Вы тут

Аляксандр Гарцуеў: Расчараванняў у прафесіі не было


Калісьці яму прадказвалі будучыню матэматыка: хлопчык з маленькай вёскі Сухары, што на Магілёўшчыне, атрымаў у спадчыну вялікія здольнасці лёгка знаходзіць адказы на пытанні падручнікаў. Будучы час саступіў месца цяперашняму, і мы, аматары тэатра, чуем і бачым, што доля даўніх жаданняў усё ж спраўдзілася. Жыццё Аляксандра Гарцуева — заслужанага дзеяча Рэспублікі Беларусь, мастацкага кіраўніка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — скрозь прасякнута рэжысёрскімі задачамі, нечаканымі рашэннямі, дзясяткамі роляў, сотнямі гледачоў, бясконцасцю пошуку. А сёлета з’явілася яшчэ адна сур’ёзная лічба — майстра адзначыў 60-годдзе. Вось і нагода. Нас чакаюць за кулісамі…


— Аляксандр Фёдаравіч, юбілей вядомай асобы заўсёды аточаны ўвагай калег, прыхільнікаў, журналістаў. А што дзень нараджэння значыць асабіста для вас? Як адзначаеце свята?

— Шчыра кажучы, з кожным годам святкаваць дзень нараджэння ўсё менш прыемна. У дзяцінстве, у маладосці — так, гэта сапраўдная падзея, ахутаная шматлікімі надзеямі на будучыню. А зараз у мяне хутчэй філасофскае стаўленне да свят: юбілей — добрая нагода паразважаць, прызнацца сабе ў чымсьці, паглядзець, што я паспеў зрабіць… Спадзяюся, ёсць жыццё наперадзе.

— Вы ўзгадвалі, што стаць акцёрам марылі з васьмі гадоў, але сям’я зычыла вам іншую кар’еру

— Так, я вельмі доўга хаваў ад бацькоў жаданне стаць артыстам — настолькі неверагоднай падавалася мне гэтая ідэя. Аднойчы старэйшая сястра сказала мне радасную навіну: я буду вучыцца ў матэматычным класе (так цудоўна для хлопчыка!). А я і не змог нічога адказаць... Стараўся, атрымліваў добрыя адзнакі і дакладна ведаў, што матэматыка — не мая будучыня. Трэба сказаць, падобных выпадкаў шмат і цяпер: інтуіцыя, жыццёвы і мастацкі досвед мне часта падказваюць, што сілы вымагаюцца дарма, а аргументы, каб гэтага пазбегнуць, знайсці немагчыма.

— У маленстве праца артыста ўяўляецца заўсёднай радасцю, чараўніцтвам, святам. Што руйнавала дзіцячыя ілюзіі?

— З цягам часу прыходзіла больш зямное, аб’ектыўнае стаўленне да прафесіі: пачынаў разумець, што акцёрства — сур’ёзная праца, яна, як і дзейнасць майго бацькі-настаўніка, патрабуе шмат намаганняў. Аднак дыяметральна супрацьлеглага адчування прафесіі не ўзнікала. Руйнаванні адбываліся па-за тэатрам. І найперш гэта тычылася стасункаў з людзьмі, якіх я калісьці лічыў блізкімі сябрамі, — тут расчараванняў хапала… А расчараванне ў прафесіі — не, такога не было. Сам часам дзіўлюся, што, нягледзячы ні на што, захапляюся сваёй справай, як у дзяцінстве.

— У 1980 годзе вы скончылі акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, а ў 2000 годзе — рэжысёрскі факультэт Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва. Які ён — шлях акцёра да рэжысуры?

— Былі 90-я гады… Цяжкае матэрыяльнае становішча прымушала сур’ёзна задумвацца аб сыходзе з тэатра імя Янкі Купалы, у які я размеркаваўся адразу пасля інстытута. Вырашыў, што пастаўлю на развітанне спектакль па п’есе Змітра Бойкі «Крывавая Мэры» (які, на маю думку, адразу ж павінны былі забараніць), а потым, са спакойным сумленнем, займуся бізнесам… У выніку работа атрымалася вельмі патрэбнай і паспяховай. Пастаноўка была адзначана на многіх еўрапейскіх фестывалях. Аказваецца, калі не баяцца, не абмяжоўваць сябе, можна зрабіць штосьці выдатнае. Гэты выпадак паўплываў на маё рашэнне стаць рэжысёрам. Але не пагаджуся са сцвярджэннем, быццам я змяніў прафесію. Так, з’явіўся новы запіс у працоўнай кніжцы: я афіцыйна стаў рэжысёрам Купалаўскага. Аднак яшчэ доўга мне даводзілася працаваць на сцэне і ў якасці акцёра. Разумееце, акцёрства і рэжысура — складнікі адной прафесіі, якая называецца «тэатр».

— Акцёрскі досвед, напэўна, моцна дапамагае ў рабоце з артыстамі?

