Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Ноч перад Купаллем

Нас, неразлучных сябровак, было чацвёра. І жылі мы амаль па суседстве, і вучыліся ў адным класе, хоць узрост быў розны: у пасляваенным 1946-м у першы клас пайшлі і тыя, каму сем, і тыя, каму дзесяць, а то і адзінаццаць...

Такой вось дружнай чацвёркай мы памалу і раслі, не адчувалі, можна сказаць, розніцы, але ж потым самая старэйшая з нас, Зіна, стала пакрысе аддаляцца. У клубе яна ўжо танцавала з хлопцамі (нас, малых, яшчэ ніхто не запрашаў), і потым аж да самай хаты яе стаў праводзіць Іван. Ну, добра б адзін раз ці два, а то ўжо каторы месяц... «Цікава, а пра што яны гавораць?» — прамовіла неяк адна з сябровак. «А давайце следам за імі пойдзем ды паслухаем», — тут жа падхапіла другая. «Не, — запярэчыла трэцяя, — найлепей затаіцца ды пачакаць, калі яны спыняцца, калі на лавачку сядуць...»

Як прыдумалі, так і зрабілі: пасля кіно засталіся на танцах, але да канца не дабылі: збеглі загадзя, асцярожна пракраліся ў Зінін гарод. Там, каля самага плота, за нейкі, можа, метр-другі ад лавачкі абтапталі крапіву ды малады сліўняк і заселі.

Даўгавата прыйшлося чакаць, але ж нарэшце пачуліся галасы, з'вілася парачка і спынілася каля лаўкі. Стоячы там, Зіна з Іванам абмяркоўвалі кіно, якое сёння прывозіла кінаперасоўка, потым Ваня расказваў пра кнігу, што брат прывёз яму з горада, потым загаварылі пра тое, што заўтра добра было б пад'ехаць на станцыю і прадаць трохі чарніц... «Іх жа назбіраць яшчэ трэба», — уздыхнула Зіна і стала рвацца дамоў. Іван не адпускаў... Тады яна сказала, што ёй пара, што яна ўжо змерзла... Ён, відаць, аддаў ёй пінжак, бо Зіна падзякавала за цёплую рэч... Пасля гэтага паміж імі пачалася нейкая валтузня: хлопец, мусіць, рваўся абняць яе, але Зіна ўсё вырывалася і нарэшце ўцякла, бо з двара пачулася яе: «Бывай!.. Да заўтра!»

Аднак Іван сыходзіць не спяшаўся. Ён трохі пастаяў ля лавачкі, потым пасядзеў на ёй (можа, чакаў, што сяброўка вернецца?), потым устаў...

Мы, за плотам, «ураслі», здаецца, у зямлю, бо побач, можна сказаць, каля нашых вушэй пачуліся крокі (адзін, другі, трэці...) і амаль тут жа сціхлі. Ваня, відаць, спыніўся? І раптам... Па крапіве, па сліўняку ўдарыў моцны струмень, з шумам палілося нешта цёплае...

— Фу-у, — грэбліва гукнула Ева і, падхапіўшыся, віхрам панеслася ў бок гарода. Мы штосілы пабеглі за ёй.

Не заўважылі, як апынуліся ў суседнім двары. Ад яго ўжо рукою падаць да вуліцы... І тут... «Гэй, вы хто?», — з ганка сваёй хаты наперарэз нам спускаўся дзед Алесь. Шлях наш быў канчаткова адрэзаны.

Прыйшлося рэзка развярнуцца і дацца ў бок хлява, потым, не чуючы ног, па бульбе, выбегчы на поплаў і толькі там ужо даць волю пачуццям — дзіка зарагатаць...

Гэта было перад самым Купаллем і позна ўвечары, а нараніцу калгасніцы выйшлі абсякаць капусту, і Алесіха (жонка дзеда) адразу ж стала ўсім расказваць, як яе чалавек ноччу выйшаў на падворак пакурыць, як на свае вочы ўбачыў там трох... вядзьмарак. З'явіліся яны раптам, немаведама адкуль... Усе тры былі з доўгімі распушчанымі валасамі, абсалютна... голыя... Ішлі, маўляў, на вуліцу, на вёску, а варта было дзеду азвацца — іх нібы ветрам садзьмула, — растварыліся!

Гэту навіну жанчыны абмяркоўвалі ўвесь дзень. Гаварылі, што перад Купаллем часта, маўляў, вылазіць розная нечысць, каб шкоды нарабіць, каб на скаціну псоту навесці...

