Вы тут

Прафесіяналізм, тэхналогіі і свядомасць


Пра поспехі ў працы, павышэнне яе прадукцыйнасці, рост якасці прадукцыі можна гаварыць да той рысы, пакуль работнік жывы і здаровы. Калі ж здараецца няшчасце на рабоце, вышэйназванае страчвае ўсялякі сэнс. І першая задача любога працаўніка прыйсці дадому жывым і здаровым пасля змены. Дык вось летась з гэтай задачай не справіліся 318 жыхароў Брэсцкай вобласці. Менавіта столькі чалавек атрымалі траўмы на вытворчасці. З іх 25 загінулі. 2018 год прадэманстраваў значны рост вытворчага траўматызму ў параўнанні з папярэднім годам. Гэта стала нагодай біць трывогу.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Упор на прафілактыку

Вынікі работы па кіраванні аховай працы на тэрытарыяльным узроўні, аналіз прычын вытворчага траўматызму і меры па яго прафілактыцы разглядаліся на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы аблвыканкама, камісій па ахове працы гар-, райвыканкамаў, на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй Брэсцкай вобласці. Актывізаваліся мабільныя групы гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, рэйдавыя групы тэхнічнай інспекцыі працы прафсаюзаў, да прафілактычнай работы падключылася пракуратура. Падчас наведванняў выдадзены сотні рэкамендацый па паляпшэнні аховы працы. Калі звярнуцца да лічбаў, то можна сказаць, што пэўныя вынікі ёсць. Скажам, за першыя тры месяцы года на вытворчасці рэгіёна загінулі два чалавекі, а за аналагічны перыяд летась было 16 смяротных выпадкаў. Колькасць цяжкіх траўмаў таксама паменшылася.

Начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Віктар СУПРУНОВІЧ лічыць, што да лічбавых характарыстык трэба ставіцца ўсё ж з асцярожнасцю: сёння лічбы меншыя, заўтра могуць узрасці і — наадварот:

— Куды больш важным выглядае трымаць на кантролі прычыны і ўмовы ўзнікнення траўмы альбо няшчаснага выпадку. Бо многія і многія няшчасці, трагедыі можна было б папярэдзіць, каб людзі, адказныя на прадпрыемстве за ахову працы, сумленна выконвалі свае абавязкі, а кіраўнікі аддавалі гэтым пытанням належную ўвагу. Сёння спецыялістам па ахове працы мусіць станавіцца кваліфікаваны інжынер, які павінен быць кампетэнтны ў справе абсталявання, можа ўнікаць у тэхналогію вытворчасці і выдаваць прапановы па паляпшэнні вытворчага працэсу на карысць бяспекі. Ды і не толькі прапаноўваць — яго задача, але і дабівацца правядзення ў жыццё прапаноў. Значыць, чалавек на гэтай пасадзе павінен быць ініцыятыўны, адукаваны і прабіўны ў пэўным сэнсе. Не сакрэт, што трапляюцца ўсё ж выпадковыя людзі, якія сваім абавязкам лічаць манатонна правесці інструктаж, даць людзям распісацца ў журнале і пакласці апошні на паліцу. Так што пытанні бяспекі павінны вырашацца перш за ўсё на тэхнічным узроўні. І на многіх прадпрыемствах менавіта так робяць.

У размове з Віктарам Супруновічам мы не маглі абысці холдынгавую кампанію «Пінскдрэў». Яшчэ не прайшло дзесяць гадоў пасля страшнай трагедыі, калі ад выбуху на адным з прадпрыемстваў кампаніі загінулі 14 чалавек, трое сталі інвалідамі. Здарэнне назвалі самай буйной прамысловай аварыяй у краіне за некалькі дзесяцігоддзяў. А летась зноў загінулі два чалавекі. Адзін з іх загінуў у ванне для прамочвання піламатэрыялаў.

На «Пінскдрэве» летась прайшло выязное пасяджэнне калегіі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы. Члены калегіі і спецыялісты наведалі шэраг вытворчасцяў холдынга, пазнаёміліся з арганізацыяй аховы працы. Былі ўнесены канкрэтныя прапановы. Трэба сказаць, што прадпрыемства прыняло пэўныя меры па паляпшэнні абстаноўкі. На тым участку, дзе летась рабочы ўпаў у басейн з вадой, змяняецца тэхналогія вытворчасці. Закуплена новае абсталяванне, якое выключае знаходжанне чалавека каля рэзервуара з вадкасцю. Неабходныя маніпуляцыі цяпер будзе праводзіць аўтаматыка. Абсталяванне абышлося холдынгу ў пяцьсот тысяч долараў. І так павінна быць паўсюль. Бо бяспека перш за ўсё.

Цана неабачлівасці

Але ж галоўнай прычынай траўмавання і гібелі людзей на вытворчасці па-ранейшаму з'яўляецца парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі самімі пацярпелымі. Калі звярнуцца да сумнай леташняй статыстыкі, нельга пакінуць па-за ўвагай, што шэсць чалавек з тых, хто загінуў, былі ў стане алкагольнага ап'янення. Знаходзіцца на рабоце нападпітку гэта ўжо надзвычайнае здарэнне, а тут яшчэ чалавек пачынае працаваць з тэхнікай і агрэгатамі. І сёлета, на жаль, не абыходзіцца без падобных трагедый. Напрыклад, у сакавіку на работу ў адну з прыватных кампаній спазніўся кіроўца пагрузчыка. Інжынер, які павінен быў дапусціць працаўніка да работы, паехаў на іншы аб'ект, не мог жа ён сядзець і чакаць аднаго, калі яго самога чакалі іншыя. А чалавек прыйшоў пазней і прыступіў да работы. Літаральна праз паўгадзіны ён загіне, бо выпадкова націсне рычаг нахілу мачты, калі галава будзе знаходзіцца ў небяспечнай зоне. Пасля правядзення экспертызы было ўстаноўлена 2,2 праміле алкаголю ў крыві загінулага кіроўцы. Работнік быў дастаткова кваліфікаваны, меў вялікі вопыт работы.