— Безумоўна! Рэжысёр мусіць судакранацца з дзейнасцю і драматурга, і кампазітара, і мастака, і грымёра, але ўсе намаганні дарэмныя, калі рэжысёр не змог зрабіць галоўнае — перадаць трупе сваё бачанне п’есы. Я перакананы, што рэжысурай павінен займацца чалавек з акцёрскім мінулым. Ведаеце, рэжысёру важна разумець складаную прыроду акцёра. Разуменне гэтае дапаможа і падказаць, і нават паказаць патрэбны рух, дэталь. Артыст шмат выпрацоўвае, нараджае самастойна, але часам не хапае дробязі — апошняй рысачкі… Неверагодна складана апісваць эмоцыю словамі. Іншая справа — прапусціць эмоцыю праз сябе і прадэманстраваць яе акцёру — чалавеку тонкаму, пачуццёваму, які адразу ж усё схопіць.

— Вы неяк сказалі, што рэжысура вучыць быць адкрытым, цярплівым, паблажлівым да чалавечых хібаў. Але што, на вашу думку, у адносінах паміж рэжысёрам і акцёрам застаецца недаравальным?

— Бяздарнасць. А яна існуе. Нізкі мастацкі палёт я бачыў на свае вочы. Калі так — моўчкі мяняю задачу, раблю яе прасцейшай. Гэта вельмі балюча. Крыўдна. Прыкра. Яшчэ я не разумею такога стаўлення: чалавек сам цудоўна ведае, што ў яго няма таленту, а ён усё адно імкнецца «чытаць тэксты на памяць» — на сцэне ж не трэба ведаць фізіку і хімію… Чалавек мастацтва мусіць быць адораным, духоўным, з уласным разуменнем жыцця. Вось як прыняць бяздарнасць? Тое ж тычыцца і п’ес, якія стосамі прыходзяць у РТБД. Вы пытаеце, чаму да сцэны даходзяць адзінкі, якія памылкі дапускаюць драматургі? Адказ той жа. Графаманства, няздатнасць, безгустоўнасць — недаравальныя рэчы ў мастацтве.

— У 2012 годзе вы занялі пасаду мастацкага кіраўніка РТБД. Якія новыя якасці трупы вылучыліся за гэты час? Якія здзіўленні?

— Трупа РТБД вызначаецца апантанай працаздольнасцю — я кажу гэта як чалавек, якому давялося сустракацца з рознымі калектывамі і ёсць з чым параўноўваць. А яшчэ нашы артысты здзіўляюць мяне адсутнасцю… цынізму. Цынізм у тэатральнай сферы сустракаецца ўсюды, і часам ён нават зразумелы: натуральна, што ў голасе падманутага, зняважанага акцёра могуць прагучаць ноты пагарды. На вялікае шчасце, у сваёй трупе я гэтага не чую.

Увогуле, мастацкаму кіраўніку неабходна ўмець дамаўляцца з калегамі. Напрыклад, я ведаю дакладна, што акцёрам нельга забараняць здымацца ў кіно, інакш яны проста сыдуць з РТБД. Для людзей, чые заробкі ў тэатры вельмі сціплыя, здымкі, удзел у канцэртах — вялікая падмога. Навошта пазбаўляць магчымасці? Патрэбна проста правільнае планаванне: акцёры загадзя паведамляюць аб сваім ад’ездзе, а я, у сваю чаргу, карэктую рэпетыцыйны працэс. У выніку нічога не збіваецца і ўсе адно аднаму ўдзячныя за паразуменне. Так крыўдна, што ў некаторых тэатрах праз недарэчныя забароны артысты губляюць свае працоўныя месцы.

— Пытанне грашовых сродкаў, якое закраналася вышэй, застаецца слушным для ўсіх сфер мастацтва. Калі б не адвечная праблема фінансавання, што немагчыма было б убачыць на сцэне РТБД?

— У нас было б менш простых, даступных, легкадумных меладрам і камедый, якія заўсёды хутка прадаюцца. Ведаю, што прасунутая публіка асуджае такія пастаноўкі, але каб паставіць сур’ёзную, вялікую, у нечым эсперыментальную работу, патрэбны вялікія ўкладанні. Мы вымушаны прадстаўляць касавыя спектаклі. Вядома, тэатр мусіць вучыць гледача суперажываць і думаць, аднак забаўляльную функцыю мастацтва таксама ніхто не адмяняў. Галоўнае — і ў нізкім жанры не забывацца на густ.

— Напрыканцы тэатральнага сезона гледачы РТБД пабачылі прэм’еру спектакля «Сірожа» па п’есе Юліі Чарняўскай. Чаму звярнуліся менавіта да гэтага твора? Якія рэжысёрскія здабыткі атрымалі падчас працы?

