Вы тут

Летась у Мазыры выпушчана больш за 515 тысяч тон солі*


Прадстаўляем суразмоўцу. Артур Галімаў нарадзіўся ў Рызе. З бацькамі пераехаў у Беларусь. Школу закончыў у Гомелі, вышэйшую адукацыю атрымаў у Гомельскім гандлёва-эканамічным універсітэце. Па размеркаванні быў накіраваны ў Мінск і працяглы час працаваў спачатку ў спажывецкай кааперацыі, затым у прыватным бізнесе. У 2014 годзе прыйшоў у харчовую прамысловасць. Быў намеснікам дырэктара на Мінскім заводзе ігрыстых він, а ў снежні 2018 года ў рамках канцэрна «Белхарчпрам» вылучаны на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Мазырсоль».


 

Генеральны дырэктар Артур Галімаў.

У размове з журналістамі «Звязды» генеральны дырэктар ААТ «Мазырсоль» Артур ГАЛІМАЎ зазначыў:

— Наша прадпрыемства — складаны шматфункцыянальны комплекс, які забяспечвае краіну і блізкае замежжа высакаякаснай выварачнай соллю «Экстра». Прадпрыемства працуе са стапрацэнтнай загрузкай, і пакуль асаблівых рэзерваў для колькаснага росту ў нас няма. Праводзім мадэрнізацыю з мэтай павелічэння вытворчых магутнасцяў для асобных груп прадукцыі, удасканальваем саму вытворчасць. Робім змены ўнутры яе па асартыментных групах — пераходзім да прадукцыі, цана на якую на знешніх рынках вышэйшая: да больш высокамаржынальнай — ад якой больш высокая маржа, прыбытак. Пры гэтым інтарэсы насельніцтва застаюцца на першым плане, яго патрэбы ўнутры краіны мы задавальняем цалкам. Зараз прапрацоўваем варыянты новай, больш зручнай упакоўкі. Традыцыйная наша ўпакоўка — мяшэчак-падушка — вядомая ўсім. Сёння шукаем іншыя дызайнерскія рашэнні, бо ты яе адкрыў — а паставіць складана. Так што, магчыма, хутка навучым сваю падушку стаяць. Набылі новае фасовачнае абсталяванне.

Вытворчыя паказчыкі нам даводзяцца з улікам сітуацыі, якая складваецца на знешніх рынках, бо сваю прадукцыю мы ў асноўным пастаўляем на экспарт, перш за ўсё ў Расійскую Федэрацыю. Таму, дарэчы, моцна залежым ад хістанняў расійскага рубля ў адносінах да долара.

Намеснік галоўнага інжынера — начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Пётр Гапіенка і апаратчык выпарвання Міхаіл Іоўчык у цэху № 2.

 

— Тыя залежы карысных выкапняў, з якімі вы працуеце, яны пад Мазыром?

— Кіламетры за тры знаходзіцца разведанае радовішча, яго балансавыя запасы перавышаюць 400 мільёнаў тон, а магчымасці завода па штогадовай здабычы і перапрацоўцы — 480 тысяч тон. Летась мы вырабілі і прадалі 515 тысяч тон прадукцыі. Так што хопіць надоўга. Плюс у ваколіцах, як мы разумеем, ёсць неразведаныя запасы. Так што праблем з забеспячэннем краіны і бліжэйшых суседзяў высакаякаснай выварачнай соллю не будзе. Тым больш што і «Беларуськалій» здабывае соль, але каменную.

— Канкурэнцыю з яго боку адчуваеце?

— Не, гэта ўсё ж іншая соль. Пры выкарыстанні ў хатняй гаспадарцы вялікай розніцы няма. Іншая рэч — вытворчасць. Павараная соль адрозніваецца ад каменнай сваёй чысцінёй, і прамысловыя прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць соль у сваіх вытворчых працэсах — у прыватнасці, для гатавання ежы, — часцей аддаюць перавагу паваранай. Так што канкурэнцыі мы не адчуваем, у кожнага, можна сказаць, свае задачы.

Крыху ўплывае тое, што насельніцтва пачало менш займацца нарыхтоўкай харчовых запасаў дома — закаткамі і падобным. Усё больш у хаду паўфабрыкаты, наведванне кавярняў ці нават рэстаранаў — гатовай кухні. Больш актыўна выкарыстоўваюцца прадукты, дзе соль ужо прысутнічае.

Аператар вытворча-харчовай прадукцыі Леанід Сачук.