Мы, юныя камсамолкі, слухалі ўсё гэта ды ціхенька смяяліся: праўды анікому не сказалі. Хіба што Зіне...
І гадоў праз дваццаць, але тады ўжо — ва ўсіх падрабязнасцях!

— Ну малпы, ну клоўны! — усклікнула яна, зарагатаўшы. — Ваня правільна зрабіў, што вам «душ» наладзіў.

...Прайшлі дзесяцігоддзі, і з той слаўнай чацвёркі сябровак засталося толькі двое. Абедзве яны, хоць жывуць вельмі далёка адна ад адной, цудоўна помняць той вечар і, дарэчы, кінастужку, якую «круцілі» перад танцамі. Называлася яна «Дзікая Бара». Здаецца, чэшская? Паглядзець бы яе зараз.

Н. К., г. Петрыкаў


Не вучы вучонага...

Гэта трагікамічная гісторыя адбылася некалі з нашым супрацоўнікам.

Раніцай, значыць, заходзіць ён у кабінет, здымае шапку, і мы, можна сказаць, нямеем ад здзіўлення: вечарам з работы сыходзіў чалавек жывы-здаровы, а тут — галава пластырам залеплена, вока падбітае... Пачынаем распытваць, што ж адбылося, а ён...

Не хацеў успамінаць, але ж мы не адступіліся і пачулі, што напярэдадні вечарам выйшаў ён у парк сабачку выгуляць, і да іх, як гэта здараецца, падышлі трое падшыванцаў, папрасілі закурыць. «Вы ж ведаеце, — расказваў Пятровіч, — я не курэц, іншым таксама рукі паадбіваў бы... Тым болей — дзецям... Пра гэта ім і кажу... Самы цыбаты з хлопцаў у крыўду: маўляў, павучы вучонага... І ў вуха мне... Ледзь на нагах устаяў. А тыя засмяяліся ды далей пайшлі — можа, да іншых чапляцца...

І з-за гэтага мяне такая злосць узяла... Па баках вачыма стрэліў, бачу — абрэзак нейкай трубы ляжыць. Ну, думаю, пачакайце: я вам дам закурыць — ды так, што аж дым з вушэй вашых пойдзе! Не, біць той жалязякай я іх не збіраўся, толькі папужаць. Вось і крыкнуў услед: «Эй, паршыўцы, ідзіце сюды!». Яны — бачу — развярнуліся, памалу ідуць... Я нахіліўся жалязяку тую падняць, а яна да зямлі прымерзла. Я нагой па ёй — тыц, тыц... Ды дзе там? нават з месца не скрануў. Ну і атрымаў...

Як той казаў: курыць, значыць, здароўю шкодзіць.

Не курыць, здараецца, таксама.

Віталь Жураўскі, г. Жодзіна


А куфрык проста адчыняўся

Быў у мяне добры сябар — Андрэевіч. Старшынёй сельскага Савета служыў. Ото ж чалавек! Заўсёды ветлівы, заўсёды ўважлівы. Хоць бы каго пакрыўдзіў калі, хоць бы каму нахаміў! Не, ні разу! А ўжо што за гаспадар: дома ўсё чыста мог парабіць! Іншым таксама ад душы памагаў, прычым задарма... І з гумарам быў, шмат гісторый розных ведаў (дарэчы, для «Провада...» не адзін сюжэт мне «падкінуў», бо сам жа выпісваў «Звязду»), любіў пачытаць, пажартаваць — і з сябе таксама. Калі хто дзівіўся, напрыклад, як добра ў яго ладзіцца нейкая справа, заўсёды казаў: «Ну што ж: хоць х...кі, ды мужычок». А сам быў відны мужчына: калі з войска вярнуўся (на флоце служыў), дык за яго бесказыркай дзеўкі табунамі насіліся...

Хоць у гэтым ягоным жарце наконт мужычка, можна сказаць, і жарту няма — чыстая праўда, бо без яго ды яшчэ і на вёсцы — ну ніяк. Вось бегае нейкая кабета ды разумнічае, ды фарсіць — я ды я... Пакуль за мужам. А застанецца адна — і, як той казаў, на сабаку не вартая. Бо «мужычок» — ён жа нейкага жалеззя ў двор нацягне, рознага рыштунку наробіць, можа, нават трактарок «зварганіць», дроў дармавых нарыхтуе, плот паставіць ці паправіць, гарод узарэ... Гэта ўсё — як быццам так і трэба: зрабіў і зрабіў. Жонка, можна сказаць, «не бачыць», а таму і не цэніць, пакуль...

