Вы тут

Па лініі спажыўкааперацыі вядзецца нарыхтоўка 20 відаў сельгаспрадукцыі


Днямі купіла ў краме «Родны кут», што ад сістэмы спажыўкааперацыі, чарніцы. Такія смачныя, што на наступны дзень пабегла па дабаўку. Каштуе ягада 4 рублі 75 капеек за кіло. Нават танней, чым у бабулек на рынку.


Цяпер у нарыхтоўшчыкаў гарачая пара. Нядаўна кааператары яшчэ масава прымалі клубніцы, а зараз ім на змену прыйшлі чарніцы.

— За кілаграм ягады, напрыклад, 2 ліпеня давалі 2 рублі 80 капеек, — удакладняе начальнік аддзела нарыхтовак, ВЭД і рынкаў Магілёўскага аблспажыўсаюза Аляксей Сіроцін. — Ягады адносна няшмат, меней, чым летась. На пачатак ліпеня было нарыхтавана каля 100 тон, прыкладна столькі ж на гэтую дату яе было і летась. А наогул у мінулым годзе нарыхтавалі 350 тон чарніц.

А вось з клубніцамі працэс ужо запаволіўся. У спажыўкааперацыі яе нарыхтавалі 120 тон — болей, чым летась. Максімальная цана, якая была, — 2,5 рубля за кілаграм. Едуць па ягаду нават на Брэстчыну — у Лунінецкі раён. Частка клубніц прададзеная насельніцтву, частка — адпраўлена на перапрацоўку ў цэх шокавай замарозкі Глускай райспажыўкааперацыі — «Глусское лукошко».

Як і па клубніцах, у нарыхтоўцы чарніц цяпер лідзіруюць Глускі, Бабруйскі, Клічаўскі і Кіраўскі раёны.

Насельніцтва мае магчымасць падзарабіць таксама на агурках, таматах, капусце, бульбе і іншай гародніне. Дарэчы, як кажа спецыяліст, Шклоўскі раён, які пазіцыянуецца ў вобласці як агурочная сталіца, нічым на фоне іншых не вылучаецца. Гэты прадукт народ актыўна вырошчвае паўсюль, таму і закупачная цана на яго трымаецца ў межах 30—40 капеек за кіло. Але яна кожны дзень змяняецца — усё залежыць ад попыту і прапановы. Бывае, што кошт падскоквае аж да 60 капеек за кілаграм.

— На другое ліпеня мы нарыхтавалі 830 тон агуркоў, — удакладняе Аляксей Сіроцін. — Мы іх рэалізуем у нашай гандлёвай сетцы. Пакуль да перапрацоўкі нават не падыходзілі. Усё прадаецца на рынках, у розніцу. Або замарожваецца.

Усяго па лініі спажыўкааперацыі вядзецца нарыхтоўка 20 відаў сельгаспрадукцыі. Аляксей Сіроцін жартуе, што няма нічога новага, што насельніцтва пачало б вырошчваць. Таму сёлетні спіс стратэгічнага запасу вітамінаў моцна не адрозніваецца ад леташняга. Усё як заўсёды.

У гэтым спісе акрамя вышэйпазначаных таксама парэчкі чорныя і чырвоныя. Чорныя парэчкі, напрыклад, каштуюць сёння каля 60 капеек за кіло. Але больш за ўсё можна зарабіць менавіта на чарніцах. У канцы ліпеня пойдуць дурніцы, а ў верасні — журавіны.

Пакуль ёсць попыт, вітаміны рэалізуюцца ў гандлёвай сетцы. Калі працэс запаволіцца — пойдуць на перапрацоўку. Гэтым займаецца падведамасная арганізацыя аблспажыўсаюза — Бабруйскі гандлёвы цэнтр. Частка прадукцыі нават экспартуецца — напрыклад, чарніцы запатрабаваныя ў краінах Еўрасаюза. На прадпрыемстве «Глусское лукошко» ягада праходзіць працэдуру шокавай замарозкі і ў такім выглядзе едзе ў замежжа.

Для зручнасці арганізацыя запрашае нарыхтоўшчыкаў. На сёння каля 200 чалавек вядуць ад яе імя закуп дароў лесу і агарода ў насельніцтва. Праўда, выязджаюць на дом толькі ў тым выпадку, калі партыя сур'ёзная. Па вядро ягад, вядома, ніхто не паедзе, але насельніцтва мае магчымасць зайсці ў краму гэтага сеткавіка і не толькі купіць там нешта з садавіны-гародніны, але і здаць. У сістэме спажыўкааперацыі ў працэсе нарыхтоўкі задзейнічаныя каля тысячы крам.

— Прыватныя нарыхтоўшчыкі таксама не спяць, але мы імкнёмся даць цану болей, каб народ не аддаваў перавагу канкурэнтам, — удакладняе спецыяліст.

У пераліку ягад, якія нарыхтоўваюць у Глуску, ёсць і такія рэдкія, як агрэст. Сезон іх збору толькі пачынаецца. Дзякуючы намаганням спажыўкааперацыі купіць гэтую ягаду можна будзе ў крамах і на рынках вобласці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: Па чарніцы ў... краму

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?