Вы тут

У Вялікім тэатры прадставілі аперэту «Лятучая мыш»


Вялікі падман элітарнага свету: «Лятучая мыш», якую не чакалі.

Князь-мецэнат прагне задавальненняў. Пра помсту марыць злапамятны адвакат, які пабываў аднойчы на балі ў касцюме Лятучай мышы і потым раніцой ішоў праз увесь горад з-за таго, што сябра яго пакінуў. Сябра-банкір шукае любоўных прыгод, нягледзячы на тое, што ёсць жонка. Ды і яна не супраць прыняць дома закаханага юнака, пакуль няма мужа... Гэта бліскучая Вена, спадарства! Штраус пісаў сваю аперэту «Лятучая мыш», ведаючы элітны свет знутры: норавы знатных ды заможных асоб могуць шакаваць цынізмам. Ды няўжо?!


Усяго нейкія паўтара стагоддзя — і акалічнасці справы Генрыха фон Айзенштайна падаюцца мілай прыгодай (у параўнанні з тым, што чуе і бачыць штодня сучасны чалавек з адкрытых крыніц), не вартай асаблівай размовы. Ну, хіба што аперэты...

Яе чакалі аматары Вялікага тэатра Беларусі з пачатку сезона, калі прэм'ера толькі анансавалася. А тыя, хто ходзіць у Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі больш за паўвека, маглі чакаць новую пастаноўку, каб параўнаць спектаклі сярэдзіны мінулага стагоддзя і пачатку ХХІ, — і мелі падставу ўзрадавацца таму, што рэінкарнацыя магчымая (што само па сабе ўжо добрая навіна). Сапраўды, «Лятучая мыш» ішла на гэтай сцэне ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Але тады ў Беларусі яшчэ не было дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, які ўзяў на сябе пастаноўкі ў гэтым жанры, пакінуўшы Вялікаму больш элітную музыку высокага стылю — оперы і балеты. Але як музычнаму тэатру захацелася выйсці за межы, і там сталі з'яўляцца, напрыклад, балеты, так цяпер і оперны, здаецца, вырашыў своеасаблівым чынам паспрачацца з музычным. З пункту гледжання аматара тэатра ў гэтым была нават інтрыга, бо калі тут бяруцца за «класіка жанру» Іагана Штрауса, то гэта павінна быць такая пастаноўка, каб ні ў кога не ўзнікала пытанняў: а навошта гэта трэба нашаму Вялікаму?

Гэтае пытанне засталося пасля прагляду спектакля, у якім нечакана спраўдзіліся ўсе звычайныя чаканні, з якімі звязваецца ў свядомасці як сам «лёгкі жанр», так і яго існаванне ў Беларусі. Бо тая ж «Лятучая мыш» у Вялікім тэатры Расіі гадоў дзесяць таму ўсё-такі паспрабавала вырвацца з класічнай мышалоўкі і прапанавала іншы погляд на жыццё эліты, якая патанае (сцэнографам таго «Тытаніка», дарэчы, быў наш Зіновій Марголін). Праўда, рабіць інтэрпрэтацыю заўсёды больш рызыкоўна, чым прапанаваць класічны варыянт, і там у выніку засталося пытанне: навошта?..

І калі ўжо пасля скандалаў вакол пастаноўкі ў расійскім Вялікім наш тэатр узяўся за гэтую работу, прыцягнуўшы замежную каманду пастаноўшчыкаў, то думалася, што варта чакаць калі і не разрыву шаблону, то хоць бы парушэння звыклага ўяўлення пра аперэту (у тым варыянце, што даступны айчыннаму гледачу), уяўлення пра жанр, які асацыюецца з легкадумнасцю, бесклапотным і ненапружным баўленнем часу.

Калі хто чакае (ці баіцца) высокадумнай інтэрпрэтацыі, то можна расслабіцца: яе няма. Ёсць класічная аперэта, вырашаная ў класічным падыходзе. Рэжысёр-пастаноўшчык з Венгрыі Міклаш Габар Керэньі, звярнуўшыся да першакрыніцы, пайшоў зададзеным Штраусам шляхам. А дзеля чаго, калі не дзеля хітовай музыкі яшчэ ставяць «Лятучую мыш»? Наўрад ці дзеля інтрыг ды жарсцяў вакол сужэнскай здрады, пра што спяваюць і гавораць героі, — гэта ўсё цяпер даступна дзякуючы танным тэлесерыялам, і нават не трэба нікуды хадзіць за грошы.

