Вы тут

Як перакласці на беларускую мову выраз «продолжение следует»


«Я часта гляджу тэлеканал «Беларусь 3» і бачу там надпіс «Канал сапраўдных каштоўнасцей». На мой погляд, апошняе слова трэба пісаць не праз «е»... Ці я памыляюся?» — цікавіцца спадар Пятро Харэцкі.

У спадарыні Таісы Губаравай два пытанні: як перакласці на беларускую выраз «продолжение следует» і ці правільна казаць «зграя лебедзяў», «зграя варон»?


Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактар «Звязды» Алесь САЛАМЕВІЧ, а таксама рэдактар і перакладчык Леў ГЛУШЫЦКІ.

1. Спадар Харэцкі закрануў вельмі актуальнае пытанне. Справа ў тым, што сёння ў беларускіх тэкстах «канкурыруюць» два канчаткі (не пад націскам): -ей і -яў. Калі азірнуцца назад, то можна ўпэўніцца, што ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў шырока выкарыстоўваўся менавіта апошні — канчатак -яў. Вось прыклады: Сталь не блішчыць люстэркам, не адбівае ў глянцу пукатасцяў яго, Міхалкавага, твару...» (З. Бядуля, «Узвышша» (1927, № 5). Альбо: Гэткі час — разгар кіпучай працы, // Віхры радасцяў, жаданняў і надзей... (А. Звонак, «Маладняк» (1927, № 4).

Пазней даволі доўгі час у навуковым, афіцыйна-справавым, публіцыстычным стылях панаваў канчатак -ей. Аднак цяпер, калі ў грамадстве паўстала вялікая цікавасць да мовы першай траціны мінулага стагоддзя, калі (як піша ў сваім досыць аўтарытэтным даведніку спадар Пятро Жаўняровіч) «назіраецца пашырэнне формаў з ненаціскным канчаткам -яў», ён, гэты канчатак, заканамерна і апраўдана вяртаецца ў нашы тэксты. (У тым ліку — на старонках «Звязды»).

2. Пераклад на беларускую мову слова «следовать» і сапраўды часта выклікае праблемы. Напрыклад, «поезд следует» трэба перакладаць як цягнік ідзе, «следовать моде или примеру» — прытрымлівацца іх, «одно следует из другого» — адно вынікае з другога, а «продолжение следует» — як працяг будзе. Гэтыя словы мы сустракаем у часопісах, якія па частках друкуюць раманы або ў канцы пэўнай серыі шматсерыйнага фільма на тэлебачанні.

3. Што да слова зграя, то тут мы маем справу з уплывам рускай мовы на беларускую. У першай можна сказаць пробежала стая собак і пролетела стая лебедей. У нашай жа мове ёсць строгае раздзяленне. У ваўкоў, сабак і падобных жывёл — зграі. Імі са злосці могуць назваць і нейкія бандыцкія хеўры — фашысцкія зграі...

А вось птушкі ў нас лятаюць чародамі.

Дарэчы, гэтае слова мае досыць шырокае значэнне. Яго часта выкарыстоўваюць яшчэ і ў адносінах да кароў, авечак, іншых жывёл і прадметаў, а таксама ў пераносным значэнні: прамільгнула чарада гадоў.

У абарону слоў

У нашай мове ёсць вядомае кожнаму слова прыбіральня. А яшчэ ёсць слова туалет. Некаторыя стараюцца яго пазбягаць, хоць гэта, як выглядае, і неапраўдана, бо, паводле «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы», слова запазычана ў нашу мову яшчэ ў XVІІІ стагоддзі. Значыць, ім карыстаецца не адно пакаленне — яшчэ і літаратараў: Ды на людзях Саша саромеўся пераадзявацца, а туалет быў такі, што не схаваешся (Павал Місько. «Градабой»). Вырашылі пабудаваць туалет, ды не абы-які (Рыгор Барадулін. «Здубавецця»).

Прэв'ю: vk.com

Загаловак у газеце: «Птушкі лятаюць чародамі...»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.