Вы тут

Як сказаць «б/у» па-беларуску?


«У рускіх тэкстах часта сустракаецца скарачэнне б/у і нават цэлае слова «бэушная» (напрыклад, машына). Як гэта будзе па-беларуску?» — цікавіцца спадарыня Святлана. Ад яе ж пытанні: ці ёсць у нашай мове слова «баярышнік» і ці правільна казаць, што ў некага — «ні капейкі за душой»?

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактар «Звязды» Алесь Саламевіч, а таксама рэдактар і перакладчык Леў Глушыцкі.


1. У рускай мове скарачэнне б/у паходзіць ад бывший в употреблении. Адпаведна ў беларускай — ад які быў у карыстанні — б/к.

Аднак па магчымасці лепш ужываць не калькаваны выраз які быў у карыстанні, а слова ўжываны. Яно паходзіць з тутэйшых гаворак, ёсць у слоўніках і сваёй структурай цалкам адпавядае ўсім законам беларускага словаўтварэння.

2. Батанічная тэрміналогія — адна з галін, дзе назіраецца найбольшае разыходжанне паміж нашымі дзяржаўнымі літаратурнымі мовамі. «Боярышник» па-беларуску называецца глог. Гэта народнае слова, якое шырока выкарыстоўваецца і ў літаратуры. Вось, напрыклад, сказ з Караткевічавай «Ладдзі роспачы»: «Выліваха сядзеў пад кустом глогу і папіваў салодкую раманею».

3. У беларускай мове ёсць выраз «за душой». Ён фіксуецца ў розных слоўніках, у тым ліку ў «Слоўніку фразеалагізмаў» Івана Лепешава: «[Югас] такі ж бясхлебнік, як і мы. Нічога — за душой». Танк.

Аднак ёсць у нас і больш пашыраны варыянт: пры душы. Сярод прыкладаў з гаворак у выданні «Беларуская фразеалогія» Фёдар Янкоўскі падаваў такія: «Ці ж можна, каб так жыць? Прыехаў у госці, а ў яго пры душы рубля няма». (Прыклад запісаны ў родным аўтару Глускім раёне.) «Вы здымаць [фатаграфаваць], а ў мяне пры душы каб грош, каб капейка, — няма». (А гэты — з Баранавіцкага раёна.)

Названы варыянт цалкам дапушчальна выкарыстоўваць і ў літаратурнай мове. Ён ёсць, напрыклад, у акадэмічным «Беларуска-рускім слоўніку», яго выкарыстоўвалі ў сваіх творах Кузьма Чорны, Эдуард Самуйлёнак ды іншыя.

Загаловак у газеце: Каб мы так сядзелі, як Выліваха!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.