 

Але расце спажыванне солі прамысловымі прадпрыемствамі, асабліва ў хімічнай прамысловасці. А калі расце попыт, то расце і прапанова — пачынаюць будавацца заводы ў Расійскай Федэрацыі, у тым ліку ў суседняй Калінінградскай вобласці, Новамаскоўскі завод у Тульскай вобласці. Вось чаму нам неабходна развіваць сваю вытворчасць. Калі раней было дастаткова вырабляць соль і затарваць у біг-бэгі і мяхі, то цяпер толькі гэтым рынак не ўтрымаць.

Усе паказчыкі, якія нам даводзяцца, не простыя, кожны па-свойму складаны. Экспарт не ва ўсім залежыць ад нас, і гэта вымушае быць больш гібкімі. Тут нельга прыбраць руку з пульсу ні на секунду, бо тады паказчык, даведзены ў доларах ЗША, можам не пацягнуць. Як і паказчык фінансавай эфектыўнасці — яго таксама трэба пастаянна кантраляваць, асабліва цяпер, з улікам росту кошту энергарэсурсаў.

Працэс вытворчасці выварачнай солі сам па сабе энергаёмісты, а мы нядаўна перайшлі з мазуту на газ, і затраты на энергетыку ўзраслі яшчэ больш.

На 2019 год запланаваны вялікі аб'ём арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па ўдасканаленні вытворчасці, на гэтыя мэты накіроўваюцца значныя капіталаўкладанні. Прыкладаў такога ўдасканалення вытворчасці за апошні час шмат. Пабудавалі новую расолаздабывальную свідравіну. Праводзім мадэрнізацыю сушыльнага аддзялення. На гэты год запланавана ўстаноўка дадатковай градзірні для ахалоджвання вады. Дзве новыя ўжо паставілі.

Апаратчык змешвання пасолачна-нітрытнай сумесі Аляксандр Мацукевіч.

 

Яшчэ адзін перадавы праект ажыццяўляем сумесна з РУП «БЕЛТЭІ» (цеплаэнергетычным інстытутам). Праект унікальны, з арыенціровачным коштам каля пяці мільёнаў долараў. Пасля ўвядзення ў строй дзеючых па году прынясе па 880 тысяч долараў эканоміі.Так што тэхналогія працягвае ўдасканальвацца, як і асартыментная палітыка.

Прынялі рашэнне на працягу бліжэйшых двух гадоў яшчэ больш павялічыць вытворчасць таблеціраванай солі для ўмякчэння вады ў сістэмах яе ачысткі — да 200 тысяч тон штогод. Попыт расце, наша таблетка мае рэпутацыю прадукту высокай якасці. Набываем новыя прэсы для таблеціравання, часткова ўжо ўстанавілі. Іх магутнасць вышэйшая, чым у дзеючага абсталявання, амаль у дзесяць разоў.

— Суадносіны экспартнага паказчыка і паказчыка ўнутранага рынка засталіся ранейшымі?

— Яны змяніліся. Цяпер 85 працэнтаў прадукцыі пастаўляецца на знешнія рынкі, а 15 — на ўнутраны. Асноўным нашым партнёрам на знешніх рынках з'яўляецца, як я ўжо казаў, Расійская Федэрацыя. На другім месцы Украіна. Моцныя ў нас пазіцыі ў Прыбалтыцы, хоць у іх парты лёгка даходзіць еўрапейская соль — дацкая. А яшчэ — у Казахстане, Кыргызстане, Польшчы. Заваяваны радыус экспартных паставак мы стараемся па магчымасці пашыраць.

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі і сацыяльным развіцці Анжэла Крысця знаёміць з экспазіцыяй музея.

 

— Калі ласка, вернемся да размовы пра асартымент. Пастаяннай прадукцыі ў вас было больш за 50 відаў...

— Прыкладна так і засталося, хоць таварная наменклатура налічвае каля 100 асартыментных пазіцый. Асартыментная палітыка ў нашым выпадку — справа далікатная, варта ўлічваць прыярытэты, якія ўстаяліся сярод спажыўцоў. Адзін з іх — спажыванне ёдаванай солі. У нас ёсць ёдная ўстаноўка для зніжэння ёднага дэфіцыту ў чалавечым арганізме, яна працуе ў адпаведнасці з міжнароднай праграмай прадухілення ёднага дэфіцыту.

Сваю вывараную соль мы змешваем таксама з каменнай — ёсць такія сумесі, з марской соллю — робім разнастайныя камбінацыі для розных мэт, і яны запатрабаваныя.

