Першага сакавіка адзначаўся Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй. У сувязі з гэтым спецыялісты нагадалі прыкметы спажывання наркотыкаў, як няяўныя, так і відавочныя, і далі парады бацькам, падкрэсліўшы, што наркаманія — зусім не доля дзяцей з неўладкаваных сем’яў, у «зоне рызыкі» можа апынуцца кожны.
Паводле слоў галоўнага пазаштатнага спецыяліста па наркалогіі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама Аляксандра Казачка, у сярэднім за сваё нядоўгае жыццё наркаспажывец уцягвае ў рэгулярнае спажыванне 10–15 чалавек, а 30% маладых асоб, якія маюць знаёмых-наркаманаў, знаходзяцца ў «зоне рызыкі». Залежныя ад наркотыкаў схільныя да рызыкі заражэння і спрыяюць распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі, віруснага гепатыту, венерычных хвароб і іншых небяспечных інфекцыйных захворванняў.
Прыкметы магчымага спажывання:
- рэзкія перапады настрою: ад эйфарыі і лагоднасці да агрэсіі;
- балючая рэакцыя на крытыку, агрэсіўнасць;
- змена рытму сну;
- змена апетыту і манеры ўжывання ежы, частыя праблемы са страваваннем;
- рэзкая змена вагі — пахудзенне ці набор;
- скрытнасць, якая нарастае;
- вонкава адхілены погляд, часта — неахайны выгляд;
- зніжэнне цікавасці да вучобы;
- павелічэнне фінансавых запытаў;
- з’яўленне падазроных сяброў.
Відавочныя прыкметы:
- наяўнасць атрыбутаў, якія паказваюць на пераключэнне інтарэсаў на наркотыкі (пакецікі, шпрыцы, выкарыстанне ў мове жаргонаў аб наркотыках («прыход», «колы», «чытаць» і інш.);
- ін’ецыраваныя склеры, беспадстаўны кашаль (з-за раздражнення слізістых абалонак верхніх дыхальных шляхоў);
- бледныя або гіперэміраваныя скурныя покрывы;
- празмернае звужэнне або пашырэнне зрэнак незалежна ад асвятлення;
- наяўнасць слядоў (сінякі, парэзы, шчыльныя сінявата-барвовыя цяжы) ад ін’екцый на целе ў вобласці крывяносных сасудаў.
Фактары рызыкі
Аднымі з галоўных прычын, якія прыводзяць да наркаманіі ў асяроддзі падлеткаў, з’яўляюцца:
- недахоп любові і ўвагі з боку блізкіх людзей;
- эксперыменты над сваёй свядомасцю;
- задавальненне цікаўнасці;
- перайманне паводзін «сваіх аўтарытэтаў»;
- павеў пэўнай «моды»;
- бунтарства.
Рэкамендацыі для бацькоў
Бацькі павінны:
- мець дакладную пазіцыю супраць прыёму любога віду наркотыку і прывіваць яе сваім дзецям;
- быць для дзіцяці ўзорам паводзін;
- пабудаваць сямейныя адносіны такім чынам, каб з дзецьмі можна было абмеркаваць любыя праблемы;
- фарміраваць у дзіцяці незалежнасць, адказнасць, самапавагу;
- вывучыць сігналы небяспекі, каб ведаць, як убачыць бяду, і ведаць, куды можна звярнуцца па дапамогу.
Яе, дарэчы, падлеткі і дарослыя, якія ўжываюць наркотыкі, могуць атрымаць у тым ліку і ананімна.
Алена КРАВЕЦ