Вы тут

Чым адрозніваюцца словы «знаць» і «ведаць»?


«У беларускамоўных тэкстах сустракаю словы абвінавачаны і абвінавачваны, гавядзіна і ялавічына, а месцамі — нават табак. Якія з іх ёсць у беларускай мове, а якіх няма?» — пытае спадарыня Кушаль з Мінска.

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


1. У пары абвінавачаны і абвінавачваны трэба адрозніваць два дзеепрыметнікі. Першы з іх — залежнага стану мінулага часу. Ён ужываецца ў дачыненні да таго, каго абвінавацілі, каго лічаць вінаватым. Напрыклад: у час вайны ён быў абвінавачаны ў здрадзе. Дзеепрыметнік абвінавачваны таксама залежнага стану, але ўжо цяперашняга часу. Часта ён выкарыстоўваецца ў значэнні назоўніка і абазначае таго, каму па судзе прад'яўлена абвінавачанне ў злачынстве. Напрыклад, у час судовага пасяджэння можа прагучаць фраза: абвінавачваны, вы прызнаяце гэты факт?

Падобны да апошняга дзеепрыметнік падазраваны. Ён таксама цяперашняга часу і абазначае таго, каго падазраюць у злачынстве.

2. Назоўнік гавядзіна можна знайсці ў слоўніках, але іх аўтары падаюць гэтае слова з паметай «абласное».

Такім чынам, у нашай мове гавядзіна — дыялектызм, а як асноўнае прынята слова ялавічына з націскам на першым складзе. Таму скажам: купіць у краме ялавічыны, мама прыгатавала ялавічныя катлеты.

3. Слова табак у беларускай мове сапраўды няма. Расліна, высушаныя лісце і сцёблы якой кураць, называецца тытунь (існуе яшчэ варыянт з цвёрдым н — тытун). Памяншальна-ласкальную форму бачым, напрыклад, у прыказцы: кожны курэц павінен мець свой аганец і тытунец.

А вось тытунь для нюхання называецца па-беларуску табака (слова жаночага роду). У Якуба Коласа («У палескай глушы») чытаем: «Міна яго была незвычайна важная. Пазіраў ён крыху прыжмурыўшыся, як бы ён толькі што занюхаў табакі і збіраўся чхнуць».

Кампанент табака прысутнічае ў выразах на панюх (на нюх) табакі ('зусім мала; ніколькі'), ні за панюх (за нюх) табакі ('зусім дарэмна, без усякай прычыны'), на табе чорт (чорце) табакі ('вокліч расчаравання, незадавальнення з нагоды чаго-небудзь неспадзяванага, нечаканага'). Напрыклад, у прозе Васіля Быкава: «Вельмі проста, — адказаў лейтэнант. — Загінулі без карысці. Ні за панюх табакі».

У абарону слоў

У беларускай мове здаўна ёсць слова знаць. Сёння часцей ужываецца сінонім ведаць, але гэта не значыць, што ён адзіна «правільны».

Корань дзеяслова «знаць» мае вельмі доўгую гісторыю. Ён быў у праславянскай мове і яшчэ раней. Дзеяслоў знаць ёсць у іншых сучасных славянскіх мовах: ва ўкраінскай, польскай, чэшскай, сербскай, македонскай і інш.

У сучаснай жа беларускай у гэтага дзеяслова шмат аднакарэнных слоў (вызнаваць, зазнаць, знаўца, мовазнаўства, пазнаць, прызнаць і г. д.). Яго ўжывалі класікі нашай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас (і, вядома ж, не толькі яны). Першы, напрыклад, у сваёй «Паўлінцы»: «Знаць і бачыць не хачу яго ў сваёй хаце, гэтага хамуйлу, гэтае плюгаўства». Ёсць яно (і яго аднакарэнныя) і ў «залацінках народнай мудрасці» — прыказках: хочаш многа знаць, трэба мала спаць, век звекаваць — усяго пазнаць.

Загаловак у газеце: «Замуж выйсці — трэба знаць...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.