У Тані, сяброўкі (яна, праўда, у горадзе, у Жлобіне жыве), мужа ўвосень не стала. Любімы быў, паважаны. Па справах гаспадаркі, праўда, не такі, як Андрэевіч, але ж мужчына. Таму страта для сям'і была горам вялікім.

А пасля яе — проста «парад» розных непрыемнасцяў: то ў хуткім часе карніз ад сцяны адваліўся, то кран у кухні сарвала, то з разеткі іскрамі абсыпала...

Іншымі словамі — поўная безабароннасць! Гэта значыць, хочаш нешта зрабіць, — шукай спецыяліста. І ўжо ён спачатку раскажа табе, як гэта цяжка і складана, потым платы просіць, як цыган за бацьку, а нарэшце зробіць — абы з рук: не так, як муж, на якога, дарэчы, і пакрычаць яшчэ можна...

Але ж гэта — прыказка, «казка» — наперадзе.

Да ўсіх іншых непрыемнасцяў у Тані дадалася яшчэ адна. Яна ў падвал не магла патрапіць: ключ у замок устаўляецца, але не пракручваецца і ўсё тут: нешта, відаць, саржавела.

Таня пра гэта зяцю расказала. Ведала: той вельмі разумны (праграмістам працуе), а значыць, прыедзе і тыя дзверы абавязкова адамкне!

Госць і сапраўды прыехаў, прычым загадзя падрыхтаваўшыся: нейкіх наварочаных інструментаў з сабою прывёз, нейкіх змазак у краме прыдбаў, але...

Што ні рабіў ён з тым замком і тым ключом, што цешча ўручыла, — усё было марна!..

А ў іх жа, у праграмістаў, любімае слова — «узламаць». Вось ён і выдаў, што трэба, маўляў: без гэтага дзверы не адчыніш...

«Ну добра, — сама сабе думае цешча, — узломім, а хто потым паставіць? І ў што гэта ўрэшце выльецца?»

Вырашыла не спяшацца. Пазваніла мне. Спытала: «Можа б твой Валянцін замок паглядзеў?»

Што ёсць, тое ёсць. Валянцін (гэта пляменнік мой) і сапраўды, як той Андрэевіч, усё ўмее і ўсё ведае. (Мне, бывае, раптам думка нейкая прыйдзе... І гэтак жа раптам пойдзе... То я і пытаюся: ты, маўляў, не ведаеш, што я думала? А ён, як высвятляецца, ведае! Проста дзіва нейкае!)

Так што селі мы неяк раз у машыну і паехалі да сяброўкі. Яны з Валянцінам адразу ж за справу, то-бок за ключ і ў падвал, а я — на шопінг, у краму, што цераз вуліцу.

Не паспела там толкам разгледзецца ды прыцаніцца, як побач з'яўляецца... пляменнік. Пытаюся: ну як там праблема з замком?

— Ды няма, — кажа, — ніякай праблемы: іншы ключ са звязкі ўзяў ды  адамкнуў.

Ну хіба ж гэта — не цырк?! Да яго нават праграміст не дадумаўся, што ўжо казаць пра сяброўку. Яна — пры мужу — у той падвал, можа, і не хадзіла ні разу. А калі прыйшлося, разважыла цалкам лагічна: замок на дзвярах вялікі, — значыць і ключ патрэбен такі ж, найбольшы са звязкі (а трэ было — трохі меншы)...

Карацей, мы не дарэмна з'ездзілі — адчынілі дзверы, без ніякага ўзлому. А Валянцін дык яшчэ і Андрэевіча ўспомніў: «Ну што ж, маўляў, хоць х...кі, ды мужычок»...

Дай бог ім усім здароўя!

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж і яшчэ раз: «Калі нейкая з гісторый вам спадабалася, прымусіла ўсміхнуцца ці нават засмяяцца, не скупіцеся — падзяліцеся гэтай усмешкай з іншымі: перадайце газету суседу, супрацоўніку, знаёмцу, і тады «Звязда» (чым чорт не жартуе...) знойдзе новых падпісчыкаў, а то і аўтараў.

Не хочаце перадаваць? Што ж — гэта па-нашаму. Тады пакладзіце нумар у нейкую шуфляду. Потым, калі раптам стане маркотна, дастанеце і пачытаеце: словы — гэта праверана — па-ранейшаму лечаць. Ад нуды — гарантыя.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.