Вы тут

У Беларусі не менш за 88 тысяч наркаспажыўцоў


У Беларусі не менш за 88 тысяч наркаспажыўцоў. Праўда, ў полі зроку медыкаў іх усяго каля 7,8 тысячы. Чаму тыя, хто ўжывае наркотыкі, не звяртаюцца па медыцынскую дапамогу і якія спосабы лячэння і рэабілітацыі з'явяцца ў нашай краіне, расказалі спецыялісты.


Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2016 годзе каля 275 мільёнаў чалавек (а гэта 5,6 % насельніцтва планеты) ва ўзросце ад 15 да
64 гадоў хоць бы раз у жыцці ўжывалі наркотыкі. Годам раней у свеце ад іх загінула каля 450 тысяч чалавек. Хтосьці — ад перадазіроўкі, а 62 % — ад ускосных прычын, звязаных з ужываннем наркотыкаў: гепатыту С, ВІЧ-інфекцыі і іншых. Як адзначыў каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Вячаслаў Гранькоў, штогод гэтая арганізацыя распрацоўвае міжнародныя стандарты аказання эфектыўнай медыцынскай дапамогі людзям, якія пакутуюць ад нарказалежнасці. І падкрэсліў, што Міністэрства аховы здароўя ахвотна імкнецца іх укараняць і прытрымлівацца. Але ёсць некаторыя моманты, якія перашкаджаюць атрыманню дапамогі ў поўным аб'ёме.

— Згодна з пастановай Савета міністраў медыцынскія ўстановы павінны паведамляць тэрытарыяльным органам унутраных спраў звесткі аб асобах, якія стаяць на ўліку як наркаспажыўцы. Людзі з залежнасцю апасаюцца трапіць у поле зроку міліцыі і не звяртаюцца да ўрачоў, не атрымліваюць лячэння ад такіх небяспечных інфекцый, як гепатыт С і ВІЧ. За пяць гадоў, з 2012 па 2017, колькасць зваротаў па медыцынскую дапамогу ў сталічны наркадыспансер знізілася ў пяць разоў, у абласны — у шэсць разоў. З кожным годам расце колькасць схаванай наркаманіі. На аднаго нарказалежнага, які стаіць на ўліку, даводзіцца пяцёра чалавек, якія знаходзяцца па-за наглядам медыкаў. Іх спыняе страх пастаноўкі на ўлік, боязь арышту і пазбаўлення волі, — тлумачыць Вячаслаў Гранькоў.

Эксперт заклапочаны жорсткай крыміналізацыяй наркаспажывання і выказаўся аб неабходнасці ўвядзення альтэрнатыўных мер. Ён прывёў прыклад нашых суседзяў: у Эстоніі ўкаранілі практыку, калі затрыманаму наркаспажыўцу прапануюць або лячыцца ў медустанове, або прайсці праз сістэму правасуддзя. А тэрапія на этапе заключэння гарантуе датэрміновае вызваленне.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч пры гэтым адзначыў, што ў Беларусі з яе жорсткім у дачыненні да нарказбыту заканадаўствам паказчык перадазіровак складае 0,3 на 100 тысяч насельніцтва, у Эстоніі — 10,3, у ЗША — 16,1. У параўнанні з 2014 годам колькасць перадазіровак у Беларусі зменшылася ў чатыры разы, сярод непаўналетніх — у 22. Смяротных выпадкаў ад перадазіровак сярод падлеткаў у краіне не фіксавалася з 2015 года. Штогод колькасць нарказлачынстваў змяншаецца на 9—10 %, больш за палову з іх складае збыт:

— Мы актыўна выяўляем збытавыя ланцужкі. І ўсведамляем, што нарказалежнасць — гэта хвароба, а чалавек мае патрэбу ў лячэнні, таму асноўную ўвагу надаём збытчыкам. Штогод павялічваецца аб'ём канфіскаваных наркотыкаў, з пачатку гэтага года іх ужо больш за паўтоны. Гэта сведчыць пра тое, што наркапагроза ў нашай краіне пакуль, на жаль, захоўваецца.

Генадзь Казакевіч паведаміў, што ў канцы 2019 года на базе РНПЦ псіхічнага здароўя адкрыецца цэнтр доўгай рэабілітацыі. Там будуць пазбаўляць ад нарказалежнасці, пачынаючы ад дэтоксу (ачышчэння арганізма ад таксінаў, з чаго пачынаецца лячэнне) і заканчваючы сацыяльнай рэабілітацыяй — аднаўленнем дакументаў і ўладкаваннем на працу. Працэс лячэння і рэабілітацыі будзе займаць каля шасці месяцаў.

Сёння дзяржаўныя медыцынскія ўстановы прапануюць два спосабы пазбаўлення ад нарказалежнасці: бясплатны з пастаноўкай на ўлік і платны ананімны. Як паведаміла загадчык сектара наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Іна Белаец, у краіне 240 ложкаў для рэабілітацыі пацыентаў з нарказалежнасцю, яны ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах. У стацыянары пацыент знаходзіцца 21—28 дзён.

Намеснік галоўнага ўрача Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г. Мінска Жанна Істоміна падкрэсліла, што за апошнія гады ўдалося ўзяць пад кантроль праблему наркаўжывання сярод падлеткаў.

— У 2014—2015 гадах мы сутыкнуліся з «эпідэміяй» спайсаў, дзе самым слабым звяном былі падлеткі. Нашы ўрачы пайшлі ў школы, на прадпрыемствы, і сітуацыю ўдалося змяніць. Калі ў 2015 годзе на ўліку стаяла 89 падлеткаў, якія мелі нарказалежнасць, то сёння іх усяго 9, — адзначыла спецыяліст.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.