Вы тут

​Як судовыя эксперты рыхтуюцца да ІІ Еўрапейскіх гульняў?


Судовыя эксперты таксама рыхтуюцца да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Перад спартыўным форумам яны атрымалі найноўшае абсталяванне, якое дазволіць аператыўна аглядаць месцы здарэнняў і рабіць тэрміновыя экспертныя даследаванні. Дэманстрацыя здабыткаў адбылася ў Мінскім гарадскім упраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (ДКСЭ). Падрыхтаванасць экспертаў да Гульняў праверыў асабіста старшыня ведамства Андрэй Швед.


— Падрыхтоўка да работы падчас маштабных спартыўных спаборніцтваў была распачата летась, — адзначыў кіраўнік ДКСЭ. — Мы не толькі закупілі дзясяткі комплексаў найноўшага абсталявання, але і падрыхтавалі людзей, у тым ліку і за мяжой. І гэта дало велізарны плён. Напрыклад, апрацоўка слядоў пальцаў рук і далоняў цяпер будзе займаць менш за 20 хвілін. Акрамя таго, наш спецыяліст можа на месцы атрымаць інфармацыю пра тое, каму менавіта належыць адбітак. Нямногія краіны валодаюць комплексамі падобнага кшталту. Даставернасць і эфектыўнасць іх работы вельмі высокая. І гэта яшчэ не ўсё — мы дааснасцілі нашы лабараторыі мабільнымі комплексамі, якія за лічаныя хвіліны дазваляюць вызначыць сапраўднасць дакументаў, грошай.

На працягу некалькіх гадоў мы аснасцім падобным абсталяваннем усе нашы структуры ў буйных гарадах. Такую тэхніку можна пабачыць у ФБР, Еўраполе, іншых вядучых крыміналістычных падраздзяленнях свету. Але мы імкнёмся, дзе магчыма, укараняць айчынныя распрацоўкі.

Старшыня ДКСЭ асобна спыніўся на тэме лжывага «мініравання» ў Мінску буйных аб'ектаў.

— У любым выпадку, тэлефонны «мінёр» пакідае свой індывідуальны след. Гэта голас. Ён, як і адбітак пальца, і ДНК, — рэч выключна індывідуальная, — заўважыў Андрэй Швед. — Так, голас можна паспрабаваць сказіць, надаць яму іншую танальнасць. Але гэта не дапаможа змяніць яго фізічныя характарыстыкі. У нас ёсць базы даных, дзе запісаны вялікі масіў галасоў падазраваных асоб. І калі да нас паступае чарговы ўзор голасу, то мы або параўноўваем яго з тымі, якія даюць нам праваахоўныя органы, або «праганяем» праз сваю базу.

На пляцоўцы каля ўпраўлення ДКСЭ па Мінску былі размешчаны перасоўныя крыміналістычная і выбуховатэхнічная лабараторыі. Сваю гатоўнасць паказала і адмысловае падраздзяленне па рабоце з крыніцамі іанізавальнага выпрамянення.

Аўтар гэтых радкоў змог часткова прымерыць на сябе амуніцыю, якую апранае эксперт, калі забірае радыеактыўную пробу. Спярша — свінцовы фартух, які абараняе ад гама-выпрамянення. На галаву надзяваю шлем. Бяру ў рукі шчуп і чапляю белую пласцінку, якая з'яўляецца па легендзе ўмоўна радыеактыўнай. Што і казаць, пад амаль трыццаціградусным спякотным сонейкам амуніцыя, якая важыць кілаграмаў сем, награваецца вельмі хутка. А гэта мы яшчэ не абаранілі ногі!

 

— Звярніце ўвагу на гэты белы касцюм, — кажа начальнік аддзела даследавання механізмаў гарэння цэнтральнага апарату ДКСЭ Расціслаў Курсевіч. — На першы погляд здаецца, што ён важыць шмат. Але насамрэч касцюм вельмі лёгкі. Ён прызначаны для абароны ад альфа- і бэта-выпрамянення. На абодвух рукавах замацавана па дазіметры. Адзін з іх паказвае радыяцыйную абстаноўку ў рэжыме рэальнага часу, другі — накапляльны. Ён выкарыстоўваецца, калі ў забруджанай зоне трэба правесці пэўны час.

Такое абсталяванне з'явілася ў судовых экспертаў недзе каля года таму. Распрацавана яно ў Беларусі. Выключэнне — панарамная камера на капюшоне. Яна патрэбна для здымкі мясцовасці. Невялікія радыеактыўныя аб'екты можна пакласці ў спецыяльны фальгаваны канверт. А вось калі гаворка ідзе пра гама-выпрамяненне або габарытны прадмет, то тут ужо будзе выкарыстана спецыяльная бочка, зробленая з адмысловай маркі сталі.

 

Гэтая бочка выкарыстоўваецца і падчас выбухова-тэхнічных экспертыз. Яна можа вытрымаць выбух каля 400 грамаў трацілу. Скажам, аўтамабіль такая колькасць выбухоўкі разнясе ўшчэнт. Звычайную гранату ў такой бочцы падарваць можна спакойна. Раней эксперты збіралі выбухованебяспечныя прадметы і везлі іх цэнтралізавана на палігон. Цяпер жа гэтае правіла дзейнічае толькі для буйных боепрыпасаў — напрыклад, снарадаў. Адпаведна, сама экспертыза рыхтуецца хутчэй. Гэтая камера зроблена ў Расіі. Аднак наш Інстытут парашковай металургіі яе істотна мадэрнізаваў. Расійскія там засталіся толькі вонкавыя сценкі.

Эксперты таксама прадэманстравалі дзейнасць лабараторыі, прызначанай для забору біялагічных слядоў. У тым ліку — і паху. 

— Пах можа захоўвацца або на прадмеце, або ў паветры на месцы здарэння, — кажа галоўны эксперт аддзела крыміналістычных улікаў Цэнтральнага апарату ДКСЭ падпалкоўнік юстыцыі Дзяніс Кузьменка. — Гэтыя сляды збіраюць даволі даўно — ужо некалькі дзесяцігоддзяў. І ўвесь гэты час нашымі памочнікамі застаюцца сабакі. Лепш за іх пах не апазнае ніхто.

У арсенале экспертаў ёсць і рознакаляровыя ўльтрафіялетавыя ліхтары. Яны выкарыстоўваюцца для таго, каб знайсці біялагічныя сляды. Напрыклад, калі сліна высыхае, чалавечае вока яе не ўбачыць. А вось спецыяльны ліхтар яе высвеціць, як на рэнтгене.

Акрамя таго, эксперты паказалі магчымасці аптычнага аўтамабільнага эндаскопа, які выкарыстоўваецца пры пошуку пашкоджанняў аўтамабіляў у цяжкадаступных месцах і схаваных поласцях, а таксама мабільны комплекс, прызначаны для здабыцця інфармацыі з мабільнага тэлефона.

Істотны крок наперад зроблены ў дактыласкапічных даследаваннях. Новае абсталяванне можа атрымліваць і перадаваць інфармацыю пра знойдзеныя на месцы здарэння сляды рук нават пад вадой.

Такім чынам, судовыя эксперты падыходзяць да ІІ Еўрапейскіх гульняў у максімальнай гатоўнасці.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Адбіткі, пах і панарамная камера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.