Гавораць тут шмат (часам занадта). Але з драматычнымі задачамі артысты оперы спраўляюцца (не горш за артыстаў музычнага тэатра), часам падаецца, што яны вельмі захопленыя ігрой на сцэне паводле задумы рэжысёра: трэба выйсці негліжэ — можам, трэба сесці ў ванну — не пытанне, трэба бегаць уверх-уніз па прыступках — зроблена. Праўда, яны яшчэ і спяваюць, імкнучыся трымаць планку выканальніцкага майстэрства, як гэта робіць народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна — яе Разалінда гарэзлівая, ганарлівая і кемлівая. Іх дуэт з Аляксандрам Гелахам (выканаўца ролі закаханага Альфрэда) гучаў даволі рамантычна, але думкі пра пачуцці калі і ўзніклі, то ненадоўга. Бо тут жа на сцэне з'явілася «падтанцоўка» — дзяўчаты ў шорціках і панчохах у сетачку (згодна са стэрэатыпамі жанру). Гэтая падтанцоўка (няўжо без яе легкадумнасць герояў невідавочная?) будзе шмат дзе — і дома ў Айзенштайнаў, і на балі ў князя Арлоўскага. Гэта яшчэ адзін цікавы персанаж: з голасам мецца-сапрана (Кацярына Міхнавец) — ох, гэтыя рускія мецэнаты, якія калісьці скаралі Еўропу... Але ў нейкі момант князь паказваецца ў сукенцы. Рускі князь — вялікі арыгінал і ў тым, як ладзіць баль. Відаць, уяўленне сучасных еўрапейцаў пра магчымыя балі рускіх мецэнатаў непахіснае. Разалінда ў чырвонай сукенцы ды яе муж (Васіль Мінгалёў) для нас — фактычна героі задуманага рэаліці-шоу. Але ў якасці масоўкі на гэтым балі пастановачная група прапанавала балетных мышак ды... мядзведзяў — стэрэатып, які, здавалася б, у ХХІ стагоддзі ўжо трэба забыць. Але артысты з галовамі мядзведзяў зрабілі мой вечар: не, ну на дзіва арыгінальнае рэжысёрскае рашэнне, рэальна «аперэтачнае». Пасля гэтых персанажаў нічога асаблівага чакаць не выпадала, бо ўсё было зразумела, усё ўжо здарылася. І нават венгерскі нумар Разалінды з дзяўчатамі ў фальклорных строях з блакітнымі арнаментамі (якія больш падобныя не на яркія венгерскія, а на стрыманыя беларускія) не здолеў перакрыць папярэдняе ўражанне ад духу на гэтым балі, зладжаным «па-багатаму».

Для таго каб перадаць бляск і маральную нікчэмнасць вечарынак для заможных асоб, зроблена канструкцыя, якая круціцца і стварае ўражанне вялікага палаца (мастак-сцэнограф Тамаш Ракаі), адпаведна і строі герояў павінны былі працаваць на гэта (мастак па касцюмах Агнеш Ева Дзермаці): усё-такі эліта гуляе, прычым венская, да якой належаць банкіры Айзенштайны. Але ў добры густ Разалінды, якая можа дазволіць сабе ўсё самае лепшае, чамусьці не верыцца пасля таго, як яна называе прыгожай стракатую сукенку, у якой потым паедзе на баль яе служанка Адэль (пры тым, што сама Разалінда яе замаўляла не для балю і наогул туды першапачаткова не збіралася). Зрэшты, падазраю, што знойдуцца і тыя, хто пагодзіцца з гераіняй і назаве яе густ элітным, а саму гісторыю ўспрыме як забаўны розыгрыш.

Верагодна, на іх і разлічаны спектакль, які атрымаўся эклектычным і прадказальным (я цяпер не пра сюжэт, які і так даволі добра вядомы). Дык навошта тады? Магчыма, каб тэатр прыцягнуў новую для сябе публіку — тую, якая ніколі не была ў Вялікім і баіцца, што можа не зразумець такіх мастацтваў, як опера ці балет. У той час як аперэта асаблівага разумення не патрабуе, дыялогі чаргуюцца са спевамі, ды і музыка дае адчуванне, што нібыта ты сам пабываў на балі (калі проста слухаць нумары). Але той варыянт «Лятучай мышы», што прапанавала пастановачная група з Венгрыі, разлічаны хутчэй на немаладых людзей, якія разумеюць, што такое тэатр оперы і балета, і калі з'яўляюцца яго гледачамі, то робяць гэта свядома.

Такая пастаноўка магла з'явіцца і 50, і 100 гадоў таму, і цяпер я не пра тэхнічныя магчымасці сцэны, якая добра круціцца, а пра сам падыход да ўвасаблення матэрыялу. Адкрыцця наконт магчымага развіцця жанру аперэты ў наш час не адбылося. Напэўна, не вельмі і патрабавалася. Таму што калі разлік выключна на «касу», то ўсе папярэднія пытанні здымаюцца адразу. Тут калі больш эклектычна, ярка і страката, тым проста больш. Як бы падыход да жыцця цынічнай эліты з «Лятучай мышы», норавы якой мы нібыта развенчваем, не апынуўся заразным, ды тэатр не патрапіў у пастку...

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Мышалоўка

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.