Віктар Фёдаравіч згадаў некалькі трагедый за мінулыя гады, якія адбываліся прыкладна па адным сцэнарыі. Цвярозы трактарыст прыступае зранку да работы, цягам дня яго наведваюць спецыялісты гаспадаркі, у іх не ўзнікае прэтэнзій да якасці ворыва альбо сяўбы. А вечарам механізатар выпадае з трактара і гіне, бо да канца рабочай змены ён ужо аказваецца з тымі самымі гібельнымі праміле алкаголю. Дарэчы, амаль 60 працэнтаў з пацярпелых на вытворчасці ў рэгіёне летась былі працаўнікамі сельгасарганізацый розных формаў уласнасці.

Зоны рызыкі

Адной з дзейсных формаў прафілактыкі з'яўляецца вучоба кіруючага звяна. Асабліва, калі гаворка ідзе пра пачаткоўцаў у вытворчасці, невялікія прадпрыемствы, індывідуальных прадпрымальнікаў. Скажам, у апошнія гады ў работнікаў Дэпартамента працы пытанні выклікала арганізацыя лесанарыхтоўкі. Апошняя актыўна вядзецца ў Івацэвіцкім раёне, там многа профільных перапрацоўшчыкаў. Зразумела, ІП імкнуцца зарабіць паблізу ад дому. Нярэдка яны прыцягваюць да работы выпадковых людзей на падставе вуснай дамоўленасці. Тут ужо гаворка не ідзе пра сертыфікаты, неабходную падрыхтоўку і адпаведны допуск да работы. Дык вось Івацэвіцкі райвыканкам сабраў усіх зацікаўленых асоб, для іх інспектары працы правялі грунтоўны семінар, дзе расказалі аб правілах допуску людзей да работы на лесанарыхтоўках. Таксама з дапамогай кваліфікаваных вальшчыкаў лесу правялі практычныя заняткі. Шэраг удзельнікаў вучобы выказалі падзяку, бо многіх рэчаў яны проста не ведалі.

Як, здараецца, не ведаюць бацькі, якія адпраўляюць дзяцей-школьнікаў папрацаваць на летніх канікулах. Вядома, прыцягваць да працы падлеткаў, адарваць іх ад камп'ютараў і тэлефонаў выглядае вельмі нават станоўчым фактам. Але ж бацькі павінны ўпэўніцца, наколькі бяспечныя ўмовы працы там, дзе знаходзіцца іх дзіця. Ну і ў першую чаргу работадаўца поўнасцю нясе адказнасць за бяспеку непаўналетняга. На жаль, летась не абышлося без траўмаў у дзяцей. На адным з прыватных прадпрыемстваў па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў у Івацэвіцкім раёне 14-гадоваму хлопцу даверылі кіраваць вытворчай лініяй. Падлетак атрымаў траўму, якая прывяла да цяжкай інваліднасці. Другі няшчасны выпадак быў у Пінскім раёне, там, на шчасце, абышлося лёгкай траўмай. Зараз абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржінспекцыі працы распрацоўвае памяткі для старшакласнікаў і іх бацькоў па бяспецы летняй работы. Спецыялісты аховы працы выступаюць у навучальных установах, як у школах перад старэйшымі вучнямі, так і перад выпускнікамі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Будучым маладым спецыялістам не лішнім будзе нагадаць аб правілах бяспекі на рабоце, пазнаёміць з нюансамі працоўнага заканадаўства.

Самае важнае

Віктар Супруновіч адзначыў эфектыўнасць мабільных груп выканкамаў. Група Брэсцкага гарвыканкама двойчы на тыдзень выязджае на прадпрыемствы абласнога цэнтра. Цяпер, вядома, павышаная ўвага аддаецца аб'ектам тысячагоддзя, бо ў горадзе вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва. Многія арганізацыі працуюць у дзве-тры змены практычна без выхадных. Прафілактычнае мерапрыемства як напамін пра безумоўнае захаванне правілаў бяспекі тут заўсёды дарэчы.

— І ведамасны кантроль, якім з'яўляюцца мабільныя групы, і грамадскі, які найчасцей праводзяць прафсаюзы, вельмі патрэбны любой вытворчасці, — кажа начальнік упраўлення. — Бо самае цяжкае — адпраўляць на пенсію па інваліднасці альбо, наогул, хаваць маладых і здаровых. Чвэрць стагоддзя працую ў гэтай сістэме, а роспач ад многіх трагедый не прытупляецца ў свядомасці. Як сёння памятаю разгубленыя вочы бацькоў, жонак, малых дзяцей двух супрацоўнікаў рыбгаса, якія загінулі пры вылаве рыбы. Яны жылі на адной вуліцы, у абаіх па двое малых дзяцей, даволі маладыя яшчэ бацькі... Альбо нядаўні выпадак. У Пружанскім раёне на фабрыцы загінуў 35-гадовы бацька сямейства. Мне давялося гаварыць з яго жонкай. У такіх сітуацыях цяжка бывае знайсці патрэбныя словы спачування і падтрымкі, ахоплівае адчуванне ўласнай віны за тое, што нехта недзе не дагледзеў, не прыняў меры прафілактыкі. Таму самае важнае ў працы — яе бяспека.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.