і менш), дзясяткі тысяч людзей — гэта не адзін дружны вулей, а вельмі разнастайная і няўстойлівая маса. Пакуль адны тутэйшыя бацькі да Дня маці атрымліваюць узнагароды за нараджэнне і выхаванне дзяцей, іншыя насамрэч перыядычна трапляюць у зводкі крымінальных здарэнняў, што правакуе чарговую хвалю інтэрнэт-каментарыяў накшталт: «а, зноў Каменная Горка, маргіналы і шматдзетныя — усё зразумела!»

Але хапае і адваротных прыкладаў, якія не дазваляюць заявіць, што, маўляў, там усе на адзін капыл. Напрыклад, у адным з кварталаў Каменнай Горкі таварыства ўласнікаў зладзіла вядомы на ўвесь Мінск «двор без машын» — уявіце сабе, ужо некалькі гадоў тут спакойна гуляюць людзі ўсіх узростаў, а машыны заязджаюць хіба для разгрузкі, і следам падобны вопыт перанялі ў некалькіх іншых сталічных раёнах. Альбо ўзяць фестывалі, сямейныя і музычныя, якія рэгулярна ладзяць для сябе і суседзяў па раёне прыхаджане мясцовага прыхода Мікалая Японскага — як аказалася, калі ўзяцца з душой, можна і з раённай адміністрацыяй дамовіцца, і нават артыстаў Вялікага тэатра Беларусі запрасіць...

І ўсё ж справа ў тым, што дрэннае запамінаецца лепш — гэта агульны закон чалавечай псіхікі. Як жартавалі ў КВЗ, дастаткова аднаго п'янага турыста ў самалёце, каб зрабіць незабыўным водпуск дзясяткаў чалавек. У нашай сітуацыі хопіць двух-трох выпадкаў — у школе або садку, у паліклініцы, на прыёме ў раённай адміністрацыі ці проста ва ўласным двары — хамавата-агрэсіўных ці не вельмі адэкватных паводзінаў вялікай сям'і, каб склалася негатыўнае ўражанне пра шматдзетных. Каб разбурыць яго, спатрэбіцца не адно асабістае знаёмства са шчаслівымі, моцнымі сем'ямі. Альбо асабісты вопыт — калі ўсведамляеш, што сам не ідэальны, але стараешся і дзяцей вучыш жыць па-чалавечы, неяк лягчэй становіцца не прымаць на веру стэрэатыпы, здымаць белае паліто асуджэння і ўключаць эмпатыю.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Парваць стэрэатыпы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.