— П’еса Юліі Чарняўскай мне вельмі блізкая і зразумелая: апісаныя тыпажы, характары, бытавую атмасферу я сустракаў у гады свайго юнацтва. Нездарма жанр пастаноўкі вызначаны як «жыццё ў дзвюх эпохах». Спачатку мы трапляем у 1980 год. Стасункі, моладзь, студэнцкі інтэрнат, за вокнамі якога віруюць вялікія савецкія падзеі… Праходзіць трыццаць два гады — і нашы ўжо сталыя героі сустракаюцца ў іншай эпосе і краіне.

«Сірожа» — напэўна, мая самая маштабная работа ў РТБД: у спектаклі ўдзельнічае амаль увесь акцёрскі склад, а сама пастаноўка доўжыцца больш за тры гадзіны. Пэўныя цяжкасці ўзнікалі з падборам артыстаў, бо адных і тых жа персанажаў мусілі сыграць розныя людзі — так патрабаваў узрост герояў. Але рашэнні знойдзены, і спектакль-настальгія рыхтуецца выйсці на сцэну.

 — Вы неяк прызнаваліся, што ў юнацтве горача абяцалі пазбягаць выкладчыцкай дзейнасці. Заходзячы наперад — не атрымалася?

— Прыкладна ў той жа час, як я пачаў займацца рэжысурай, мяне запрасілі выкладаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Згадзіўся лёгка — а чаму б і не? У юнацтве я сапраўды даваў клятвы ніколі не кранацца рэжысёрскай справы і не працаваць са студэнтамі. Магу сказаць, што гэтыя абяцанні былі абумоўлены простай стомленасцю ад вучобы і яшчэ не надта глыбокім разуменнем прафесіі.

— Алег Табакоў казаў, што ў любімых вучнях настаўнікі бачаць сябе…

— Сапраўды. Часам сустракаюцца тэмпераменты, падобныя да майго, а часам студэнты навяваюць роздум: што я зрабіў бы інакш, калі можна было б вярнуць маладосць… Сённяшняе пакаленне драматычных акцёраў асаблівую ўвагу ўдзяляе фізічнай падрыхтоўцы, пластыцы, вакалу. У наш час, здаецца, такія кірункі былі развіты менш. Таксама я з усцешнасцю бачу, што ў некаторых маладых людзей ёсць вельмі сур’ёзная мэтанакіраванасць і трываласць. Напэўна, гэтага мне больш за ўсё не ставала ў юнацтве. Але іх — моцных — адзінкі.

— Часам правал спектакля тлумачыцца тым, што публіка яшчэ не падрыхтаваная — «не дарасла» да падобнага матэрыялу. Як ставіцеся да такіх выказванняў?

— Тэатр прадугледжвае наяўнасць гледача, так? Рэжысёрскі талент узрушае чалавека, прымушае пакутаваць, рыдаць, смяяцца. Рэжысёрская бяздарнасць пакідае чалавека халодным. Усё вельмі проста. Я згодны, немагчыма падабацца ўсім. Тым больш што і сёння хапае людзей, якія прысутнічаюць на спектаклі не па сваёй волі. Аднак грамадскае меркаванне, грамадскае прызнанне — вельмі важныя складнікі для тэатральных дзеячаў. Памятайце, тэатр — мастацтва, якое дзейнічае толькі тут і толькі цяпер. Немагчыма падрыхтаваць пастаноўку для будучых пакаленняў. Таму паспяховы спектакль — той, пра які мноства асоб скажа сёння: «Так цікава!». А за размовамі пра непадрыхтаванасць публікі да складанага матэрыялу лёгка схавацца хлусні, штучнай глыбіні, мудрагелістасці, якія прыкрываюць той самы грэх — бяздарнасць… Нядаўна бачыў статыстыку, якая сведчыць, што ў тэатр ходзіць толькі шэсць працэнтаў насельніцтва. Не варта спадзявацца на недасведчанасць гэтай групы.

— А які апошні мастацкі твор прымусіў вас засмяяцца?

— Фільмы Таранціна. Гумар і розум — выдатнае спалучэнне!

— А заплакаць?

— Моцарт. Захапляюся гэтым кампазітарам усё жыццё. Нядаўна пераслухаў некаторыя творы — як і заўсёды, эмоцый безліч! На маю думку, музыка — гэта дасканалае мастацтва: ні колеру, ні тэксту, асацыяцыі аддаленыя, неакрэсленыя, а перажыванне выклікае катарсічнае. Дзіўна. А наконт слёз магу дадаць: яны — цудоўныя сведкі. Калі гледачоў расчуліла тая ж сцэна, што і мяне, — значыць, я не памыліўся, па-рэжысёрску выканаў усё правільна. Магчыма, таму я крыху іранічна адгукаюся пра забаўляльнасць тэатра. Бачыць Бог, няцяжка яна дасягаецца. Куды цяжэй дасягнуць сэрца чалавека… Эмоцыі — найбуйнейшы здабытак тэатра.

Марыя СТРАХ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.