Вялікі выбар прыпраў — 13 найменняў. Любая з іх — гэта спалучэнне натуральных прадуктаў высокай якасці. Прыправы ідуць пад гандлёвай маркай Sаlеrо — ад слова «соль». А яшчэ мы вырабляем комплексныя харчовыя дабаўкі для мясной прадукцыі.

Грузчык транспартнага цэха Алег Макееў — пераможца конкурсу «Лепшы спартсмен 2018 года».

 

У нас ёсць усе падставы лічыць, што прадукцыя ААТ «Мазырсоль» мае шэраг пераваг, якіх няма ў канкурэнтаў. Варта асобна падкрэсліць бяспечнасць нашай прадукцыі: яна ніколі не дае асадку, калі растварыць яе ў вадзе, бо ў нашай солі няма пабочных прымесяў. Утрыманне асноўнага прадукту, хларыду натрыю, не меншае за 99,5 %. Невыпадкова наша соль займае лідарскія пазіцыі на рынках Беларусі і Расіі. Нядаўна мы выйшлі пераможцамі конкурсаў «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» і «Брэнд года — 2018» і ў чарговы, пяты раз атрымалі прэмію Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці.

У нас высакаякасныя і вытворчае абсталяванне, і тэхналогія, працуюць сучасныя сістэмы менеджменту якасці і ХАССП, што важна для любога харчовага прадпрыемства. Атэставалі сваю прадукцыю па стандартах «Халяль». Усё гэта дазваляе прадукцыі нашых гандлёвых марак «Палессе», «Залаты зубр», «Беларуская», «Марская плюс» адчуваць сябе на рынках дастаткова ўпэўнена. Але і расслабляцца не збіраемся.

Апаратчыца Валянціна Грышчынка кантралюе працэс выпарвання солі.

 

Пастаянна працуем з вытворчым персаналам, таму што абслугоўванне тэхналагічнага абсталявання павінна быць гарантавана граматнае і правільнае. Я пастаянна бываю ў кожным структурным падраздзяленні, уважліва слухаю людзей і даводжу пазіцыю кіраўніцтва, нашу рынкавую стратэгію і нават тактыку. Людзі павінны разумець любыя нашы крокі, адчуваць сябе адной камандай. У калектыве кожны трэці мае вышэйшую адукацыю, астатнія — прафесійна-тэхнічную ці спецыяльную, таму мы размаўляем на адной мове. Адчуванне пляча калектыву дазволіла ўкараніць так званы рызыкаарыентаваны падыход, гібкую рынкавую стратэгію.

Мы эканамічна, фінансава моцнае прадпрыемства, працаваць з намі хочуць усе. З'яўляемся надзейным партнёрам для любога дзелавога партнёра — як пастаўшчыка, так і спажыўца.

«Мой калектыў — мая крэпасць»

Сваё інтэрв'ю Анжэла Крысця, намеснік дырэктара па ідэалогіі і сацыяльным развіцці, дала ў музейным пакоі, цудоўна аформленым і вельмі багата абстаўленым.

— Музей ствараўся да 25-годдзя прадпрыемства, і ідэя заключалася ў тым, каб захаваць той след, які кожны работнік прадпрыемства пакінуў ці пакіне пасля сябе ў біяграфіі калектыву. Адзін стаў пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства, другі занесены ў Кнігу працоўнай славы і гэтак далей.

Экспазіцыя пачыналася з чорна-белых здымкаў, стэнд назвалі «Яны былі першымі». Тут прадстаўлены пачынальнікі новай для Мазыршчыны прафесіі, некаторыя з якіх да гэтага часу працягваюць працаваць на прадпрыемстве. Музей з'яўляецца сапраўдным пакоем працоўнай славы, мы прыводзім сюды новых работнікаў, каб яны разумелі, у якую сям'ю ўліваюцца.

Мы сапраўды адчуваем сябе адзіным цэлым, а свой калектыў лічым сваёй крэпасцю. У нас вельмі моцныя карпаратыўныя традыцыі, асабліва ў сэнсе пераймальнасці і работы з моладдзю. Працуе савет маладых работнікаў, які курыруе і дзейнасць валанцёрскага атрада,

мастацкую самадзейнасць, і працуе плячо ў плячо з пярвічкай БРСМ, жаночым саветам, воінамі-інтэрнацыяналістамі. Сем нашых хлопцаў прайшлі Афганістан, адзін адразу пасля вяртання трапіў з агню ды ў полымя — на ліквідацыю аварыі на ЧАЭС. Гэта мантажнік рамонтна-механічнага цэха Васіль Кажадуб. Прозвішча ў яго адпаведнае, і справы багатырскія. Ён прадстаўнік адной з 53 працоўных дынастый — іх колькасць гаворыць сама за сябе. Ёсць дынастыі, у якіх агульны працоўны стаж больш за 290 гадоў. І гэта з улікам таго, што нам усяго трыццаць сем.

Як бачыце, у экспазіцыі шмат каляровых здымкаў з жыцця калектыву мастацкай самадзейнасці, які налічвае 59 чалавек пастаяннага саставу. І нікога не трэба заганяць на сцэну сілком. Спрыяе тое, што дзве гадзіны на тыдзень чалавек можа займацца грамадскай работай і яму захоўваецца сярэдні заробак. Таму выезды на канцэрты ў нашы партнёрскія калектывы не звязаны з нейкімі складанасцямі. Папулярнасцю карыстаюцца нашы вакальна-інструментальны ансамбль «ХардСол» і вакальная група «Аквамарын», танцавальны калектыў «FUSІОN», група барабаншчыкаў «Спаркс» — іх прыгожыя здымкі таксама ў экспазіцыі.

У нас проста цудоўныя спартыўныя традыцыі — звярніце ўвагу на гэтую вялікую шафу са шматлікімі кубкамі і прызамі. Мы выходзілі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу на пастаноўку фізкультурна-масавай і аздараўленчай работы і лідзіравалі сярод калектываў, у якіх працуе больш за тысячу работнікаў. Нашы валейбалісты абыгралі нават каманду МНПЗ.

Моладзь у нас ініцыятыўная, крэатыўная, і любыя яе пачынанні падтрымліваюцца кіраўніцтвам. Аказваецца ўсялякае садзейнічанне, каб яны маглі рэалізаваць свае задумы і выявіць сябе, сваю індывідуальнасць. Валанцёрскі атрад «Салявік» на працягу 14 гадоў адчувальна дапамагае цэнтру карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў, і гэта не проста разавыя акцыі.

Праводзяцца разнастайныя конкурсы — «Рыцар года», «Мая сям'я — мая крэпасць», «Саляная каралева» (вось яна на фота, сапраўдная прыгажуня, начальнік аддзела продажу), «Мы — адзінае цэлае». Такія конкурсы вельмі збліжаюць, — падкрэслівае Анжэла Анатолеўна. — І ёсць традыцыя — перад пачаткам навучальнага года выязджаем аўтобусамі на сямейны турыстычны злёт. Прыкладна 450 чалавек разам з дзецьмі, сем'ямі — палова калектыву. А яшчэ маладзёжныя велапрабегі. Адным словам, кожны выхадны нечым займаемся. Разам нам цікава. Сродкі, якія збіраем на сваіх спартыўных святах, перадаём цэнтру карэкцыйнага развіцця дзяцей-інвалідаў.

У ліку нашых сацыяльных аб'ектаў — медпункт, які дазваляе не хадзіць у раённую паліклініку, бо ўсе віды фізіятэрапеўтычных паслуг і іншыя працэдуры аказваюцца тут. Мы ўсіх застрахавалі, і ў рамках дагавора страхавання нашы людзі атрымалі магчымасць праходжання «вузкіх» спецыялістаў і абследаванняў без чаргі. 
У заводскай сталоўцы кормяць як у рэстаране, а ў магазіне-кулінарыі можна купіць не толькі самы смачны ў Мазыры хлеб і разнастайныя кандытарскія вырабы — іх выпякае наш кандытар, — але і заўсёды свежую малочную, мясную і рыбную прадукцыю.

Маем адзін з найлепшых у Мазыры спартыўных комплексаў, у якім займаюцца нашы работнікі і члены іх сем'яў. Аплата наведвання секцый — сімвалічная. Ёсць дванаццаціпавярховы інтэрнат з асобнымі камфортнымі блокамі для сямейных пар і месцамі для халасцякоў. У выніку жыллём забяспечаны ўсе, у чарзе на блок — толькі адна сям'я.

У нас прыжыўся свой талісман — фігурка ласяняці. Бо, як гаворыцца ў нашай прыказцы, «Нават ласі любяць соль». На «Дні горада» ўсе дзеці Мазыра фатаграфаваліся ў абдымку з ім. Так што прафесійная арыентацыя ў нас на вышыні, — смяецца Анжэла Анатолеўна. А мы дзякуем ёй за аповед, бо гэта расказ чалавека, які фанатычна любіць сваё прадпрыемства і свой калектыў. Яна кажа, што тут усе такія фанаты. Верыцца цалкам.

Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ,

Алена ДАЎЖАНОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

УНП 400087365

*На правах рэкламы

Загаловак у газеце: Гібкая рынкавая стратэгія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.